Белы амур у Шчыбаце

IMG_8534 да М - 15 Бароўка з пэўнага часу становіцца цэнтрам валанцёрскага руху, грамадскай актыўнасці ў раёне. Валанцёры дапамагаюць у працы з сацыяльнымі сіротамі, добраўпарадкаванні тэрыторыі, правядзенні святаў. З ахвотай адгукнуліся жыхары Бароўкі і на яшчэ адну ініцыятыву – зарыбіць возера Шчыбат.

Возера пачало пакрысе зацягвацца воднай расліннасцю: чаротам, водарасцямі. Для барацьбы супраць такой навалы можна прымяніць два спосабы. Першы – механічна выцягваць сеткамі, іншымі прыладамі, перыядычна прачышчаць дно. Для гэтага патрэбны найперш кваліфікаваныя спецыялісты, належнае абсталяванне, правядзенне экспертыз. Другі варыянт –– запусціць рыбу, якая б інтэнсіўна кармілася расліннасцю. Аднак перш, чым запусціць патрэбную рыбу, зноў жа патрабавалася правесці іхтыялагічныя экспертызы, скласці рыбна-біялагічныя абгрунтаванні. Гэтую справу распачала яшчэ колішняя старшыня Бароўскага сельсавета Вольга Пятрова.

Па заказе сельвыканкама навуковыя арганізацыі склалі пакет дакументаў на зарыбленне возера Шчыбат. Паводле яго, найбольш аптымальным бачыцца запуск у возера белага амура ў колькасці 760 асобін, кожная вагой не менш за 250 грамаў.

Яшчэ з раніцы старшыня Бароўскага сельсавета Валерый Кляшторны выехаў у Багушэўск, дзе ў рыбагадавальніку УП “Лёзненскае ПМС” разводзяць белага амура. У дзве спецыяльныя ёмістасці былі загружаны 124 асобіны.

У прысутнасці галоўнага спецыяліста раённайі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валерыя Масленкі, дзяржаўнага інспектара міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Леаніда Крыўца, спецыяліста райвельгасхарчу Веры Мацюш праводзіўся запуск. На падзею сабраліся і жыхары Бароўкі, якія ў той час былі вольныя ад працы ці службы. МАЗ пад’ехаў да самага ўрэзу вады, у кіроўцы акрамя стандартнага латака быў яшчэ і брызентавы рукаў, які дазваляў стварыць латак яшчэ на дзесяць метраў.

Валерый Пятровіч і Леанід Барысавіч, як бывалыя спецыялісты, адразу ўзяліся дапамагаць, прыстаўляць рукаў. Валерый Кляшторны не мог схаваць хвалявання: ці ўся рыба даехала жывой?

Адкрываецца люк – плынь рыбы і вады з шумам і плёскатам цячэ ў возера. Міжволі ўсе прысутныя звяртаюць увагу на вялікія памеры рыбін, але ж гэта – яшчэ моладзь. Калі перазімуе, калі не вылавяць браканьеры, то праз некалькі гадоў яны вырастуць яшчэ большымі. Маладая дзяўчына побач параўноўвае:

— Я важу 45 кілаграмаў, белы амур вырастае да 40 – нішто сабе!

Вось выпушчаны амуры з адной ёмістасці, прыступаюць да другой. Утварылася замінка – выпускны люк глядзіць у іншы бок. Даўжыні рукава дастаткова для выпуску рыбы ў ваду. Апошніх рыбін вадзіцель уручную перамяшчае на латак.

А побач стаялі некалькі мужчын, з выпадкова пачутай размовы зразумеў, што яны – заядлыя рыбаловы.

— Нічога сабе рыбінкі – па два з паловай кілаграмы, — эмацыйна выказваўся адзін.

— Канечне, ім жа яшчэ расці і расці, — дасведчана адказваў суразмоўца, — і вырастуць.

— Перазімаваць ім тут лацвей, — аўтарытэтна выказваўся трэці. – Глыбіні ў возеры – да 20 метраў месцамі, знойдуць яміну і перазімуюць. Травы для пракорму таксама багата. Хіба што вылавяць. Але ж белы амур на вуду не бярэцца, прывычную прынаду ігнаруе. А на браканьераў з сеткамі і іншымі забароненымі прыладамі — прародаахоўныя інспекцыі і міліцыя.

Аглядаем – усе рыбіны расплываюцца па вадзе, ні адна не ўсплыла. Валерый Кляшторны з палёгкай уздыхае – усіх давязлі, ні адна не загінула за чатыры гадзіны дарогі. Тлумачыць сваю заклапочанасць:

— Сённяшняе зарыбленне адбываецца па ініцытыве бараўчан і за людскія грошы. Так, на набыццё гэтага пасадачнага матэрыялу збіралі ўсім мірам. У разлікова-касавым цэнтры КУВП “Бароўка” павесілі аб’явы аб зборы сродкаў – хто колькі можа, на паштовым аддзяленні. Як расказвалі касіры, прыносячы аплату за камунальныя паслугі, жыхары Бароўкі, нават госці, звярталі ўвагу і ўносілі хто па 50 тысяч рублёў, а хто і па 100. Вялікую дапамогу аказаў працоўны калектыў ДУ “Лепельскі ваенны санаторый”, там, вобразна кажучы, пусцілі шапку па крузе. На добрую справу і сельвыканкам выдзеліў некаторую суму са сваіх сціплых запасаў. Вось так, усім мірам сабралі 15 мільёнаў 840 тысяч рублёў.

— Як будзе працягвацца праца далей?

— План у 760 асобін белага амура трэба выканаць. Выпушчаныя рыбіны вялікія, яны ўжо могуць прыступаць да інтэнсіўнага паядання расліннасці. У далейшым спадзяюся набываць рыбінак меншых памераў, па 250-500 грамаў. Нам гэта было б выгадней, бо, напомню, аплата бярэцца не за колькасць асобін, а за масу. Ды і фактар пераемнасці не будзем адкідваць, на месца падрослых прыходзіла б моладзь. Таму збор сродкаў не завершаны. Я ўдзячны ўсім жыхарам і гасцям Бароўкі, мы ўсе разам зрабілі першы этап вялікай, патрэбнай справы. Давайце ж не будзем на ім спыняцца.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: вось такіх “падросткаў” выпускае ў Шчыбат Леанід Крывец.

Фота аўтара.

IMG_8518да М - 15 IMG_8538 да М - 15

Essayshark for students

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>