Напярэдадні восьмага сакавіка ў ТЦСАН “Святліца” ў аграгарадку Камень — прыгожая дзяўчынка Чырвоная шапачка з салодкімі падарункамі

107 Ёсць нейкая вышэйшая справядлівасць у тым, што свята жанчын адзначаюць менавіта вясной. Час адраджэння, падарункаў і цёплых слоў. Адчуваць увагу і прымаць пажаданні прыемна любой жанчыне, незалежна ад узросту і сацыяльнага становішча.

Напярэдадні восьмага сакавіка ў прасторным холе ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання састарэлых ТЦСАН “Святліца” ў аграгарадку Камень — прыгожая дзяўчынка Чырвоная шапачка з салодкімі падарункамі. Побач з ею — вялікі стэнд з прысмакамі. У госці да бабуль і дзядуль завіталі прадстаўнікі “Камунаркі”.

Перад святочным канцэртам прысутных павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак і ўручыў Грамату раённага выканаўчага камітэта загадчыцы аддзялення Алене Чувілінай. Добрага настрою дадала і песня Таісы Хацкевіч.

“Маці…” Першае слова кожнага з нас. Верш “Мама” да слёз расчуліў гледачоў. Мужчыны таксама не засталіся ўбаку — Анатоль Цялятка рассмяшыў дасціпнай байкай. Фінальную песню “Чарка на пасашок” выканалі разам з аўтарам песні Аляксандрам Балотнікам.

“Камунарка” не першы год наведвае людзей сталага веку. Работніца аддзела маркетынгу і рэкламы “Камунаркі” Алена Фёдарава:

— Гэта вельмі важны для нас сацыяльны праект. Мы прывезлі некалькі навінак. Адна з іх — цукеркі “Мяккае суфле”, якія выраблены з натуральных інгрэдыентаў.

Беларускі дыпламат Андрэй Кулажанка зазначыў:

— Сённяшняе свята — толькі адзін з элементаў падтрымкі “Святліцы”. Некалькі год запар мы аказваем дапамогу, прыцягваем спонсараў і проста неабыякавых людзей. Напрыклад, швейцарскім дабрачынным фондам We-help набыта дзве пральныя машыны Bosh. Увогуле, беларусы вельмі чуллівыя людзі. Ёсць у нас такая рыса характару. Людзі прэзентуюць кнігі, карціны. Зусім нядаўна прывёз у “Святліцу” новае адзенне і абутак. Вялікі дзякуй прадстаўнікам “Камунаркі”, якія штогод падтрымліваюць нас.

Надзея Роўда — старажыл “Святліцы”, жыве тут больш за дзесяць год. Нарадзілася ў вёсцы Ірынполле, вайну сустрэла зусім яшчэ маладой дзяўчынкай. Знаходзілася Ірынполле ў партызанскай зоне, наўкол — лясныя масівы, фашысты не рызыкавалі наведвацца. Аднак і без іх хапала бяды. Вакол лютавалі хваробы і данімаў голад. Давялося перахварэць на тыф і Надзеі Пятроўне. Дапамагаў выжываць і выратоўваў ад нястачы агарод, які садзілі ўсе разам. Перажыла вайну, вярнуўся паранены муж, які дайшоў да Берліна. Рупілася даяркай. Спачатку кароў даілі ўручную, потым — з дапамогай механічных апаратаў.

— Мы заўсёды чакаем гасцей. Вы бачыце, на канцэрт выйшлі ўсе жыхары “Святліцы”. Усе ў добрым гуморы, падпявалі спевакам, пляскалі ў далоні. Тут добра, быццам у санаторыі: сняданак, абед, вячэра… — дзеліцца жанчына.

Звярнуў увагу на адну дэталь: на дзвярах кожнага з пакояў вісіць фотакартка пастаяльца і шэраг неабходных фізічных працэдур, якія трэба рабіць для ўмацавання здароўя. З просьбай патлумачыць звярнуўся да Алены Чувілінай.

— Гэта праграма рэабілітацыі. Медыцынская сястра Жанна Капылова працуе з пажылымі людзьмі па індывідуальнай праграме. Існуе шэраг спецыяльных трэнажораў для самамасажу і дыхальнай гімнастыкі. У пакоі адпачынку — ароматэрапія, светатэрапія, музычная тэрапія. Ёсць эліптычныя трэнажоры, на якіх можна заняцца фізічнай культурай. У фітабары — смачная гарбата з розных карысных настояў і раслін.

— Хто жыве ў “Святліцы”?

 — Адзінокія грамадзяне. Кошт утрымання — восемдзесят пяць працэнтаў ад пенсіі. Працаздольныя дзеці даплачваюць да поў­нага кошту. Зараз ён складае чытыры мільёны дзвесце тысяч рублёў.

Аказваем паслугу “Дзіцячы сад для пажылых”. Дзеці альбо законныя прадстаўнікі могуць пакінуць бацькоў пад наглядам кваліфікаваных работнікаў з васьмі гадзін раніцы да сямнаццаці з пагадзіннай аплатай. З гэтага года дазваляецца пражыванне пажылых лю­дзей на перыяд нездавальняючых умоў ва ўласным доме. Таксама абсталявалі пакой павышанага камфорту. У сувязі з наяўнасцю свабодных месцаў запрашаем усіх пажылых людзей, якім патрэбна дапамога.  

— Ці карыстаюцца попытам сучасныя душавыя кабінкі?

— Безумоўна. Тым больш, што яны вельмі зручныя, абсталяваны спецыяльным зручным заездам для інвалідаў-калясачнікаў. Можна прыняць ванну з марской соллю. Летам плануем зрабіць своеасаблівую зону адпачынку — паставіць некалькі лавачак, шэзлонгаў, арэлі. Чакаем адкрыцця лазні. Працуе “хатні храм”, на Хрышчэнне асвячаў ваду айцец Уладзімір.

— Колькі зараз жыхароў у “Святліцы”?

— Сорак чатыры чалавекі. Не толькі з Лепельскага, а і з Ушацкага, Аршанскага, Чашніцкага раёнаў.

— Ні для каго не сакрэт, што працаваць з пажылымі людзьмі нялёгка. Патрэбны  асабісты падыход да кожнага…

—  У аддзяленні кругласутачнага знаходжання —  дваццаць адзін работнік. Трэба валодаць тактам, цярпеннем. Не першы год сочаць за здароўем і настроем людзей шаноўнага веку сацыяльныя работнікі Валянціна Аўтух, Вольга Пудава, Ганна Пусташыла, Аляксандра Аўтух.

Распавяла Алена Леанідаўна і пра мінчаніна, які прывозіць сродкі гігіены. Пры гэтым мужчына не афішуе сваю дзейнасць і не называе імя. Добры прыклад для пераймання.

Яўген МУДРЫ.

На здымках: урачысты момант адкрыцця мерапрыемства; Анатоль Цялятка расказвае байку.

Фота аўтара.

108

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>