Скажы, Віктар, што для цябе было самым цяжкім у Афганістане?

28 — Скажы, Віктар, што для цябе было самым цяжкім у Афганістане?
Мой суразмоўца на хвіліну задумаўся:
— А… пыл на дарогах, калі ідзеш на заданне…
Прызнацца, такі адказ застаў мяне знянацку і — «абяззброіў». Можна было падумаць, што ўсё астатняе — дробязь, проста маленькі нязначны штрышок у яго біяграфіі… І тое, як яны, неабстрэленыя, ледзьве толькі злезлі з самалёта на Кабульскім аэрадроме, як пад кулі трапілі… І тое, як ён з баявымі паплечнікамі на расцяжцы падарваўся… І тое, як маці, ссівелая, бегла дарогаю напярэймы сустракаць яго з Афганістана. Вось калі б не было таго горкага пылу…
Я заўважыў, што з «афганцаў», якія вайну ведаюць не па чутках, альбо ўвогуле пра яе зацята маўчаць, і слова, бывае, не выцягнеш, альбо расказваюць, нібы гэта была такая дзіцячая забаўка. Насамрэч, мяркую, гэта ў іх такі своеасаблівы абарончы рэфлекс ад мінулага, якому б яны хацелі плюнуць у твар. Плюнуць у твар вайне і забыцца пра яе як найхутчэй. Не атрымліваецца… Надта ж едкім і задушлівым аказаўся пыл на той афганскай вайне.
Вось такі трагічны разлом у біяграфіях напаткаў хлопцаў, маіх равеснікаў, асабліва тых, хто нарадзіўся ў шасцідзясятых гадах мінулага стагоддзя. Напачатку — дзяцінства светлае, гарэзлівае, у каго — працавітае. Як вунь у Віцькі Воюша з Малога Поўсвіжа. Адзіны хлопчык у сям’і ў дзявочым акружэнні трох сясцёр, ён ужо ў пятнаццаць у саўгасе працаваў: вазіў сена, стагаваў, гарцаваў на конях спрытна вярхом, як і ўсе вясковыя падлеткі-падшыванцы.
На танцы бегаў у Большы Поўсвіж (у тых мясцінах менавіта так і завуць — не Вялікі, а Большы Поўсвіж). У школе, вядома, сяк-так вучыўся, не любіў заседжвацца за падручнікамі. Пайшоў на трактарыста ў СПТВ. Куды яшчэ мог пайсці вясковы хлопец, ні міністэрскі сынок, а дзіця палявода і рабочага леспрамгаса? Да тэхнікі ён здольны, тэхніку разумее і паважае…
І была б у яго звычайная біяграфія простага сялянскага працаўніка, калі б не той «афганскі разлом»…
Месяцы са тры пасля заканчэння вучылішча, да позняй восені восемдзесят сёмага, папрацаваў ён на МТЗ-80. Адзінаццатага лістапада згулялі адпраўкі…
Мае равеснікі добра ведаюць, што такое «каманда дваццаць «А». Трапіць у яе азначала трапіць у «загранку», а па факце на той час — у Афганістан. Ім да апошняга не гаварылі, што наўпрост на вайну, аднак логіка была простай… На Віцебск, затым на Барысаў. Пасля паўгода вучэбкі ва Узбекістане — і ў самалёт на Кабул…
* * *
Ён яшчэ ў Барысаве характар паказаў. Характарам упарты. Адмовіўся лезці грузіць капусту.
— А што мне зробяць, прысягі яшчэ не прымаў. Затое шынель выдалі доўгі, аж да пят. Няма ліха без дабра: хлопцы замерзлі ў сваіх кароценькіх, не май месяц на вуліцы, а я захутаўся доўгім шынялём — і мне цёпла, — не без гумару распавядае Віктар.
А ў вучэбцы было ўжо ўсё па-сур’ёзнаму: і палаткі, у якіх перабывалі ледзьве не да новага году, і цяжкія фізічныя нагрузкі, якіх, зрэшты, не надта баяўся загартаваны на саўгасным сенакосе хлопец.
— У самалёт нас як селядцоў у бочку набілася. Прызямліліся ў Кабуле і адразу ж стрэлы пачулі. Стараслужачыя ўжо хітрэйшыя былі, пахаваліся, а мы стаім рот разявіўшы. Ці тут ведаеш, што рабіць?
З аэрадрома — у распалажэнне. Як цяпер памятае, вайсковая частка 5184 «І» — што азначае інжынерныя войскі. Насамрэч — мінёры. Суткі-двое перакантуешся, адпачнеш — і на заданне. Іх задача — дарогу расчышчаць, вядома, не рыдлёўкаю, а мінашукальнікам.
— Прызнайся, страшна было?
