Крамы ў вёсках Лепельшчыны заўсёды лічацца крыху больш, чым проста гандлёвымі кропкамі

IMG_9048Крамы ў вёсцы заўсёды лічацца крыху больш, чым проста гандлёвымі кропкамі. Сюды прыходзяць, каб яшчэ і пагутарыць, абмяняцца навінамі. У вёсцы Камень працуюць дзве гандлёвыя кропкі раённага спажывецкага таварыства.
Першай любога, хто прыязджае ў Камень з боку Лепеля ці Віцебска, сустракае невялікая пабудова, абкладзеная белым металапрофілем. У вёсках будынкам часта даюць ёмістыя назвы, якія паказваюць мясцовы каларыт. Гэтую краму называюць крамай на прыпынку. І сапраўды, побач, на скрыжаванні, стаіць аўтобусны прыпынак. У чаканні аўтобуса можна зайсці ў магазін, каб купіць ліманад ці цукеркі, пячэнне. Гаспадарыць там Вольга Ханяк.
Асартымент тыповы: хлебабулачныя вырабы, некалькі відаў каўбас і мясных паўфабрыкатаў, макароны, мука, пячэнне, цукеркі, алей, малочныя вырабы, спіртное і цыгарэты. Апошні тавар, як і належыць па правілах гандлю, схаваны пад прылаўкам, выстаўлены толькі ліст з пералікам і цэнамі. Вольга Аляксандраўна распавядае, што часцей прадукты харчавання купляюць вяскоўцы з бліжэйшых вуліц, жыхары суседніх вёсак Парэчча, Двор Парэчча, Аўласава. Летам часта прыязджаюць дачнікі, механізатары ААТ “Ладасна”, ідучы з працы, заходзяць, каб купіць прадукты. Часта па дагаворы з сельгаспрадпрыемствам праз краму выдаецца частка заработнай платы, тады прадавец звяраецца з дасланымі спісамі.
Пад час размовы ў краму завітала Таццяна Васільеўна Жарнасек, пенсіянерка. Пакупкі тыповыя: хлеб, алей, малако, кефір, курыныя грудкі. Потым успомніла, што ўнук яшчэ заказваў цукеркі. Пасля разліку на касе жанчына прысела крыху адпачыць перад зваротнай дарогай. У размове падняла вельмі балючую для сябе тэму. У мінулым месяцы дужа падаражэла памыўка ў грамадскай лазні. Сваёй старыя не маюць, а плаціць больш за сто тысяч вельмі дорага. А ў астатнім жанчына задаволена, крама працуе, асартымент дастатковы, вось толькі каб здароўе не падводзіла.
IMG_9065Другая крама размяшчаецца ў цэнтры вёскі, у двухпавярховым будынку. Таму, натуральна, яна ў народзе называецца цэнтральнай. Некалі ў Камені ў адным з будынкаў працавалі аж дзве крамы: харчовая і прамтаварная. Аднак летась з мэтай скарачэння выдаткаў на ўтрыманне іх аб’ядналі, у харчовай аформілі аддзел прамтавараў. Па словах прадаўцоў і пакупнікоў гэта было правільным рашэннем, людзі атрымалі ўсе тавары ў адным месцы.
На момант прыходу карэспандэнта ў цэнтральнай краме працавалі загадчыца Вера Лейчанка і прадавец Валянціна Ермакова, яшчэ адна прадаўшчыца Валянціна Дацэнка была на выхадным. Валянціна Ігараўна раскладвала ў халадзільнай вітрыне малако і іншыя малочныя прадукты, а Вера Барысаўна звярала тавар па накладных дакументах.
Збольшага пакупнікі набываюць тыя ж тавары, што і ў магазіне на прыпынку. Прадаўцы звярнулі ўвагу, што дастаўка свежага хлеба ажыццяўляецца штодзённа, малако завозіцца праз дзень, каўбасы і мясапрадукты — двойчы на тыдзень.
Вясной пачынаецца сезон будаўнічых і рамонтных работ, запатрабаванымі становяцца цвікі, ДВП, шыфер, цэмент і іншыя будаўнічыя матэрыялы, якія маюцца ў наяўнасці і могуць быць прывезены пад заказ. Вяскоўцам зручней іх набываць у сваёй краме, бо тут арганізавана бясплатная дастаўка. Па словах Веры Лейчанкі, ДВП і шыфер вазілі ў Двор Парэчча і ў Парэчча. Узрастае попыт і на насенне, вяскоўцы набываюць насенне памідораў, перцаў, агуркоў, капусты.
А потым задаў жанчынам пытанне:
— Дазволіце паглядзець кнігу скаргаў?
Разгортваю, чытаю: “Кніга скаргаў, распачата 24 лістапада 2014 года”. А далей — чыста, ніводнай скаргі няма.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>