Вобразы Лепельскай гісторыі вачыма фатографаў

Барчук Вось ужо не першы год Наталля Міхно выкладае гісторыю ў сярэдняй школе №3 і ні на хвіліну не развітваецца з творчасцю: займаецца фотамастацтвам, піша вершы, у тым ліку на гістарычную тэматыку, рыхтуе артыкулы ў рэспубліканскія газеты, часопісы. Сама ўдзельнічае ў шматлікіх конкурсах і да гэтай работы актыўна далучае сваіх вучняў.

Вучаніца адзінаццатага класа сярэдняй школы №3 Вераніка Барчук, у якой выкладае гісторыю Наталля Міхно, сёлета стала лаўрэатам Міжнароднага фотафестывалю “Вобразы гісторыі”, які праводзіўся ў рамках праграмы “Варонеж — культурная сталіца СНД”.

— Акрамя юных фатографаў з Беларусі ў конкурсе прынялі ўдзел творцы з Украіны, Арменіі і Узбекістана, — расказвае Вераніка. — Мая работа “Забытае” прызнана лепшай у намінацыі “Мы гэтага не заўважаем”. Гэта, вядома, стала для мяне прыемным сюрпрызам.

— Арганізатары мерапрыемства правялі адбор лепшых фотаздымкаў, якія расказваюць пра гісторыю пэўнага горада, месца, рэчаў, архітэктурнага помніка і г.д., — працягвае Наталля Міхно. — Заснавальнікі конкурсу лічаць, што ў цяперашні час вельмі важна захаваць гістарычныя аб’екты, якія здольны паказваць сапраўдную карціну мінулага будучым пакаленням. Некаторыя помнікі гісторыі і архі­тэктуры ў цяперашні час разбураюцца. Аднак менавіта дзякуючы фотаздымку ёсць уні­кальная магчымасць на некаторы час спыніць гэты працэс.

Асобны прыз быў прызначаны і для фатографа, які мог паказаць непрыкметны для іншых аб’ект гісторыі свайго горада. Фотаэцюд лепяльчанкі Веранікі Барчук нікога не пакінуў ранадушным.

Барчук-Забытое Пераможцаў фестывалю “Вобразы гісторыі” чакае насычаная і пазнавальная праграма, якая будзе праходзіць з дваццатага па дваццаць другога лістапада бягучага года. Адбудзецца адкрыццё фотавыставы ў выставачнай зале Саюза мастакоў, пройдуць урачыстае ўзнагаро­джанне, майстар-класы ад вядучых фотамастакоў, выставы па ўсім горадзе, фотапрагулкі і фуршэт. Фатографаў урачыста ўзнагародзяць каштоўнымі падарункамі. Для іх у Варонежы адбу­дзецца таксама канцэрт музычных калектываў.

Дарэчы, перамога ў такім прэстыжным мерапрыемстве ў лепяльчан не першая. У мінулым навучальным годзе пераможцамі гэтага конкурсу ў адпаведных намінацыях сталі вучаніца восьмага “А” класа Карына Арцёмава і сама Наталля Міхно. Работа Карыны Арцёмавай “Беларуская глыбінка”, якая была зроблена ў г.п. Ушачы, атрымала статус “Лепшая работа” ў намінацыі “Родныя славутасці”. Работа ж Наталлі Міхно “Вінакурня” прызнана лепшай у намінацыі “Мы гэтага не заўважаем”.

— Творчых задум і новых ідэй у нас яшчэ шмат, — адзначае Наталля Рыгораўна. — Сярод маіх вучняў нямала  творцаў, якія, упэўнена, яшчэ не раз праславяць Лепельшчыну. Іх творчы ўзровень з году ў год толькі расце, а наперадзе нас чакае яшчэ нямала новых поспехаў і перамог.

 Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

 На здымках: фотамастачка Вераніка Барчук і яе твор.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>