Сляды продкаў

Я коратка ўжо распавядаў на старонках “Лепельскага краю” аб лёсе сямейства Тараткевічаў з-пад Бачэйкава, адкуль паходзіць мая бабуля Лідзія, якая выйшла замуж за Луку Шушкевіча ў Верабкі, пражыла там усё дарослае жыццё і пахавана на вясковых могілках. Гісторыя ахоплівала дарэвалюцыйны перыяд, калі ў Беларусі гаспадарылі паны.

Адзін з іх — Цеханавецкі — валодаў буйным маёнткам у Лепельскім павеце, яму належалі многія вёскі, у Бачэйкаве ён заклаў паркавы ансамбль і пабудаваў невялікі палац.
Тараткевічы працавалі ў яго і жылі ў фальварку Галандыя, які размяшчаўся за пару кіламетраў ад замка, на другім баку Улы, пад Высокай гарой. Цяпер на тым месцы поле.
У 1917 годзе віхор рэвалюцыі знёс паноў з беларускай зямлі, з’ехалі і ўладальнікі бачэйкаўскага маёнтка. А галава сямейства Тараткевічаў Піліп Іванавіч, бацька бабы Ліды, арганізоўваў на базе нацыяналізаванага маёнтка калектыўную гаспадарку. Сям’я ў яго была вялікая, яе трэба было карміць, ды і былыя слугі маёнтка прасілі ранейшага гаспадара ўзяць у рукі лейцы кіравання: спачатку абралі старшынёй рабочага камітэта, а пазней прыйшоў указ Лепельскага павятовага выканкама аб прызначэнні яго старшынёй саўгаса “Бачэйкава” “як больш падыходзячага для сяла чалавека” замест нейкага Блінструба.
У 1920 годзе адбылася гісторыя, дзіўная і да гэтага часу не высветленая. Як распавядаў відавочца В. Канапелька, аднойчы ўначы дом, дзе жылі Тараткевічы, апусцеў. Аканіцы былі адчыненыя, і ў памяшканнях гуляў вецер.
Бабуля пры жыцці ў савецкую эпоху старалася абыходзіць таямнічую гісторыю, ды і я, выхаваны ў дагматычным светапоглядзе, не цікавіўся сваімі продкамі. Прасвятленне прыйшло пазней: што здарылася? Але бабулі ўжо не было на свеце.
Прадзеда арыштавалі — хутчэй за ўсё чэкісты, паколькі адна з дачок Піліпа Іванавіча, настаўніца Надзея, спасылаючыся на нейкіх “вайскоўцаў”, прасіла вярнуць канфіскаваныя пры вобыску дакументы.
Апытваючы далёкіх сваякоў, ледзь-ледзь прыадчыніў таямніцу. Быццам вайскоўцы шукалі нейкі пісталет. Так, у Піліпа магла быць зброя, але не простая. Імянная. Яго старэйшы сын Уладзімір адважна змагаўся у Першую сусветную вайну ў званні падпаручніка Брусілаўскай арміі і быў узнагароджаны трыма ордэнамі і Залатой Георгіеўскай зброяй. А ў грамадзянскую пайшоў за чырвонымі, камандаваў атрадам коннай разведкі, быў кантужаны.
Але бацьку не выратаваў. З турмы Піліп Іванавіч не выйшаў, быццам памёр ад тыфу, пакуль разбіраліся. Хацелася б ведаць афіцыйную версію здарэння — што адбылося і чаму яго жонка, кінуўшы жыллё ў Галандыі, з непаўналетнімі дзецьмі хавалася ў сястры пад Лепелем. З дапамогай польскіх службаў я раскрыў іншую таямніцу.
З Галандыі —
на Палессе
Адна з дачок Піліпа Тараткевіча Алена, сястра бабы Ліды, як толькі завіхурылася рэвалюцыйная бура, пакінула радавое гняздо, выехаўшы з Бачэйкава разам з панамі. Пры расставанні горка плакала, як прадчуваючы, што родных больш не ўбачыць. Так і атрымалася. Абарвалася сувязь амаль на сто гадоў.
Пасля ад’езду з Бачэйкава Алена апынулася на Палессі ў раёне, які паводле Рыжскага дагавора 1921 года адышоў да Польшчы (цяпер гэта тэрыторыя Ровенскай вобласці Украіны), у паноў Андрацкіх-Цярлецкіх, буйных землеўладальнікаў. Гаспадыня Марыя Андрацкая даверыла Алене выхаванне сваёй дачкі Марты. Алена справілася з абавязкам так, што ў далейшым Марта называла сваю “piastunku” кроўнай сястрой, і яны да канца жыцця захоўвалі добрыя сяброўскія адносіны.
