Лепельская каманда інтэлектуальнага клуба “РА” “Ніагара” не так даўно перамагла на традыцыйным “Кубку PROвінцыі”.

582 Лепельская каманда інтэлектуальнага клуба “РА” “Ніагара” не так даўно перамагла на традыцыйным “Кубку PROвінцыі”. Так, дома дапамагаюць і сцены, аднак на інтэлектуальнай змене ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” лепяльчане маглі спадзявацца толькі на сябе. І сталі адной з мацнейшых каманд рэспублікі.

— Распарадак дня быў даволі насычаны, — дзеліцца ўражаннямі ўдзельніца каманды Насця Кавалёнак. —— Раніцай пад’ём, сняданак, заняткі. Потым абед, “ціхая” гадзіна, полудзень.

Аднак, зразумела, “ніагарскія” інтэлектуалы прыехалі не толькі адпачыць. Галоўная задача — дастойна прадставіць родны горад.

— Удзельнічала дваццаць пяць рэспубліканскіх каманд з шостага па дзявяты клас. Медалі і дыпломы разыгрывалі ў двух гульнях: “Кубак Надзеі” і “Хрустальнае Зубраня”, — падхоплівае гутарку капітан каманды Марына Кулеш. — У іх уваходзілі “Што? Дзе? Калі?”, “Свая гульня”, “Медыяазбука” і інш. Наведалі нашу змену член элітарнага клуба “Што? Дзе? Калі?” Алесь Мухін і ўдзельнік Вышэйшай лігі, двухкратны чэмпіён па “Брэйн-рынгу” Яўген Зайцаў.

Марына, з кім давялося сапернічаць?

 — У “Брэйн-рынгу” — з камандамі з Маларыты, Лагойска, Гомеля. Вышлі ў фінал. Там, на жаль, саступілі “Джэнтэльменам поспеху” з Маларыты, з якімі спаборнічалі на папярэдняй стадыі. У кожнай гульні займалі прызавыя месцы. У агульным заліку сталі прызёрамі ў “Хрустальным Зубрані” і “Кубку На­дзеі”.

Як справы з асабістымі ўзнагародамі?

 — Кожны з нас атрымаў медалі і дыпломы. Акрамя таго, Насця Шчэрбач заняла першае месца ў “Сваёй гульні”. За выдатную вучобу і добрыя паводзіны на працягу ўсёй змены ўганаравалі Артура Шушкевіча і Паліну Грыгор’еву. Усяго — адзінаццаць чалавек, а ў лагеры адпачывала больш за шэсцьсот…

Што яшчэ цікавага было?

— Нам зладзілі цікавую экскурсію на хутар-музей, дзе пачаставалі смачнымі блінамі. Працавалі таксама аб’яднанні па інтарэсах “Пап’е-машэ”, “Бацік”, “Квілінг”, “Танцы”, “Вырабы са скуры” і інш. Праходзілі вельмі цікавыя конкурсы, “КВЗ”, “Вечарына важатых”, выступленні фокуснікаў. Дваццаць адзін дзень доўжылася лагерная змена. Напрыканцы вельмі не хацелася пакідаць “Зубраня”.

Сама Марына — уладальніца жоўтага пояса па таэквандо. Такія рысы спарт­сменкі, як упартасць, імкненне ісці да сваёй мэты, дапамагаюць у няпростай ролі капітана “Ніагары”.

Раскажы пра каманду і ахарактарызуй кожнага з іх.

— Я, Насця Кавалёнак, Паліна Грыгор’ева — аднакласніцы. Вучымся ў 7 “А” сярэдняй школы №3. Насця — вясёлы, пазітыўны чалавек, дасведчаны ў мультыплікацыі і анімэ. Паліна — сур’ёзная, збірае каманду ў адзінае цэлае падчас гульні. Вучаніца 6 “Б” гімназіі ім. І. М. Ерашова Насця Шчэрбач — наша “зорка”, якая ведае ўсё і мае фатаграфічную памяць. Артур Шушкевіч і Ілья Жарнасек з 6 “Б” СШ №3 — спакойныя, але вельмі разумныя хлопцы. Гуляем разам, пачынаючы з чацвёртага класа.

— І наш капітан, — падхопліваюць астатнія, — якая з усіх версій выбірае адзіную верную.

Яўген МУДРЫ.

 На здымку: каманда “Ніагара”.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>