Калі грамадзянін за непрацяглы час набыў дом, кватэру, два шыкоўныя аўто, а пры гэтым даводзіць, што «на базары гандлю няма, пакупнікі нічога не купляюць», то да яго ўзнікае пытанне — адкуль грошы?

566647524Паводле папярэдніх падлікаў і прагнозаў, у раёне 1966 грамадзян працаздольнага ўзросту афіцыйна нідзе не працуюць. Інспекцыя па падатках і зборах правярае гэтых людзей з мэтай выяўлення незадэклараваных і не абкладзеных падаткамі даходаў.
Справа ў тым, што да гэтых 1966 чалавек адносяцца інваліды, атрымальнікі пенсій, студэнты, жанчыны ці мужчыны, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці. Тут працуем разам з сельвыканкамамі, упраўленнем па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама, фондам сацыяльнай абароны насельніцтва, аддзелам унутраных спраў — усімі, хто мае інфармацыю і можа дапамагчы. Задача — высветліць, якія грамадзяне вядуць незарэгістраваную прадпрымальніцкую дзейнасць, атрымліваюць не абкладаемыя падаткамі даходы і, так бы мовіць, вывесці гэтыя даходы з ценю.
Другі напрамак — барацьба супраць так званых зарплат у канвертах. Такі від разлікаў практыкуецца ў асобных прыватных прадпрыемствах. Імкнучыся зэканоміць на фондзе заработнай платы, прадпрымальнікі, гаспадары прадпрыемстваў дамаўляюцца з работнікамі. Маўляў, “я афіцыйна, па ведамасці заплачу табе мінімальную заработную плату. Калі хто спытае, будзеш адказваць, што менавіта столькі на рукі і атрымаў, крызіс. На самой справе я за работу дам табе мільён. Пагаджайся…” Работнік пры гэтым не задумваецца, што з падаткаў і выплат фарміруецца дзяржаўны бюджэт, з якога потым аплачваецца работа сістэмы адукацыі, устаноў аховы здароўя, культуры. Выплаты пенсій па ўзросце, інваліднасці, страце кармільца і ўсіх іншых таксама робяцца са сродкаў дзяржаўнага бюджэту.
Як праводзіцца гэта работа? Сабрана дастаткова інфармацыі аб выдатках і даходах кіраўнікоў, заснавальнікаў прадпрыемстваў, фізічных асоб, наладжана сістэма абмену фінансавай інфармацыяй. Рэгулярна адсочваем інфармацыю аб атрыманых фізічнай асобай даходах у выглядзе заработнай платы, матэрыяльнай дапамогі, даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці. З другога боку, мы адсочваем і значныя расходы. Калі, напрыклад, грамадзянін за кароткі час, на працягу двух-трох гадоў, набыў дом, кватэру, дзве дарагія новыя машыны, а пры гэтым ён паказвае, што “на базары гандлю няма, пакупнікі не купляюць”, то да такога ўзнікаюць пытанні — адкуль грошы?
У такім выпадку прапануем запоўніць дэкларацыі аб даходах і маёмасці, патлумачыць неадпаведнасць. Часам, дарэчы, неадпаведнасці бываюць каласальныя. Скажам, не так даўно адзін лепельскі прадпрымальнік на працягу года набыў тры новыя кватэры ў Мінску плюс два новыя аўтамабілі. Пры гэтым даходы за мінулы год — менш за паўмільярда рублёў. Праверка паказала, згодна з разлікамі, перавышэнне расходаў над даходамі ў суме 306.323.130 рублёў. У выпадку непацвярджэння крыніц даходаў на суму перавышэння будзе даналічаны падаходны падатак у памеры 12 працэнтаў — 36.758.700 рублёў.
Дарэчы, такім жа чынам трымаем на кантролі набыццё грамадзянамі замежнай валюты, зямельных участкаў на аўкцыёнах, увоз тавараў і транспартных сродкаў з-за мяжы. Агенцтвы па рэгістрацыі, мытныя службы таксама рэгулярна дасылаюць нам патрэбную інфармацыю.
Бывае, грамадзянін з мэтай патлумачыць свае празмерныя даходы ўказвае, што грошы яму пазычылі родзічы, сябры, знаёмыя, калегі… З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў заканадаўстве, згодна з якімі пазыкі, атрыманыя не ад блізкіх родзічаў, таксама прызнаюцца даходамі і абкладваюцца падаходным падаткам. Напрыклад, сто мільёнаў рублёў, якія пазычыў грамадзяніну родны брат, падаходным падаткам абкладацца не будуць.
Калі ж грамадзянін у падаходнай дэкларацыі будзе ўказваць няпоўныя ці недакладныя звесткі, то на яго можа быць накладзены штраф ад пяці да 50 базавых велічынь. Дарэчы, такія выпадкі ў нашай практыцы не адзінкавыя. З пачатку года былі правераны дэкларацыі пяці фізічных асоб, выяўлены сур’ёзныя парушэнні. Па выніках праверак у бюджэт даналічана 19,6 мільёна рублёў плюс штрафныя санкцыі.
Хаця і паступова, але правасвядомасць грамадзян змяняецца ў лепшы бок. Кожны год рэгіструем фізічных асоб, якія, каб пазбегнуць адказнасці за займанне незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю, рэгіструюцца ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. У мінулым годзе, напрыклад, сем чалавек зарэгістраваліся ў якасці ІП у сферы паслуг па рамонце і тэхнічным абслугоўванні транспартных сродкаў. Яшчэ чатырнаццаць зарэгістраваліся як ІП у сферы паслуг па будаўніцтве і рамонце памяшканняў.
Падаткі з даходаў трэба плаціць — гэта аксіёма.
Мая САМУСЕВА,
начальнік раённай інспекцыі Міністэрства
па падатках і зборах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>