“Атрымаўшы паведамленне аб аплаце камунальных паслуг, не змог стрымаць абурэння», — пачаў сваё пісьмо ў рэдакцыю наш чытач, жыхар вёскі Заслонава Міхаіл Косаў

zhirovka_06_12 “Атрымаўшы паведамленне аб аплаце камунальных паслуг, не змог стрымаць абурэння, — пачаў сваё пісьмо ў рэдакцыю наш чытач, жыхар вёскі Заслонава Міхаіл Косаў. — Такі рост кошту жыллёва-камунальных паслуг, вядома, аказвае дрэнны ўплыў на дабрабыт людзей.
Уважліва чытаю жыроўку — і не магу знайсці адказы на шэраг пытанняў. Як адзначаюць прадстаўнікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, асвятленне і санітарная ўборка дапаможных памяшканняў выдзелены з графы “Тэхнічнае абслугоўванне” ў асобныя графы, што і зроблена ў жыроўках. Разам з тым кошт тэхнічнага абслугоўвання не зменшыўся, а, наадварот, павысіўся.
Што датычыцца санітарнай уборкі дапаможных памяшканняў, тут праблема не менш актуальная. Калі работнікі жыллёва-камунальнай службы праводзілі ўборку ў першым пад’ездзе дома №538, ды і ў многіх іншых пад’ездах, жыхары не памятаюць. У асноўным самі падмяталі. Вільготная ўборка праводзілася невядома калі і ці праводзілася наогул. Вокны ж не мыліся, напэўна, са дня ўводу ў эксплуатацыю, звісае павуцінне. У любым выпадку ў студзені і лютым бягучага года ўборка не вялася. Разам з тым КУВП “Бароўка” ў жыроўкі была ўключана аплата за ўборку пад’езда ў студзені бягучага года ў сярэднім па 30 — 50 тысяч рублёў з кватэры. Якім чынам залежыць аб’ём кватэры ад плошчы пад’езда і як вядзецца ўлік уборкі пад’ездаў у КУВП “Бароўка”? Не зразумела таксама, па якіх даных вядзецца разлік кошту ўборкі дапаможных памяшканняў.
У вёсцы Заслонава налічваецца васямнаццаць пяціпавярховых дамоў, але праццуе ўсяго толькі дзве прыбіральшчыцы. Узнікае пытанне: “Наколькі магчыма двум работнікам якасна зрабіць уборку ўсіх пад’ездаў хаця б адзін раз за тыдзень, па якіх нарматывах разлічаны такі штат прыбіральшчыц?”
На адваротным баку жыроўкі КУВП “Бароўка” інфармуе жыхароў аб парадку прадастаўлення паслугі. Так, калі жыхары вырашылі рабіць уборку пад’езда самастойна, але пры гэтым яна не ажыццяўляецца, пад’езд не будзе пакінуты няўбраным — санітарны стан дапаможных памяшканняў будзе кантралявацца ДУ “Лепельскі раённы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” або КУВП “Бароўка”. Аднак чаму да цяперашняга часу ні санітарнай, ні жыллёва-камунальнай службамі ніколі не праводзіліся праверкі?
Не зразумелая таксама графа “Кіраўніцкія выдаткі”. У лістападзе мінулага года яны павялічыліся на 12,4 працэнта, а ў студзені 2016-га — на 22,4. Хацелася б даведацца, што гэта за расходы. Да таго ж яны адны з самых дарагіх, якія аплачваюць жыхары.
Не лепш у вёсцы абстаяць справы з водазабеспячэннем. Акрамя таго, што вада мае своеасаблівы пах, пасля двух-трох кіпячэнняў адмыць чайнік можна толькі пры дапамозе воцату. Часта вада мае карычневы колер. Хіба магчыма за такую ваду браць плату, не кажучы пра яе стапрацэнтны кошт? Такую ваду можна выкарыстоўваць толькі ў прыбіральнях. Калі ж у змыўным бачку падцякае клапан, то праз дзве-тры гадзіны бачна, дзе цячэ вада. Вельмі добра, што ў вёсцы ёсць дзве крыніцы. Да іх збіраюцца нават чэргі. Няўжо ў такіх населеных пунктах, як Заслонава, з такой колькасцю жыхароў, ніхто не кантралюе якасць вады, а калі кантралюе, то якім чынам?”
* * *
На пісьмо нашага чытача адказвае дырэктар КУВП “Бароўка” Уладзімір Аксяновіч:
“З першага студзеня 2016 года пунктам 1.5 Указа №535 выдзелена ў асобную паслугу “санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў”. Пад гэтым трэба разумець комплекс паслуг па санітарнай апрацоўцы (уборцы) дапаможных памяшканняў жылога дома.
Выдаткі на электраэнергію, якая спажываецца на асвятленне дапаможных памяшканняў жылога дома да ўступлення ў сілу Указа №535 (гэта значыць, да першага студзеня 2016 года) не ўключаліся ў тэхнічнае абслугоўванне, а згодна з п.1.4 вышэйназванага дакумента падлягаюць кампенсацыі грамадзянамі з першага студзеня 2016 года.
