Пакаранне — не самамэта, а перасцярога лепельскім падлеткам

Калі хтосьці думае, што на камісію па справах непаўналетніх райвыканкама выклікаюць толькі дзеля таго, каб пакараць, скажу адразу — ён памыляецца. Неаднаразова даводзілася прысутнічаць на камісіі. Чуў ціхую, спакойную, ураўнаважаную гутарку з самімі «штрафнікамі» і іх бацькамі. Тактоўна размаўляе камісія з правапарушальнікамі, амаль як у кабінеце псіхолага. Відаць, немалаважную ролю тут адыгрываюць і асабістыя якасці людзей, якія працуюць з падлеткамі. Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Таццяна Часнакова тут не першы год, пабачыла розных падлеткаў і бацькоў, акунулася ў гушчыню пакручастых лёсаў і не горш за любога псіхолага ведае, дзе трэба дзейнічаць метадам «папругі», а дзе — «перніка».

Падыходзіць да завяршэння чарговы год працы камісіі. Пакуль жа Таццяна Мікалаеўна прыводзіць статыстыку за дзесяць месяцаў. Прайшло дваццаць чатыры пасяджэнні, разгледжана дзвесце восемдзесят шэсць матэрыялаў, у тым ліку сто трыццаць тры — у адносінах да непаўналетніх. Гэта крыху болей, чым летась, калі за адпаведны перыяд «паклалі на стол» дзвесце трыццаць матэрыялаў і разгледзелі сто сорак чатыры справы малалетніх правапарушальнікаў.

А змест гэтых спраў прыкладна адзін і той жа: парушэнне правілаў дарожнага руху, п’янства, хуліганства, крадзяжы дробныя і нават курэнне ў забароненых месцах. Праўда, летась дамінавалі парушальнікі на дарогах — семдзесят адзін выпадак парушэнняў. Сёлета — усяго дваццаць дзевяць. Чаму? Ці не таму, што паменела затрыманняў без флікераў. Таццяна Мікалаеўна кажа, што спраў так званых «флікершчыкаў» сёлета на камісіі разглядалі адзінкі. Хто ведае, ці то ў падлеткаў прачнулася пачуццё адказнасці за ўласную бяспеку на дарозе, ці то праваахоўныя органы пачалі больш рацыянальна падыходзіць да такога роду правапарушэнняў, кіруючыся прынцыпам, што падлетка важней не пакараць, а засцерагчы, у тым ліку і на дарозе.

Затое абвастрылася праблема ўжывання алкаголю непаўналетнімі. Колькасць падобных выпадкаў у параўнанні з мінулым годам павялічылася з сарака аднаго да пяцідзесяці аднаго. У Заслонаве злавілі п’янага падлетка за рулём. Тут ужо, як кажуць, без санкцый не абыдзешся. Пакараўшы аднаго, магчыма, уратуеш іншых. Пяць базавых атрымаў за тое, што быў без правоў, і пяцьдзясят — што за руль сеў п’яны. Правоў, зрэшты, і не было. І не атрымае іх, каб нават і хацеў, зараз цягам наступных трох гадоў. Ёсць час абдумаць тое, што нарабіў.

Дарэчы, сёлета за кіраванне транспартнымі сродкамі без правоў былі прыцягнуты да адказнасці трынаццаць падлеткаў, якія пакараны штрафам на агульную суму дзевяцьсот тысяч рублёў. А адзін з падлеткаў, злоўлены за рулём п’яным, які пасля гэтага яшчэ і паспрабаваў заблытаць следства, аштрафаваны «на ўсю катушку» — на сто базавых велі­чынь.

Злавілі за цыгарэтаю чатырох юных курцоў, якія палілі ў не адведзеных для гэтага месцах. Такі ж самы паказчык быў і летась. Пароўну, пяць на пяць, прыйшлося за гэтыя два гады і спраў аб дробных крадзяжах. У Бароўцы трое дзяцей адкацілі машыну і скралі з яе тавары. У Лепелі дзяўчынка «пачысціла» на дзвесце дзесяць тысяч рублёў магазін «Востраў чысціні».

Трое падлеткаў паехалі лячыцца і перавыхоўвацца ў лячэбна-выхаваўчую ўстанову закрытага тыпу, двое з іх — школьнікі, адзін — навучэнец ліцэя.

Паказальна, што падлеткавыя правапарушэнні «маладзеюць». Куды ўжо болей! Сярод дзевяці вынесеных пастаноў аб узбуджэнні крымінальных спраў фігурыруюць сем выпадкаў крадзяжоў, зробленых дзецьмі, якія не дасягнулі ўзросту крымінальнай адказнасці. Такім чынам, адказнасць панясуць бацькі.

Болей, амаль на палову (дваццаць сем выпадкаў сёлета супраць чатырнаццаці леташніх), сталі разгульваць па начах. А папросту кажучы, бадзяцца без суправаджэння дарослых. Што юнаму шукальні­ку прыгод палезе ў галаву рабіць ноччу, не ўгадаеш. Ці не лепей, каб бацькі ўсё ж пракантралявалі, дзе і з кім іх дзеці знаходзяцца. Ад бяды далей!

Горш, калі кантраляваць трэба саміх бацькоў. Сёлета камісіі давялося разглядаць два выпадкі так званага далучэння падлеткаў да антыграмадскіх паводзін, папросту кажучы, бацькі пачаставалі гарэлкаю дзяцей. Пахмелле аказалася горкім — затрашчэў кашалёк.

А то і яшчэ цяжэйшыя выпадкі. Напрыклад, сямнаццаці дзецям з адзінаццаці сем’яў спатрэбілася тэрміновая дапамога дзяржавы, іх адабралі ў бацькоў і змясцілі на дзяржзабеспячэнне. Летась такім чынам не пашчасціла трынаццаці дзецям з шасці сем’яў. Праўда, пасля правядзення адпаведных мерапрыемстваў па абароне дзяцей чатырнаццаць чалавек сёлета вернуты бацькам, але ж і двое бацькоў з двух сем’яў былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Такім чынам, асірацелі пры жывых бацьках пяцёра дзяцей.

Тым часам пазбаўленыя бацькоўскага права грамадзяне, паводле Дэкрэта №18, мусяць кампенсаваць дзяржаве выдаткі за выхаванне іх дзяцей. Мусяць, але не спяшаюцца. За дзесяць месяцаў гэтага года сплацілі толькі 54,3 працэнта запатрабаванай сумы. Выплацілі крыху больш за дзевяцьсот сорак мільёнаў рублёў, а павінны былі выплаціць больш за мільярд і семсот трыццаць два мільёны. Хіба дзяржава павінна расплачвацца за памылкі нядбайных бацькоў!

 Уладзімір

 МІХНО.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>