Якім быць Лепелю па генеральным плане

Пра рэалізацыю генеральнага плана забудовы Лепеля гутарым з начальнікам аддзела будаўніцтва і архітэктуры райвыканкама Вадзімам Варганам.

 — Вадзім Алегавіч, распавядзіце пра генеральны план забудовы Лепеля. Дзе жыхарам горада можна пабачыць яго?

— Генеральны план адносіцца да асноўнай горадабудаўнічай дакументацыі, прызначаны для службовага карыстання. Аднак гараджане, асабліва калі іх цікавяць перспектывы забудовы вакол іх жылля, могуць звярнуцца ў райвыканкам, атрымаць патрэбную інфармацыю. Пры гэтым хачу заўважыць, што генплан – гэта не нешта цвёдрае, раз і назаўсёды вызначанае. Жыццё ідзе, змяняецца, і нам, каб не адстаць, даводзіцца ўносіць карэктывы. Гэта арыенцір, дэкларацыя. Пры пэўных умовах і патрэбе ў гэты дакумент уносяцца змяненні, дапаўненні, тэрміны ўзвядзення аб’ектаў могуць быць перанесены, можа змяніцца прызначэнне будынкаў, нават іх месцапалажэнне, памеры. І найчасцейшы аргумент, які дыктуе змены, — грошы.

 — Якія пункты генплана ўдалося рэалізаваць летась?

— У першую чаргу, нядрэнна адпрацавалі ў галіне жыллёвага будаўніцтва. У горадзе ўведзены ў эксплуатацыю 7437 квадратных метраў жылля, з іх 3382 -– 60-кватэрны жылы дом па вуліцы Чуйкова, 70. Яшчэ 4055 запісалі на свой рахунак індывідуальныя забудоўшчыкі.

Другі важны напрамак – інжынерныя камунікацыі, сістэмы жыццезабеспячэння. Летась у строй уведзена другая нітка водаводу, якая злучыла стайскі водазабор і гарадскую водаправодную сістэму ў раёне вытворчых кварталаў. МКК, электрамеханічны завод, хлебазавод, мікрараёны лясгаса, меліярацыі, сельгастэхнікі, раён перспектыўнай забудовы атрымалі чыстую пітную ваду.

 — Якія планы на наступны год і далей?

— Галоўны фактар, які прыдае імпульс будаўніцтву, — сродкі. І наадварот, калі грошай не хапае, будоўлю даводзіцца прыпыняць. На сёння праглядаецца фінансаванне жыллёвага будаўніцтва. Плануецца ўвядзенне ў эксплуатацыю аднаго 80-катэрнага дома і двух 38-кватэрных агульнай плошчай 8624 квадратныя метры. Спадзяюся, што і індывідуальныя забудоўшчыкі не падвядуць.

Плануецца будаўніцтва другога этапа другой чаргі рэканструкцыі гарадской водаправоднай сеткі – падключэнне да чыстай вады кварталаў за Улай – бальніцы, шпіталя, Бяленіцы, цагельнага завода. На ўсе ўпамянутыя аб’екты зарэзерваваны сродкі ў рэспубліканскім, абласным, раённым бюджэтах, адкрываюцца крэдытныя лініі ў банках, таму іх будаўніцтва забяспечана. Між тым у генплане застаецца шэраг праектаў, поўная рэалізацыя якіх пакуль што выглядае праблематычнай менавіта з-за недахопу грошай. Напрыклад, не можам пакуль што завяршыць рэканструкцыю будынка былых вінных складаў на вуліцы Савецкай, туды мяркуецца перавесці раённы краязнаўчы музей. Вельмі патрэбны гораду фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам. Распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, зроблена дзяржаўная экспертыза, аднак будаўніцтва пачынаць пакуль што няма за што. Таксама важна ўдзяляць увагу далейшаму развіццю і будаўніцтву інжынерных сетак. Патрабуецца падключэнне кварталаў за чыгункай да цэнтралізаванай каналізацыйнай сеткі. Для гэтага таксама ўжо рапрацавана дакументацыя. Гэтыя праекты сіламі будаўнічых арганізацый можна было б рэалізаваць за год-два. Тормаз адзін – не стае сродкаў.

 — Ці праяўляюць цікавасць да Лепеля прыватныя, замежныя інвестары?

— У горадзе ёсць некалькі ўчасткаў, якія выстаўлены на продаж перспектыўным інвестарам з умовамі наладжвання на іх вытворчасці, уключэння ў гаспадарчы абарот. Гэта вытворчая база былога “Прывулля”, былая нафтабаза, былы завод жалезабетонных вырабаў. Рамонтна-механічны завод, таксама гатовы да супрацоўніцтва з інвестарамі. Са свайго боку раённая ўлада гатовая забяспечыць самую поўную падтрымку і садзеянне.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>