У кампетэнцыю КУВП “Бароўка” не ўваходзіць фарміраванне тарыфу на тэхнічнае абслугоўванне. Гэты тарыф пацвярджаецца рашэннем Віцебскага аблвыканкама і складае 994,9 рубля за адзін квадратны метр (дзейнічае з першага снежня 2015 года згодна з Рашэннем Віцебскага аблвыканкама ад 16 лістапада 2015 года №719). У той жа час тарыф на паслугу па санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў не з’яўляецца тым, які рэгулюецца, патрабуе ўзгаднення ў вышэйстаячых органах і алачваецца насельніцтвам па выдатках, якія фактычна склаліся.
У студзені 2016 года ўборка пад’езда праводзілася згодна з графікам з улікам мінімальнага пераліку работ і перыядычнасці іх выканання, устаноўленымі Пастановай №12. Факт аказання паслугі пацвярджаецца службовай запіскай рабочага па комплекснай уборцы і ўтрыманні домаўладанняў. У той жа час, улічваючы спрэчныя пытанні па ўборцы пад’езда, з лютага 2016 года факты выканання работ па ўборцы пацвярджаюцца подпісам аднаго з паўналетніх грамадзян. Налічэнне аплаты ў студзені 2016 года за гэту паслугу праводзілася, зыходзячы з агульнай плошчы жылога памяшкання і тарыфу за адзін квадратны метр (61,3 квадратнага метра х 769 рублёў = 47139,7 рубля).
Расходы па асвятленні дапаможных памяшканняў дома кампенсуюцца грамадзянамі згодна з паказаннямі электралічыльніка, які вядзе ўлік спажывання электраэнергіі на ўсе дапаможныя памяшканні. У студзені бягучага года расход электраэнергіі на жылы дом №538, у якім пражывае грамадзянін М.Косаў, складае 444 кВт. Кошт аднаго Кілавата складае 990 рублёў. Улічваючы плошчу жылога памяшкання, якое займае М.Косаў (61,3 квадратнага метра), сума кампенсацыі складае 9335,7 рубля. Згодна з п.1.4 Указа №535 гэтыя расходы “кампенсуюцца штомесяц спажыўцамі суразмерна з агульнай плошчай жылых памяшканняў, якія ім належаць або займаюцца”.
На адваротным баку паведамлення былі дадзены растлумачэнні (цытаты) ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі (інтэрнэт-партал камунальнай пісьменнасці, http://gkx.by/).
У цяперашні час спецыялісты КУВП “Бароўка” пастаянна інфармуюць грамадзян па пытанні магчымага адмаўлення ад паслугі па санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў жылога дома, якое аказваецца КУВП “Бароўка”.
У другой палове квітанцыі грамадзянам прадастаўляецца ўся расшыфроўка фактычных затрат па тэхнічным абслугоўванні дома, якія нясе прадпрыемства для забеспячэння, падтрымання ў спраўным і працаздольным стане, функцыянавання інжынерных сістэм, абсталявання і г.д. Гэта інфармацыя прадастаўляецца грамадзянам для звестак, гэта значыць, празрыстасці дзейнасці.
Інфармацыя па кампенсацыі расходаў дзяржавай і грамадзянінам маецца ў правым верхнім ражку квітанцыі. Так, у гр. М.П.Косава дзяржава кампенсуе 83,45 працэнта, а сам грамадзянін кампенсуе 16,55 працэта (у студзені 2016 года).
У той жа час, прымаючы да ўвагі выступленні ў СМІ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у лютым 2016 года будуць праведзены карэкціроўкі па налічэнні платы за жыллёва-камунальныя паслугі і карыстанне жылым памяшканнем за студзень 2016 года.
На прадпрыемстве маюцца папярэднія рэкамендацыі па пераразліку платы за паслугу па санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў жылога дома і кампенсацыі затрат па электраэнергіі. Гэтыя налічэнні будуць ажыццяўляцца, зыходзячы з зарэгістраваных грамадзян, якія пражываюць у жылым памяшканні.
Наконт якасці вады трэба паведаміць наступнае. Гэта пытанне пастаянна кантралюецца спецыялістамі прадпрыемства (водаканалізацыйным участкам), а таксама ДУ “Лепельскі раённы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”. У адпаведнасці з графікам вядзецца адбор проб, адпаведнымі службамі робяцца аналізы вады. Па выніках аналізаў якасць вады адпавядае нормам СанПіН 10-124 Рэспублікі Беларусь “Пітная вада і водазабеспячэнне населеных месцаў”, за выключэннем паказчыка па ўтрыманні жалеза.
Для вырашэння гэтай праблемы і паляпшэння якасці вады КУВП “Бароўка” неаднаразова звярталася ў вышэйстаячыя інстанцыі для ўключэння ў праграму фінансавання па будаўніцтве станцыі абезжалезвання. У цяперашні час гэта пытанне застаецца адкрытым”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>