Рыбны слалам ў Лепеле

IMG_7992 Запрашэнне на зарыбленне Лепельскага возера паступіла нечакана. Паведаміў пра падзею спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валерый Масленка. У прызначаны час быў на месцы, туды ж ужо прыехалі калегі з тэлебачання. Неўзабаве прыбыў і МАЗ з пасадачным матэрыялам. Увесь караван паехаў у Зялёнку. Давялося праехаць некалькі паваротаў, вузкай вулачкай спусціцца па стромым беразе, каб дабрацца нарэшце да ўрэзу вады.

Задаў Валерыю Масленку пытанне:

— Чаму вырашана выпускаць рыбу менавіта тут?

— Ёсць і іншыя мясціны, дзе машыне лепей, зручней пад’ехаць. Так і бывала ў ранейшыя гады. Гадоў з восем таму ля былога завода “Платан” запускалі рыбу. Аднак там мелкаводдзе, нядобрасумленныя рыбаловы-аматары ў хуткім часе амаль усю яе вылавілі вудамі. Гэтае месца мае перад іншымі вялікую перавагу. Дакладней — глыбокую яміну. Метраў за 70 — 80 ад берага пачынаецца круты абрыў, які ўтвораны катлавінай. Менавіта тут знаходзіцца самае глыбокае месца ў Лепельскім возеры — не менш за 32 метры. І гэта пры тым, што вада адступіла. А ў час паводкі глыбіня дасягае 34-35 метраў. Выпушчаная рыба не будзе стаяць на мелкаводдзі, а паступова рушыць у гэтую яміну. Тым больш, што пачынаецца зіма, у гэтую пару рыба ў прыродзе хаваецца па ямах, ратуючыся ад холаду і перападаў атмасфернага ціску. А на наступны год, увесну, яна спакойна бу­дзе разыходзіцца па ўсім возеры.

Тым часам вадзіцель пачаў прыладжваць латак, каб па ім рыба самацёкам ссыпалася ў ваду. Яму дапамагалі мясцовыя жыхары Мікалай Палтавец і Мікалай Зайцаў. Мужчыны, як і многія лепяльчане, заядлыя рыбаловы, любяць у вольны час пасядзець з вудай. Таму спецыяльна для гэтага зрабілі масткі. У адзін голас кажуць: “Выдатная справа — зарыбленне. У бліжэйшы час няхай рыба акліматызуецца, прывыкне да новага месца, перазімуе, а ўвесну можна будзе спрабаваць яе лавіць”.

Аднак ад краю латака да вады метраў восем добрых. Як рыбу дастаўляць у возера? Успомнілася, як гады са два таму рыбавоз забуксаваў за 50 метрах ад вады, давялося на дапамогу выклікаць амкадор з бліжэйшага сельгаспрадпрыемства. Тады рыбак насыпалі ў коўш пагрузчыка і такім чынам перавозілі да вады. Але зараз на хаду прыдумалі іншы спосаб — рыбны слалам. Пад латак у некалькі слаёў рассцялілі поліэтылен, мужчыны прыўзнялі яго за краі — утварыўся імправізаваны жолаб.

— Ухіл ад месца на беразе, дзе стаіць машына, да вады даволі стромы, — кажа Валерый Масленка, — адкрыем люк, рыба з вадой з рэзервуараў самацёкам паліецца ў возера.

Сказана — зроблена: мужчыны стаяць абапал поліэтыленавага жолаба, вадзіцель па камандзе адчыняе люк. З шумам і плёскатам бруіцца плынь з вады і рыбы. А мы стаім абапал паўнаводнага ручая. Дакладней — паўнарыбнага, бо вады амаль не відаць з-за чорных рыбіных спін і серабрыстых бакоў. Аднак з самага пачатку не ўлічылі аднаго фактара — асаблівасцей рэльефу берага. Гліністы спуск быў багаты купінамі, камякамі, ямінамі, з-за чаго поліэтыленавы жолаб напамінаў слалам-гігант для спаборніцтваў на горных лыжах. Як спартсмены-гарналыжнікі, цёмнаспінныя карпы з падскокамі і віражамі ляцелі да вады. Грукаліся адзін аб аднаго, зяўкалі ротам, хапаючы паветра, аднак імкнуліся да сваёй роднай стыхіі.

Збоку, магчыма, такі спосаб высадкі падасца занадта грубым. Аднак ён мае адзін вялікі плюс, які пераважвае ўсе недахопы — хуткасць. Выгрузка аднаго рэзервуара з рыбай займае не больш за дзве хвіліны. Рыба папросту не паспявае надыхацца паветрам, як зноў трапляе ў ваду. Доказам тэорыі, як кажуць, служыць практыка. З больш як пяці тон запушчанай рыбы ўсплылі (чытай — загінулі) толькі з пяць асобін. Астатнія пастаялі ля берага і рушылі асвойваць сваю новую тэрыторыю. За 20 хвілін першая машына была разгружана, вадзіцель паставіў адзнаку ў дакументах і рушыў па другі рэйс. У чаканні наступнай партыі пасадачнага матэрыялу разгаварыўся з тымі ўдзельнікамі, якія засталіся.

Ініцыятарам зарыблення выступіла Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў, і ў прыватнасці — Чашніцкая раённая арганізацыйная структура. Гутарым з яе дырэктарам.

