Каму смешна ў Лепелі?

y_e16c27b1Стомленыя вяртаюцца людзі з працы. Застаецца перакусіць ды прылегчы, задрамаць ля тэлевізара. Логіка абывацеля. Так жыве большасць. Аднак ёсць і іншая катэгорыя людзей, у якіх свая логіка. Яны не хочаць здавацца ў палон апатыі і песімізму. Яны жывуць з гумарам, гумар дапамагае ім жыць.

 

Мы сустрэліся з адным з прадстаўнікоў гэтай кагорты людзей. Таццяна Канапелька восьмы год кіруе народным тэатрам мініяцюр “Балаган”.

— Таццяна Мікалаеўна, што за народ такі дзіўны у вашым “Балагане”? Пасля працы ідуць… жартаваць.

— Сапраўды, народ у нас незвычайны,— усміхаецца, — не кожны стане смяяцца… з сябе, тым больш пасля цяжкога працоўнага дня. Аднак гэта ў нас ужо стала звычкай. Ды і праца наша такая – смяяцца.

— І колькі гадоў ужо жартуеце?

— Дваццаць шэсць. “Балаган” быў заснаваны ў 1989 годзе, за гэты час змяніліся чатыры кіраўнікі. У розны час тэатрам кіравалі Сяргей Кухто,  Яўген Ясюкевіч, Юлія Грыдзюшка.

— Дзе выступаеце?

— На ўсіх значных культурных мерапрыемствах. Штогод да Дня гумару здаём святочную праграму. Кожныя два гады першага красавіка ездзім у Шуміліна на фестываль гумару “Смяяцца не грэх”. Летась занялі трэцяе месца. Сёлета ездзілі з гумарыстычнай праграмай “Балаганаўскае гумар-шоу” ў санаторый у Бароўку, а таксама ў “Лясное”.

— Дзе крыніцы вашага творчага натхнення?

— Крыніца – само жыццё, менавіта яно падказвае і тэмы, і вобразы. Штосьці знаходзім у інтэрнэце, штосьці самі прыдумляем. Паказваем гумарыстычныя сцэнкі, элементы пантамімы.

— А ў чым сакрэт смешнага?

— У тым, што яно трапна высмейвае рэчаіснасць і трапляе, як кажуць, прама ў цэль, закранаючы балючыя кропкі. Пастаноўка павінна захапляць з першай хвіліны і сюжэтам, і гумарам.

— Сама даўно займаецеся тэатральнай справаю? Можа, памятаеце сваю першую ролю на сцэне?

— Яшчэ ў школе хадзіла ў драмгурток. А першай маёй роллю была Мілэдзі з “Трох мушкецёраў”.

— Ці спрабавалі сябе ў драматычным жанры?

— Так, іграла і ў ваенных спектаклях, аднак лічу, што ў мяне лепей выходзяць ролі камедыйныя.

— Цікава, артысты жывуць у згодзе альбо не? Усё ж людзі творчыя, кожны – асоба.

— Здараецца, што і лятаць усё пачынае, аднак тут жа хуценька мірымся. Увогуле, уў нас пануе згода і паразуменне. І – натхненне.

— Назавіце найбольш актыўных удзельнікаў тэатра.

— У першую чаргу гэта Віталь Хватынец, самы яркі ўдзельнік, ён нядаўна атрымаў прыз за лепшае выкананне мужчынскай ролі. Таксама Юрый Белянкоў, Васіль Матырка, Юлія Грыдзюшка. Дзіма Паўлаў да нас прыязджаў са Слабодкі. Прыемна, што хлопец зараз паступіў у інстытут культуры.

— Падзяліцеся творчымі планамі.

— Вось да першага красавіка рыхтуем новую праграму “Смех у маленькім горадзе”, з якой, спадзяёмся, выступім не толькі на сцэне РДК. Увогуле, званне народнага, якое мы атрымалі яшчэ ў дзевяноста трэцім годе, да многага абавязвае. Трэба заўсёды трымаць руку на пульсе часу і – смяяцца, каб не заржавець.

Уладзімір МІХНО.

На здымку: выступае “Балаган” – на сцэне Таццяна Канапелька і Віталь Хватынец.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>