Даўжнік расплачваецца сваёй маёмасцю

Калі хтосьці лічыць, што знаходзіцца па-за ўвагай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Лепельскім раёне, ён глыбока памыляецца. Супрацоўнікі ўстановы ўважліва аналізуюць матэрыяльны стан жыхароў горада і раёна, у тым ліку ў сувязі з наяўнасцю або адсутнасцю месца працы, фіксуюць факты значнага перавышэння расходаў над даходамі і прымаюць рашэнне аб мэтазгоднасці або немэтазгоднасці запатрабавання дэкларацый.
— Толькі за першы квартал бягучага года запатрабаваны дэкларацыі аб даходах і маёмасці ў 41 фізічнай асобы і праверана 19 дэкларацый, — адзначыла галоўны дзяржаўны падатковы інспектар інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь па Лепельскім раёне Кацярына Салюк. — Устаноўлены перавышэнні расходаў над даходамі ў 13 фізічных асоб, прад’яўлены да аплаты 89,4 мільёна рублёў, з іх 88,3 мільёна падаткаў.
— Ці кантралююцца буйныя расходы асобных грамадзян?
— Па выніках кантрольных мерапрыемстваў запатрабаваны дэкларацыі аб даходах і маёмасці ў 34 фізічных асоб, якімі былі панесены буйныя расходы пры здзелках, у тым ліку на набыццё транспартных сродкаў — у васьмі чалавек, нерухомай маёмасці — у чатырнаццаці.
— А калі прывесці канкрэтныя прыклады…
— У выніку праверкі дэкларацыі аб даходах і маёмасці грамадзянкі Р., запатрабаванай на падставе звестак аб зробленых ёю буйных расходах на набыццё нерухомай маёмасці, выяўлена перавышэнне расходаў над атрыманымі даходамі на 42 мільёны 373,3 тысячы рублёў, даналічаны падаткі ў памеры дзевяць мільёнаў 297,3 тысячы рублёў, у тым ліку падаходны падатак — шэсць мільёнаў 779,8 тысячы рублёў, адзіны падатак — два мільёны 517,5 тысячы рублёў. Даналічаныя сумы ў поўным аб’ёме паступілі ў бюджэт.
Пры праверцы дэкларацыі аб даходах і маёмасці грамадзяніна С., у адносінах якога ў падатковым органе адсутнічалі звесткі аб даходах, было ўстаноўлена перавышэнне расходаў над атрыманымі даходамі ў памеры 119 мільёнаў 952,2 тысячы рублёў і таму яму быў даналічаны падаходны падатак у памеры 19 мільёнаў 192,4 тысячы рублёў, які ўжо заплачаны ў бюджэт.
— Што адбываецца, калі даўжнік своечасова не разлічваецца з бюджэтам?
— У выніку праверкі дэкларацыі аб даходах і маёмасці грамадзянкі Г. было выяўлена перавышэнне расходаў над даходамі ў памеры 220 мільёнаў 893,6 тысячы рублёў, даналічаны падаходны падатак на 26 мільёнаў 317,1 тысячы рублёў. Па тэрміне аплаты 18 студзеня 2016 года яна дапусціла запазычанасць перад бюджэтам на гэтую сумму. Таму ў адносінах грамадзянкі Г. быў зроблены выканаўчы надпіс, матэрыялы накіраваны ў аддзел прымусовага выканання Лепельскага раёна. На 1 красавіка 2016 года заплачана ў бюджэт падаходнага падатку адзін мільён рублёў. Накладзены арышт на кватэру, накіравана хадайніцтва аб абмежаванні права выезду з Рэспублікі Беларусь.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>