— Прадстаўцеся, калі ласка.

— Пётр Язеў — вось такое ў мяне рыбнае прозвішча — самае адпаведнае моманту і ўвогуле прафесіі.

— Колькі рыбы мяркуецца запусціць у Лепельскае возера?

— Сёння запускаем 1300 асобін шчупакоў па 200 грамаў кожная, 1460 карасёў па 50 грамаў. Аднак больш за ўсіх — карпаў (16570 штук па 300 грамаў). Вядома, дакладную колькасць адмераць немагчыма, таму рыба бярэцца з некаторым запасам. Магчыма, некалькі асобін загінуць пад час дастаўкі, гэта таксама трэба прадугледзець…

— Як сёння ацэніце?

— На выдатна. Выпусцілі з першай машыны больш за 500 асобін карпаў, толькі некалькі рыбінак усплыла. Іх адразу здзяўблі чайкі. Працэнт гібелі — мізэрны.

— Як даўно таварыства займаецца зарыбленнем вадаёмаў?

— Зарыбленне — адзін з асноўных, профільных відаў дзейнасці таварыства, займаемся ім яшчэ з савецкіх часоў.

— Чаму ж на Лепельскае возера даўно не прыязджалі? Калі не памыляюся, апошняе зарыбленне яго адбывалася каля васьмі гадоў таму.

— Доўгі час Лепельскае было ў арэндзе ў мясцовага прадпрыемства меліярацыйных сістэм. На арандаваных вадаёмах мы не маем права праводзіць зарыбленне, гэтым займаюцца арандатары. Нядаўна ПМС перадало возера ў дзяржаўны фонд, мы яго ўключылі ў праграму па зарыбленні. Спачатку заказалі навукоўцам іхтыялагічнае абследаванне, рыбна-біялагічнае абгрунтаванне. А зараз, адпаведна з дакументамі, праводзім зарыбленне.

— У свой час гутарыў са спецыялістамі з Лепельскага ПМС, якія ўказвалі на дарагавізну працэдуры падрыхтоўкі іхтыялагічнага абследавання і рыбна-біялагічнага абгрунтавання (РБА). Таварыства ж зарыбляе шэраг азёр па Беларусі. Адкуль фінансаванне?

— Таварыства вядзе гаспадарчую дзейнасць, прадае ліцэнзіі на адстрэл дзікіх жывёл, дазволы на платнае аматарскае рыбалоўства на асобных вадаёмах. З гэтага маем пэўны даход, які, сярод іншага, накіроўваем і на справу зарыблення. Акрамя гэтага, рэспубліканскія органы кіравання таварыства заключылі прамыя дамовы з про­фільнымі навукова-даследчымі арганізацыямі, інстытутамі на падрыхтоўку дакументацыі не на адзін вадаём, а на шэраг, што таксама дазволіла знізіць цану на гэтым этапе.

IMG_7995 — Колькі каштаваў пасадачны матэрыял?

— Рыба, дастаўка з Новалукомля ў Лепель, выпуск у ваду абышліся ў 160 мільёнаў рублёў — не дужа вялікія грошы ў маштабах раёна, рэспублікі.

Тым часам пад’ехала другая аўтамашына, мужчыны зноў выйшлі на бераг. У ёй таксама былі карпы. Звярнуў увагу, што рыбіны даволі вялікія, як і ў першай машыне. Яны зноў так шпарка ляцелі па поліэтыленавым слаламе.

Пасля выгрузкі чарговай машыны гутарку працягнуў з намеснікам начальні­ка міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргеем Ермаковым.

— Паводле РБА, Лепельскае возера трэба зарыбляць карасём-сяголеткам сярэдняй масай рыбкі 50 грамаў. А вось шчупак і карп павінны быць двухгадовага ўзросту каля 200 і 300 грамаў адпаведна. Зноў жа, кожную рыбіну не ўзважыш, аднаго карпа трэба запусціць больш за 16 тысяч штук.

— Чуў, што ва ўмовах Віцебшчыны карп не размнажаецца, занадта холадна.

— Не зусім так. У асобныя цёплыя гады, калі вада каля берагоў моцна праграваецца, карпы могуць размнажацца. Бу­дзем спадзявацца, што пасля акліматызацыі яны расплывуцца па ўсім возеры, а сонца налета парадуе цяплом.

— Наколькі вялікая небяспека ад браканьераў?

— За апошні час на Лепельскім возеры не выяўлена значных парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, пасля рэйдаў браканьеры прыціхлі, свае прылады пахавалі. Хачу астудзіць гарачыя галовы, у якіх ужо загарэлася думка пра лёгкую здабычу. Месца зарыблення ў бліжэйшы час будзе пад асабліва пільным кантролем. Ды і спадзяюся на разважлівасць і беражлівы падыход лепяльчан да сваёй прыроды.

Да канца дня былі прынятыя яшчэ тры машыны з жывой рыбай, выпушчана ў ваду больш за пяць тон пасадачнага матэрылу. На досвітку мясцовыя жыхары зноў агледзелі бераг, на паверхні вады заўважылі дзясяткі са два загінулых карасікаў, якіх хутка падабралі вадаплаўныя птушкі.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымках: моманты зарыблення.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>