Ваеннаслужачых запасу з Лепеля чарговы раз прызвалі на ваенныя зборы. Служыць трэба будзе 35 дзён

IMG_9079 - М - 8У Заслонаве на базе 19-ай асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады праводзяцца зборы для ваеннаслужачых запасу, у якіх удзельнічаюць больш за 50 запаснікоў з Лепельшчыны.

Іх прызыў, а таксама вучэбнае разгортванне пункта папярэдняга збору ваеннаабавязаных праходзілі ў раённым Доме культуры.

У залах між тым кіпела дзейнасць, людзей прымалі, правяралі дакументы, сарціравалі па ваенна-ўліковых спецыяльнасцях, камандах. На асобным стале акуратнымі стосамі былі раскладзены ваенныя білеты. Звярнуў увагу, што сярод іх даволі шмат дакументаў часоў Савецкага Саюза.

Настрой у мужчын быў самы розны, многія, асабліва маладзейшага ўзросту, успрымалі зборы як нагоду памяняць будзённасць, вырвацца з кола “праца-дом”, успомніць часіны тэрміновай службы. Некаторыя не хавалі і раздражнёнасці, маўляў, навошта нас выцягваць з наладжанага кола жыцця? Некаторыя бедавалі, што на час збораў застануцца без заробкаў, а між тым камунальныя плацяжы, плацяжы па крэдытах трэба ўносіць своечасова. Ім прысутныя тут афіцэры растлумачвалі, што згодна з законам аб ваеннай службе, прызваным на зборы павінна давацца адтэрміноўка па аплаце крэдытаў, льготы па аплаце паслуг ЖКГ, за імі захоўваецца сярэдні заробак на прадпрыемстве, а беспрацоўным з бюджэта выплачваецца сярэдні заробак па раёне. Нягледзячы на гэта, усе ўсведамлялі, што кожны абавязаны выканаць свой абавязак па абароне Радзімы.

Не абыйшлося і без казусаў, дваіх чалавек давялося прыводзіць нараду міліцыі. Адзін потым патлумачваў, што проста забыўся, а другі не прыдаў увагі, спадзяваўся, што “абыйдзецца без яго”. Аднак закон адзіны для ўсіх.

У зале афіцэры райваенкамата даводзілі, што бягучыя зборы будуць праходзіць у Заслонаве, разлічаны на 35 дзён. На гэты час ваеннаслужачыя будуць залічаныя на ўсе віды забеспячэння.

Спытаў некаторых мужчын, з якім настроем ідуць на зборы:

Сяргей:

— Трэба – значыць трэба. Хаця, шчыра прызнаюся, асаблівай ахвоты няма, дома стаіць шмат працы, сын без мяне маці слухацца не будзе. Аднак, хто, як не мы?

Дзмітрый:

— Мы з сябрамі-аднадумцамі нядаўна пачалі рэалізоўваць адну справу, яна ўжо блізкая да завяршэння, а мяне прызываюць. Не, сябры ўжо і без мяне паспяхова завяршаць, але ж вельмі хацелася б і самому. А ў любы іншы час пайшоў бы на службу з вялікай цікавасцю, успомніў бы час сваёй тэрміновай.

Між тым пад’ехаў аўтобус. Мужчыны пастаялі яшчэ некалькі хвілін на ганку РДК, хтосьці выкурыў цыгарэту, пагрузіліся і рушылі ў бок Заслонава.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: здача і праверка дакументаў.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>