Лёс мілаваў Алену. У 1932 годзе выйшла замуж за паляка Антона Зарэмбу. Пані Андрацкая ў знак удзячнасці за выхаванне дачкі і ў якасці пасагу падарыла ёй 25 гектараў ворыва.
Потым быў 1939 год, далучэнне да СССР. І хутка грымнула вайна. Тут давялося глытнуць гора… Антон Зарэмба, хаваючыся ад ганення бандэраўцаў, нейкі час прабыў у сябра-ўкраінца, а потым пайшоў у партызаны і ўліўся ў шэрагі Арміі Краёвай.
Жыццё стала невыносным і для Алены. Пасадзіўшы малалетняга сына на павозку, пакінуўшы дом, яна накіравалася на Захад. Спынілася ў Кутні пад Лоддзю. Вяртацца на ранейшую радзіму, у сталінскі Савецкі Саюз, не хацелася. Нічога не ведала аб маці, якая засталася ў Лепельскім раёне.
Але з добрай весткай прыйшоў з вайны муж Антон — у шпіталі, дзе ён залечваў раны пасля Перамогі, прапанавалі працу і жыллё ва ўсходняпрускіх землях, якія пасля разгрому Германіі адышлі да Польшчы. Туды набіраліся перасяленцы, і Антон даў згоду, выбраўшы пасаду лесніка пад Ольштынекам. Усё астатняе жыццё яны правялі там.
Я даведаўся аб гэтым не ад іх. На жаль, і яны, і іх адзіны сын ужо памерлі.
Сустрэча
ў Ольштыне
Аднойчы я атрымаў адказ з цэнтральнага адраснага бюро ў Варшаве, у якім паведамлялася, што ў Ольштыне (а гэта прыкладна 20 кіламетраў ад Ольштынека) жывуць унукі Алены (Хелены). Потым быў доўгачаканы званок ад іх і прапанова сустрэцца.
Я быў там. Маіх траюрадных братоў клічуць Марак і Кшыштаф. Адкрытыя, ветлівыя людзі — рысы маёй бабулі. Марак — мэнэджэр па будаўніцтве сеткі рэстаранаў “Макдональдс”, ад’язджае на тыдзень у Варшаву і там працуе. Там жа вучыцца на архітэктара адна з яго дачок. Выхадныя праводзяць дома. Кшыштаф на пенсіі па хваробе. Абое добра размаўляюць па-руску. А вось іх дзеці рускай мовы ўжо не ведаюць, хаця, адзначаюць бацькі, тэндэнцыя стала мяняцца — палякі пачалі ўсведамляць, што вялікая краіна Расія з яе багатымі рэсурсамі яшчэ сыграе сваю ролю ў свеце.
Жывуць добра. Урад кампенсаваў ім 20 гектараў зямлі, згубленых бабуляй і дзедам на Палессі. Яны атрымалі ў лік той уласнасці сертыфікаты, на якія набылі зямлю пад Ольштынам, і Марак пабудаваў уласны дом. Кшыштаф жыве ў кватэры памерлых бацькоў.
Мы пілі гарбату і шмат гутарылі аб сваіх каранях, аб сучаснай Польшчы, параўноўвалі жыццё тут і там. Заробак у Польшчы ў сярэднім невысокі — прыкладна 1500 злотых (500 — 600 долараў). Працаваць даводзіцца шмат. У асноўным палякі заняты індывідуальнай працай. Уздоўж дарог скрозь стаяць рэкламныя шчыты і транспаранты з запрашэннем кліентаў. Прама ў дварах — паддоны з будматэрыяламі, якія прадаюцца, адкрыты прадуктовыя крамкі, рамантуюць пыласосы ці швейныя машынкі, аднаўляюць легкавікі. Адзінае буйнае прадпрыемства, напрыклад, у Ольштыне — завод гумовых шынаў, выкуплены французскай фірмай “Мішэлін”. Палякі задаволены здзелкай, бо на прадпрыемстве заняты 3500 чалавек, і яно бясконца пашыраецца. І заробкі ў работнікаў там прыстойныя, вышэй сярэдніх.
Па дарогах
Мазурскага краю
Марак і Кшыштаф паказалі славутасці роднага краю, пазнаёмілі з гісторыяй Вармінска-Мазурскага ваяводства, дзе яны жывуць. Ваяводства адносіцца да паўночнай часткі Польшчы — гэтая мясцовасць багата адорана прыроднымі аб’ектамі, іх клапатліва ахоўваюць. Тут не ўбачыш стаянак вялікагрузных машын па берагах рэчак і азёраў, бо разумеюць, што прырода стваралася вякамі, а знішчыць яе можна лёгка. Толькі потым сапраўдную прыгажосць ні за якія грошы не купіш.
