Быць бы яму трэнерам… Не важна, па самба ці па дзюдо

81 Быць бы яму трэнерам… Не важна, па самба ці па дзюдо. Дзмітрый і не прыпомніць толкам, калі ж ён упершыню адчыніў дзверы да трэнера Папова. Прыйшоў туды з сябрамі за кампанію. Памятае толькі, што важыў у той час дваццаць шэсць кілаграмаў. Няцяжка ўявіць маленькага “сцяблінчатага” хлопчыка з гімназіі, можа з другога ці трэцяга класа, у якога не было нічога – ні сілы, ні мускулаў, ні нават вялікіх планаў на будучыню, — адна толькі дзіцячая цікаўнасць і крышачку спартыўных амбіцый.

А потым як пайшло, дык і паехала… Дзевяць класаў гімназіі. Школа алімпійскага рэзерву ў Наваполацку і Баравусе. Два гады Віцебскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. Чатыры – Акадэміі фізкультуры, спорту і турызму ў Смаленску… Загінайце пальцы, каб палічыць, колькі гадоў маленства і юнацтва Дзіма Жарнасек самааддана прысвяціў любімаму спорту – дзюдо і самба. Упэўнены, што вам не хопіць пальцаў аднае рукі. Ці хопіць на двух? Бо затым жа яшчэ была армія.

Служыць у мар’інагорскім спецназе накачанаму ў баявых адзінаборствах юнаку было як рэпу грызці. Паспрабаваў бы хто пакрыўдзіць – мабыць, мала не падалося б… І быць бы яму высокакваліфікаваным спартовым трэнерам з добрым досведам і вышэйшай адукацыяй. Дык не – стаў міліцыянерам.

Чаму? Пытанне ўзнікае зусім не беспадстаўнае. Не будзем крывіць душою. Пацікаўцеся, колькі сёння зарабляе спартыўны трэнер без стажу і вопыту, і параўнайце з зарплатаю хаця б нават участковага. Адказ узнікне сам сабою. А таму будзем шчырымі: фактар фінансавай стабільнасціі, матэрыяльны фактар, адыграў сваё, калі перад маладым спецыялістам паўстаў жыццёвы выбар. Тым болей, што ў міліцыю агітавалі яшчэ ў войску.

І зараз Дзмітрый Жарнасек участковы ў Бароўцы. Там жа мае службовую кватэру. А жыллё цяперашнім часам, хоць нават і службовае, хоць і для халасцяка, – таксама фактар стабільнасці. Тым больш, што ўжо пад трыццаць, і яго халасцяцтва, па ўсім відаць, заканчваецца. Маладой сям’і будзе за што зачапіцца, каб станавіцца на ногі.

Участковы інспектар. Можна сказаць, шараговец у звёнах міліцэйскай сістэмы і яе іерархіі, працаўнік-руплівец на ніве аховы правапарадку. Кожны дзень тапчы ногі ад кватэры да кватэры, ад арганізацыі да арганізацыі, складай пратаколы, пішы папярэджанні, агітуй, перасцерагай, выхоўвай…

Бароўка – спецыфічны ўчастак. На першы погляд, невялічкая, кампактная, з’яднаная адным прафесійным амплуа «вёсачка». Без двукосся тут не абыдзешся, бо ў «вёсачцы» болей за тры тысячы жыхароў і каля чвэрці сотні шматпавярховікаў. Калі не стопчаш ногі на далёкіх адлегласцях, то набегаешся па паверхах. Зрэшты, для Дзмітрыя гэта не выпрабаванне.

Бароўка. Здавалася б, усе адзін аднаго ведаюць. А якіх толькі тыпажоў не сустрэнеш. Дзмітрый распавядае, што адзін такі тып з крымінальнага асяроддзя на яго ўчастку мог бы даць фору не толькі гогалеўскаму Хлестакову, але і самому Астапу Бэндару. Апранаецца з іголачкі: касцюмчык, гальштучак навушнічкі – усё як мае быць. Заходзіць у буйныя арганізацыі, у аздараўленчыя, медыцынскія ўстановы пад выглядам правяральніка і, пакуль разбяруцца, хто такі, што і да чаго, выглядвае тым часам, што і дзе кепска ляжыць. У Мінску такім чынам «абуў» дырэктара буйной фірмы. Карыстаючыся яго замяшальніцтвам, выцягнуў кругленькую суму прама з кабінета. Трапіў за краты. Ды што яму тыя краты, калі ён ужо мо дзесяцікратны махляр-рэцыдывіст.

