Мацярынская мужнасць лепяльчанкі

IMG_6228 (2) Бывае цяжка… Бывае вельмі цяжка… Яна ж чалавек, жывы чалавек,  зусім не з жалезнымі нервамі. Здараецца, наплываюць хвіліны адчаю, і тады Насця стараецца думаць пра тых, каму яшчэ цяжэй. А пра такіх, хочаш не хочаш, думаецца. Колькі ж сама яна пабачыла няшчасных дзетак, паездзіўшы па бальніцах, санаторыях, розных карэкцыйных і рэабілітацыйных установах. Няшчасных, ад якіх адракліся бацькі, прывозілі з дзіцячых дамоў і прытулкаў на курс рэабілітацыі.

— Вось такім, — кажа Насця, — і апошняе аддасі…

Не, яе дзяўчынкам, Паліне і Дашы, вунь як пашанцавала! У іх ёсць маці і тата, якія горача іх любяць і ніколі-ніколі не кінуць…

Анастасія нават не ўяўляе, як можна кінуць дзяцей. Шчаслівыя яны, няшчасныя, хворыя, здаровыя — якая розніца! Дзіця — чалавек бездапаможны. Яно даверлівае, прагне тваёй увагі, пяшчоты, дапамогі. Хіба можна яму здрадзіць, пакрыўдзіць яго!

Лёс — рэч крутая і бязлітасная. А ўсё было так добра, хто б мог падумаць… Яна, Насця, закончыла дзевяць класаў гімназіі, паехала ў Оршу вучыцца на медсястру. Дзевятнаццацігадовай, неўзабаве пасля заканчэння медвучылішча, выйшла замуж. Дзяніс у той час ва­дзіцелем на КамАЗе працаваў. А ёй захацелася вучыцца далей — і паступіла завочна ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт фізічнай рэабілітацыі. Лёс каварны. Хто ведаў, што з падобнай рэабілітацыяй ёй неўзабаве і самой давядзецца сутыкнуцца…

Зацяжарыла. Урачы ўзрадавалі і збянтэжылі ў адначассі. Сказалі, што наро­дзяцца двайняты. Пайшла ў акадэмічны. Нара­джаць паехала ў Віцебск. Думалася, як лепей. Аднак роды былі цяжкія. Дзяўчатак нарадзіла сямімесячнымі. Анастасія лічыць, што менавіта родавыя траўмы паспрыялі… Як бы там ні было, аднак у хуткім часе ў дзяўчынак выявілі ДЦП. Пра страшны дыягназ сваіх малютак напачатку Насця і не падазравала, пакуль у вазочках вазіла ды на руках гушкала. Праўда, Даша ўвесь час плакала. Як не спіць, то плача. Аказалася, па прычыне хваробы ў яе балела галава. А потым паставілі дыягназ. Пачаліся бясконцыя аперацыі, паездкі па лячэбных, карэкцыйных і рэабілітацыйных цэнтрах.

Лячыліся ў Брэсце ў цэнтры «Тонус» для дзяцей з захворваннямі апорна-рухальнага апарата. На ўвесь час лячэння трэба было здымаць кватэру ў далёкім горадзе. Але гэта ўжо былі бытавыя дробязі. У Брэсце Палінка пачала хадзіць, а Даша — поўзаць. На той час дзяўчынкам споўнілася два з паловай гады. Праходзілі курс лячэння ў Мінску ў Цэнтры маці і дзіцяці. Потым — у мінскім гарадскім рэабілітацыйным цэнтры. Масаж, медыкаментознае лячэнне, розныя цеплавыя працэдуры, іголкарэфлексатэрапія, электрастымуляцыя… З трох гадоў за дзяўчынкамі пачалося пастаяннае назіранне ў рэспубліканскім цэнтры для дзяцей-інвалідаў, куды трэба было наведвацца двойчы ў год.

Хто ведае, ці вытрымала б жанчына такое выпрабаванне лёсу, калі б не дапамога людзей, у першую чаргу родных і блізкіх. Муж займаўся дочкамі нароўні з ёю.

— Першыя гады чатыры толькі ён іх і купаў, — кажа Насця, — потым дапамагала маці. Яна швачка, трыццаць гадоў працавала ў ПДА. Калі я вырашыла пайсці на працу, маці, не раздумваючы, села даглядаць дзяцей. Патрэбны былі грошы. Першая аперацыя каштавала шаснаццаць тысяч расійскімі. Тады я яшчэ не працавала. А ў мужа на працы даведаліся і збіралі нам… Дзякуй карэкцыйнаму цэнтру і першаму дзіцячаму са­дку, пры якім у той час існаваў цэнтр. Там нас літаральна на руках насілі…

Свет не без добрых лю­дзей. Зараз дзяўчынкам дзевяць гадоў. Паліна вучыцца ў трэцім «А» класе ў гімназіі, ходзіць у школу мастацтваў, дзе навучаецца па класе фартэпіяна. Зразумела, хадзіць пешшу дзяўчынцы цяжка. Хто толькі яе не падвозіў, калі бацькам часам не выпадала. Прасілі — ніхто не адмовіў. Даша займаецца ў другім класе цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

— Як вашы дзяўчынкі адчуваюць сябе ў грамадстве? — пытаюся ў Анастасіі, — Ці не страшна бывае за іх?

— У дзіцячым асяродку бывае ўсялякае. Таму часам мы насцярожаныя і заўсёды напагатове. Дзеці ёсць дзеці: могуць сказаць лішняе, неасцярожнае слова, часам назойліва-пільна разглядваць «не такіх, як самі». Каму гэта спадабаецца? Дзяўчынкі ўжо пачынаюць разумець жыццё, задаюць няпростыя пытанні, на якія нам трэба знаходзіць правільны адказ. На маю думку, дзяцей трэба адмыслова вучыць абыходжанню з «не падобнымі», цярпліва ім растлумачваць. Гэта ж элемент этыкі паводзін. У класе дзеці гэта разумеюць, а вось на вуліцы трэба быць заўсёды напагатове.

Маці дзяцей-інвалідаў уладкавалася ў КУП ДРАЦ «Жамчужына», дзе калектыў яе сустрэў добра, як сваю. Тут Анастасію задавальняе найперш графік працы, які дазваляе ёй займацца дочкамі, быць побач з імі. Не раз тут аказвалі сям’і Каваленкаў і гуманітарную, і матэрыяльную дапамогу. Бывае, што не столькі грошы, колькі ўвага і павага людзей, якія побач, саграваюць душу, пасяляюць на­дзею.

Дзякуючы намаганням ксяндза каталіцкага касцёла Андрэя Палінка сёлета пабывала на лячэнні і рэабілітацыі ў Італіі. Той таксама абяцаў арганізаваць выезд на лячэнне ў Чэхію.

А нядаўна калектыў «Жамчужыны» вылучыў кандыдатуру Анастасіі Каваленкі на атрыманне штогадовай прэміі імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі за мацярынскую мужнасць. І яна яе атрымала, дзеля чаго адмыслова запрасілі на цырымонію ўручэння ў Віцебск.

Быць чалавекам мужным няпроста. Быць мужнай маці няпроста ўдвая. Анастасія ўпарта змагаецца за шчасце сваіх дзяцей. І ў гэтым змаганні ёй дапамагае яе характар. Чалавек светлы, таварыскі, зычлівы і вельмі аптымістычны, Насця верыць людзям. Тыя дапамагаюць ёй жыць і ў павазе схіляюць галаву перад яе вялікай мацярынскай мужнасцю.

Уладзімір МІХНО.

 На здымку: Анастасія Каваленка з мужам і дочкамі.

 Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>