— Вядома. Страху не бывае толькі ў псіхаў. Яшчэ калі не адзін ідзеш, неяк псіхалагічна лягчэй, а калі ты адзін паперадзе, а ўсе астатнія — за табою, зразумела, сэрцайка грукаецца…
— Ты бачыў смерці?
— Бачыў некалькі разоў. Прычым смерць не заўсёды бывае лагічнай. Зразумела, калі ў справе. Аднак бывалі, шчыра прызнаюся, і бязглуздыя смерці. Скажам, захочацца хлопцам дыні ці вінаграду. Пайшлі ў кішлак. Дваіх потым знайшлі з успоратымі жыватамі, набітымі гэтымі самымі дынямі і вінаградам. Мы ж для мясцовых былі «шураві». Наш 180-ы мотастралковы полк чамусьці карным называлі. Капаецца гэты душман днём на агародзе, а ўвечары ён табе вантробы выпусціць. Дык не чапай, абыдзі яго, не лезь на ражон.
— Як на вайне на ражон не лезці? Мабыць, сам не ведаеш рэцэпту абачлівасці. Бо абачлівым медалі «За адвагу» так проста не раздаюць. А ў цябе вунь ёсць.
— Дык гэта за раненне… Ды што там, дробязі. Проста лейтэнанцік у нас адзін быў, малады-гарачы, адразу пасля вучэбкі. Казаў жа яму, не лезь наперад мінашукальніка. Не, яму не цярпелася. Ну і на расцяжку напароўся. Усіх нас, хто там быў бліжэй, асколкамі…
— Граната?
— Не, міна супрацьпяхотная. Ды проста драпіны.
— Добрыя драпіны, — не вытрымала жонка Тамара, якая прыслухоўвалася да нашай гаворкі. — Пальцы вунь усе пасекла, як калекам не застаўся. Загналі на вайну дзяцей васямнаццацігадовых…
«Драпіны» ён залечваў у санчасці месяцы тры, а ўсяго пад Кабулам пабыў месяцаў з восем. Шчасце, што трапіў акурат пад вывад войск. Увесь гэты час у Малы Поўсвіж ляцелі да маці бадзёрыя лісты, маўляў, усё ў нас добра, загараем тут на сонейку.
— А па-іншаму, каб і хацеў, не напішаш, — усміхаецца Віктар, — нельга, пісьмы ж праходзяць цэнзуру.
* * *
Праўда, далучацца і ехаць «загараць» да Віктара ў Афганістан ніхто са сваякоў жадання не выказваў, апрача пяцігадовага Воўкі, пляменніка, які хоць заўтра не супраць быў бы паехаць да дзядзькі. А калі ўжо той паявіўся сам у Мінску, па дарозе дадому ўсю дзядзькаву амуніцыю зацягаў, усе значкі ды медалі перабраў.
Маці да апошняга не казалі, што сын вяртаецца. А ўсё ж дачулася, бегла дарогаю напярэймы сустракаць свайго Віцьку.
Да дэмбеля сынавага дабегла, а праз паўгода пасля яго вяртання ўсё ж не вытрымала, спынілася матчына сэрца… Сэрца афганскіх мацярок — не камень…
Даслужваў Віктар на Украіне ў горадзе Астрог.
— Якая там ужо была служба! Дэмбелю чакалі, не надта што рэагавалі на камандзірскія капрызы. Аднойчы такі капрыз ледзьве не каштаваў хлопцу вялікіх непрыемнасцяў. Віктар упарты. Ужо ідучы на дэмбель, перад нейкім там датошным афіцэрчыкам, які пораху не нюхаў, не «ўзяў пад казырок», а пасля яшчэ і «пару ласкавых» яму сказаў. Хацелі на гаўптвахту пасадзіць, пагражалі ўзнагароды адабраць.
— Я ім сказаў: “Не вы мне іх давалі і не вам іх забіраць”.
Выратаваў прапаршчык-зямляк. Схаваў Віктара ў сябе на кватэры, а праз пару дзён прама на цягнік пасадзіў…
…Пасляваенны Віктараў лёс стаў лёсам звычайнага хлебароба. Пайшоў трактарыстам у свой саўгас, гадоў у дваццаць пяць ажаніўся, узяўшы жанчыну з двума дзецьмі. Сваіх так і не займеў, затое чужыя сталі сваімі. Жыве ў Вялікім Поўсвіжы, сустракаецца па святах з «братамі па афганскім цэху». Падымаюць «франтавыя сто грамаў», прыгадваючы горкі пыл афганскіх дарог. Яны — былыя бязвусыя юнакі, бадай падлеткі, з паламанымі на «афганскім разломе» лёсамі і растрывожанай памяццю…
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Віктар Воюш.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>