Летась «парадавалі» ўчастковага гастрольныя выкрадальнікі веласіпедаў, малалеткі і большыя хлопцы, дарэчы, з былога яго Горскага ўчастка, дзе па першым часе Дзмітрый працаваў. Знюхаўшыся з мясцовымі, адзін з якіх – сын паштальёнкі, раздабылі «таблетку», з дапамогаю якой адкрываюць дамафоны, і «пазычылі» пяць веласіпедаў. Тое ж самае пасля паўтарылі ў Чашніках. Неўзабаве аматараў пакатацца, а там, магчыма, і пажывіцца, на двухколавым транспарце, будуць судзіць. А разблытваць «веласіпедны клубок» давядося ўчастковаму ды калегам з крымінальнага вышуку.

Весела ў Бароўцы. Летась адна жанчына, прыраўнаваўшы каханага, акаціла суперніцу варанай бульбаю – наўпрост з газавай пліты. Пасля бажылася, што не хацела, што незнарок. А ўлетку дзеці адкацілі аўтафургон з таварамі, вадзіцель якога паленаваўся закрыць машыну ды прыхінуў ушчыльную дзверцы да сцяны. Пажывіліся канцтаварамі, набралі пячэння ды цукерак, шчодра частавалі сяброў у летніку. А яшчэ гэтая ж гоп-кампанія крыху ў іншым складзе дабіла вокны ў машыне, а пасля яшчэ і размалявала. Ну і мастакі!

Нядаўна Дзмітрыю Валер’евічу давялося стаць сапраўдным пінкертонам, каб па адзіным слядочку, пакінутым на месцы злачынства, знайсці неабачлівага злодзея. Укралі «запаску» з «фуры», якую вадзіцель пакінуў нанач у Старым Лядне. Хоць участак і не яго, ды сляды прывялі ў Бароўку. Для гэтага з занальным «операм» праверылі ўвесь мясцовы «кантынгент». Кампанія ўжо сядзела ў Слабодцы ды паспяхова «памінала» тую «запаску». Як жа! За мільён загналі аднаму гаспадарліваму чалавеку. Было чым «памянуць». Пабралі «цёпленькімі». А вось украдзены бензагенератар знайсці пакуль не ўдалося.

Такая праца ва ўчастковага інспектара – такое жыццё. Зранку – у аддзел. Атрымаеш зброю, правераць на цвярозасць, пройдзеш інструктаж, атрымаеш заданні. Калі не затрымаешся са справаздачамі, то ўжо а дзясятай раніцы спяшаешся на ўчастак. А там – на кожны дзень справы хопіць. Працуеш па заявах, правяраеш «улікоўцаў», што ўзяты на розныя формы кантролю, абыходзіш кватэры адзінокіх і пажылых людзей, пытаючыся пра іх беды і патрэбы, заходзіш і ў школу, бо на ўліку стаяць трое непаўналетніх. Па суботах разам з дружынаю ходзіш у патрулі – ля кафэ, гаражоў і іншых месцаў збору народу. Хлопцы ў дружыне надзейныя, большасцю прайшлі праз гарніла афганскай вайны. За парадкам сачыць па добрай волі падахвоціліся. Дзякуй – дапамагаюць.

Вольнага часу амаль не застаецца. А калі надарыцца – да дзяўчыны трэба збегаць, бо малады ж яшчэ, нежанаты. На спаборніцтвы з’ездзіць. Каму ж, як не яму, майстру спорту па самба, абараняць гонар роднага аддзела. Летам – дапамагчы бацькам на агародзе, падбегчы на возера з вудачкай, пахадзіць увосень па лесе баравіковым.

На лацкане ў Дзмітрыя Жарнасека красуюцца тры прыгожыя значкі. Два з іх яшчэ з мар’інагорскага спецназу, трэці заззяў летась –  узнагарода «За самаадданую службу» ІІ ступені.

Такое вось «вясёлае» жыццё ў маладога ўчастковага. А зрэшты – нармальная, звычайная прафесія…

Уладзімір МІХНО.

На здымку: участковы інспектар Дзмітрый Жарнасек.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>