Фарсіраванне Бярэзіны

Усё далей у гісторыю адыходзіць Вялікая Айчынная вайна, а з ёй і сведкі тых падзей. Адна з яркіх і гераічных старонак таго часу — вызваленне нашай мясцовасці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у чэрвені 1944 года. Вось толькі невялікі эпізод тых векапомных дзён, зафіксаваны ў кнізе “Памяць. Лепельскі раён” і ва ўдзячнай памяці нашых землякоў.

28 чэрвеня 1944 года перадавыя часці 5-ай арміі 3-га Беларускага фронту ўшчыльную наблізіліся да Бярэзіны.

Стаяла незвычайна цяжкая задача  — фарсіраваць гэтую раку з поймай, шырока пакрытай непраходнымі лясамі, балотамі. Багністымі былі і берагі яе прытокаў.

— Да 12 гадзін дня 28 чэрвеня сапёры пры дапамозе мотастралковых падраздзяленняў пабудавалі нізкаводны драўляны мост цераз раку Бузянку ў раёне вёскі Ніўкі, — успамінаў генерал-палкоўнік танкавых войск, камандзір 3-га Сталінградскага гвардзейскага механізаванага корпуса Віктар Абухаў. — Па ім пачалі перапраўляцца падышоўшыя галоўныя сілы 9-ай гвардзейскай механізаванай брыгады. Але нечакана гэты мост быў разбураны наляцеўшай варожай авіяцыяй.

На шчасце, як аказалася, жывыя пакуль і многія сведкі тых слаўных, але трагічных ваенных падзей.

— Добра памятаю гэты дзень, калі варожыя самалёты бамбілі мост праз Бузянку, — сказаў Уладзімір Падгол з вёскі Домжарыцы. — Я тады быў малалеткам і жыў у вёсцы Ствольна. Шмат нашых воінаў загінула ў час той пераправы, а адзін з іх — Іван Пралянцоў — быў цяжка паранены ў жывот. Яму заставалася жыць лічаныя гадзіны. Як нетранспартабельнага, атрымаўшага смяртэльнае раненне, гэтага салдата не было сэнсу дастаўляць у шпіталь, і яго пакінулі ў хаце жыхара Ствольна Івана Іванавіча Куйчыка. На жаль, хутка воін-вызваліцель памёр. Я добра памятаю яго імя і прозвішча, таму што герой быў пахаваны каля Ствольна і на яго магіле быў устаноўлены помнік. У 70-ыя гады дваццатага стагоддзя, калі праводзіліся масавыя перапахаванні перыяду Вялікай Айчыннай вайны ў агульныя брацкія магілы, прах гэтага загінуўшага салдата быў перанесены ў іншае месца. А, магчыма, дзесьці жывуць родныя, блізкія гэтага чалавека людзі і нават не ведаюць, дзе салдат склаў сваю галаву і быў пахаваны?

Хаця цікава з кнігі “Памяць. Лепельскі раён” даведацца і пра тое, дзе і калі пераправіліся цераз раку Бярэзіну, пераадольваючы ўпартае супраціўленне фашыстаў, наступаўшыя часці Чырвонай Арміі. Менавіта аб гэтым расказаў у сваіх далейшых успамінах Віктар Абухаў:

— Пры фарсіраванні Бярэзіны склаліся цяжкія абставіны, нягледзячы на масавы гераізм воінаў, якія, не шкадуючы свайго жыцця, пад агнём ворага, на падручных сродках і ўплаў накіроўваліся на заходні бераг ракі.

Найбольш спрыяльныя ўмовы для пераадолення гэтай буйной воднай артэрыі склаліся на ўчастку 8-ай гвардзейскай механізаванай брыгады. Яна наступала з ротай 62-га сапёрнага батальёна і іншымі часцямі ўзмацнення на левым флангу корпуса і выйшла да ракі ў раёне вёскі Броды. Тут была пабудавана пераправа для танкаў і аўтатранспарту. Асноўныя сілы брыгады фарсіравалі Бярэзіну. 29 чэрвеня было загадана ўсім часцям корпуса, якія яшчэ не змаглі трапіць на заходні бераг ракі, сканцэнтравацца ў раёне Бродаў і ажыццявіць гэта па ўжо наведзеных мастах. 1 ліпеня поўнасцю была закончана пераправа цераз раку ўсіх астатніх часцей і злучэнняў корпуса.

 Мікалай ГАРБАЧОЎ.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>