Тут размешчана шмат азёраў і каля 70 запаведнікаў. Да 1945 года тэрыторыя была германскай, і спадчына прадуманага нямецкага жыцця бачна ва ўсім. Гэта і ахайныя, строгія мястэчкі з чырвонымі чарапічнымі дахамі. Дарэчы, фасады сацыялістычных панельных будынкаў палякі таксама прывялі ў парадак, і яны цяпер не псуюць выгляд. Гэта і разгалінаваная сетка мясцовых шашэйных дарог, якія ўсе заасфальтаваны. Праўда, у адрозненне ад беларускіх, мазурскія дарогі вельмі вузкія і абапал абсаджаны векавымі дубамі — мабыць, з гэтай прычыны не пашыраюць праезныя часткі. Едзеш па такім калідоры з жывых дрэў і дзівуешся суцэльнай алеі. Але, калі на асфальт выязджае, скажам, камбайн, абагнаць яго вельмі цяжка — загароджвае ўвесь праезд. А сельскагаспадарчай тэхнікі на польскіх палях шмат, сустракаюцца і “Беларусы”. Тэхніка, як правіла, новая, таму што зямля і прырода — гонар палякаў, а таму ўраджай своечасова ўбраны і палі ўзараны. Вырошчваюць у асноўным жыта, бульбу, кукурузу. Нідзе не ўбачыш зараснікаў густой травы, яна таксама выкарыстоўваецца на корм жывёле. Аднойчы мы заўважылі, як гаспадар — а ў Польшчы ўся зямля ў прыватных руках — выкошваў на трактары нават кювет.
Асаблівага дарожнага будаўніцтва не вядзецца. Але, пад’язджаючы да цэнтра ваяводства Ольштына, замаруджваеш ход, паколькі вядуцца капітальныя работы па пашырэнні трасы. На гэта выдзелены фінансы са скарбонкі Еўраспорту — налета на арэнах Польшчы і Украіны пройдзе чэмпіянат Еўропы-2012 па футболе. У самім Ольштыне матчаў не будзе, але еўрачыноўнікі разглядаюць Мазурыю як цэнтр турызму і адпачынку. У Мронгаве, напрыклад, дзе размешчаны вялікія комплексы санаторыяў і дамоў адпачынку, праводзяцца штогадовыя фестывалі музыкі кантры, на якія з’язджаюцца аматары з усяго свету.
Святая Ліпка
і Воўчае Логава
Непадалёк ад Кентшына — Святая Ліпка. Там, паводле падання, з’явілася на ліпе святая дзева Марыя з немаўляткам на руках. Раскоша касцёла заварожвае. Багата ўпрыгожаны алтар, шматлікія скульптуры і арган з рухомымі фігурамі. Кшыштаф калісьці аднаўляў там фрэскі, і мы зайшлі ўнутр. Ішла звычайная імша, але ў храм было не праціснуцца. Мы звярнулі ўвагу на дэталі, што спадарожнічалі пераменам у касцёльным жыцці. Перад алтаром стаялі маладыя людзі з гітарамі, у іх абавязак уваходзіла падыгрываць харавым спевам, а ксёндз, не саромеючыся, пасля заканчэння імшы заклікаў парафіян рабіць ахвяраванні.
У супрацьлегласць духоўнай непадалёк іншая славутасць, з шэрагу змрочнага ліхалецця. Мазурыю наведваюць шмат немцаў. Гэта, звычайна, яшчэ жывыя прусакі, іх цягне хоць краем вока зірнуць на былую радзіму, а таксама іх нашчадкі. Пры тым яны не мінуць наведванне аб’ектаў, звязаных з гісторыяй гітлерызму. А ў 80 кіламетрах ад Ольштына, у бок Калініградскай вобласці, знаходзіцца славутае Воўчае Логава — “Вольфшанцэ”, дзе Гітлер, як сведчаць гісторыкі, правёў 800 дзён ва ўмовах, што нагадваюць манаскае ці канцлагернае жыццё. Адтуль ён кіраваў нападам на Савецкі Саюз, прымаў канчатковыя рашэнні па важнейшых наступальных і абарончых аперацыях вермахта на Усходнім фронце.
