Гандаль падакцызнымі таварамі на Лепельшчыне

Пра гандаль спажывецкімі падакцызнымі таварамі гутарым з начальнікам аддзела эканомікі райвыканкама Святланай Палячэнка.

— Святлана Міхайлаўна, чым выклікана асаблівая цікавасць органаў улады да гэтай групы тавараў? 

— Алкагольныя напоі і тытунёвыя вырабы акрамя іншага абкладаюцца спецыяльным падаткам, акцызам, які паступае напрамую ў бюджэт дзяржавы. Натуральна, што гэтая крыніца даходаў пастаянна знаходзіцца пад пільным кантролем. Аднак апошнім часам некаторыя гандлёвыя арганізацыі дапускаюць пратэрмінаванне ў аплаце за тавар і, натуральна, акцызу. Заўважу, што паводле бюджэтных правілаў такія парушэнні недапушчальныя. Нават спазненне на адзін-два дні можа пацягнуць за сабой строгія санкцыі. Напрыклад, адно з найбольш злосных парушэнняў — мясцовае прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства з мінулага года запазычыла ТДА “Завод “Бульбаш” 141 мільён рублёў. Іншае прадпрыемства віннае запазычыла ТАА “Гандлёвая сетка “Продмір” 30,5 мільёна рублёў за алкаголь і тытунь. Адкрытае акцыянернае таварыства “Белбакалея” пастаўляла лепельскаму прыватнаму гандлёваму ўнітарнаму прадпрыемству падакцызны тавар, пакупнік неаднаразова дапускаў запазычанасці. Праўда, гасіліся яны хутка, праз дзень-два, аднак сума ўсё ж набралася вялікая — 72 мільёны рублёў.

— Наколькі ведаю, паміж гандлёвымі арганізацыямі дзейнічаюць пагадненні аб адтэрміноўцы плацяжоў за пастаўлены тавар.

— Так, звычайна для рэалізацыі харчовых тавараў і разліку за іх даецца каля 45 дзён, калі ў дагаворах не ўказана іншае. Але ж некаторым не хапае і гэтага тэрміну, каб рэалізаваць тавар, атрымаць выручку і разлічыцца з пастаўшчыкамі, якія, у сваю чаргу, уносяць плацяжы ў бюджэт.

— Колькі сёння аб’ектаў гандлю на Лепельшчыне маюць права рэалізоўваць падакцызныя тавары?

— 25 прадпрыемстваў маюць ліцэнзіі на ажыццяўленне рознічнага продажу падакцызных тавараў — алкагольных напояў і тытунёвых вырабаў — на тэрыторыі Лепельшчыны. Сярод іх на першым месцы, безумоўна, Лепельскае раённае спажывецкае таварыства.

— Якім чынам суб’ект гандлю можа атрымаць ліцэнзію?

— Гэты дакумент выдаецца мясцовым органам дзяржаўнай улады — раённым выканаўчым камітэтам. Копія такой ліцэнзіі павінна быць вывешана ў гандлёвай кропцы, у кутку інфармацыі для пакупніка.

— Якія санкцыі прадугле­джаны для гандлёвых арганізацый, якія дапусцілі запазычанасці па аплаце за падакцызныя тавары?

— Пры дапушчэнні пратэрмінавання аплаты два разы і больш на працягу каляндарнага года райвыканкам мае права пазбавіць прадпрыемства ліцэнзіі на гандаль спіртным і тытунём тэрмі­нам на адзін год. Толькі пасля гэтага прадпрыемства можа зноў пачынаць працэдуру адкрыцця ліцэнзіі. Закон у гэтым плане строгі. Карыстаючыся выпадкам, хачу заклікаць кіраўніцтва гандлёвых прадпрыемстваў Лепельшчыны больш уважліва ставіцца да фінансавай і справаздачнай дысцыпліны, не дапускаць пратэрмінавання разлікаў за тавары і паслугі. Таксама своечасова падаваць звесткі ў Гандлёвы рэестр. Напамі­наю, туды суб’ектамі гандлю ў тэрмін да першага красавіка павін­на быць унесена інфармацыя аб рознічным і аптовым тавараабароце за 2015 год. За неўнясенне звестак, а таксама за прадастаўленне няправільнай інфармацыі ў Гандлёвы рэестр прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджання або штрафа ў памеры ад чатырох да 20 базавых велічынь.

С. БАЗЫЛЬ.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>