Комплекс з 80 бетонных збудаванняў уключаў у сябе ўсе неабходныя сродкі для жыцця і працы фюрэра, нават казіно, радыётэлефонную станцыю і аэрадром. Асобныя бункеры ўяўлялі сабой жылыя памяшканні Бормана, Кейтэля, Ёдля і іншых чыноў рэйха. Комплекс ахоплівалі тры палосы бяспекі з міннымі палямі і асобнымі прагаламі ў кожную, вартавымі пастамі. Апошняя атачала непасрэднае месца знаходжання самога Гітлера. За плотам з калючага дроту з пушчаным па ім электратокам і вышынёй больш за два метры знаходзіліся тры будынкі. Толькі нямногія маглі іх бачыць пры жыцці фюрэра. У адным са збудаванняў змяшчаўся аператыўна-картаграфічны цэнтр, дзе праводзіліся нарады. Побач быў гадавальнік для аўчаркі фюрэра Блондзі. А апошні будынак і быў тым сховішчам, дзе хаваўся Гітлер. Што тычыцца яго асабістага жыцця, то Евы Браўн там не было. Мясцовыя палякі кажуць, што Гітлеру “пастаўляліся” прыгажуні з навакольных вёсак, хаця верыцца ў гэта слаба. Сакрэтнасць аб’екта была такая, што ніхто з мясцовых жыхароў і не здагадваўся аб існаванні фюрэра ў іх пад носам.
Паветраныя арміі саюзнай кааліцыі так ні разу і не нанеслі бомбавы ўдар па важным аб’екце, паколькі ведалі — дарэмна. Па-першае, сама мясцовасць была выбрана з такім разлікам, што самалёты праціўніка нічога не заўважалі, па-другое, бункер Гітлера ўяўляў сабой непрабівальную канструкцыю і мог вытрымаць нават ядзерны ўдар. Атакам з неба супрацьстаялі зеніткі. Дарэчы, дахі збудаванняў былі засеяны травой, дробнымі дрэўцамі і дадаткова пацягнуты маскіровачнымі сеткамі. Самы высокі будынак — комін кацельні — быў патынкаваны растворам на аснове зялёных водарасцяў. Да гэтага часу захаваліся фрагменты той маскіроўкі.
Тым не менш, спроба замаху на Гітлера адбылася. Але не са знешняга боку, а знутры, з атачэння фюрэра. Як вядома, палкоўнік Штаўфенберг у ліпені 1944 года пранёс партфель з выбуховым рэчывам у памяшканне, дзе праходзіла нарада пад кіраўніцтвам галоўнага нацыста, і падарваў начынне. Па шчаслівай выпадковасці Гітлер застаўся жывы. Сёння на месцы таго замаху ўстаноўлена памятная пліта. Самі будынкі і бункеры ў напаўразбураным стане, іх спрабавалі знішчыць, але безвынікова — гэтулькі бетону, начыненага высокатрывалай арматурай.
Былыя  Хахенштайн  і Аленштайн
Цяпер палякі задаволены, што аб’ект, няхай часткова, але захаваўся — паток наведвальнікаў немалы, а гэта дадатковыя прыбыткі ад турыстаў. У Ольштынеку (раней ён называўся Хахенштайн) яшчэ да прыходу Гітлера быў узведзены грандыёзны мемарыял, дзе збіраліся праціўнікі Версальскага дагавора. 20-метровыя вежы з чырвонага каменя сімвалізавалі пераможны дух нямецкай арміі. Там спачываў прах папярэдніка фюрэра рэйхспрэзідэнта Гіндэнбурга, які садзейнічаў прыходу нацыстаў да кіравання Германіяй. Не меней грандыёзнае збудаванне з бетону і арматуры, у цэнтры якога ўзвышалася чатырохметровая статуя маршала, выкананая з парфіру. На жаль, яго можна ўбачыць цяпер толькі на фатаграфіях, паколькі было неабдумана знесена.
Сам Ольштын (Аленштайн) — утульны чысты гарадок, у адміністрацыйных межах якога 11 азёраў з лясамі, цэнтральнай часткай “Старое мяста”, старадаўнім замкам, дзе ў сярэднія вякі тварыў слынны Капернік.
Адшукаўшы наваспечаных сваякоў, я не толькі пашырыў свой радавод. Я быццам перагартаў кнігу па гісторыі, абагаціўшыся раней невядомымі мне звесткамі. Цяпер я чакаю сваіх братоў са зваротным візітам: у Верабках пахаваны маці і сястра Алены — Фядора Адамаўна і Лідзія Піліпаўна.
Васіль АЗАРОНАК,
журналіст.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>