Усе аб пенсійным забеспячэнні лепяльчан

На адрас рэдакцыі па “прамой лініі” паступілі пытанні ад жыхароў горада і раёна, якія датычаць налічэння пенсіі па ўзросце, асаблівасцей пры афармленні дакументаў на яе атрыманне і многія іншыя. Падрабязна аб гэтым пойдзе наша размова з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Васілём Рававым.
— Васіль Усцінавіч, пракаменціруйце, калі ласка, наступнае пытанне. На момант афармлення пенсіі па ўзросце стаж работніцы склаў 38 год, але яна не звальняецца, а працягвае працаваць. Ці будзе пераглядацца пенсія пры дасягненні гэтай работніцай стажу сорак гадоў?
— Заканадаўствам не прадугледжаны пераразлік пенсіі па ўзросце з улікам часу работы пасля прызначэння пенсіі ў выпадках, калі ў час работы грама­дзянін атрымліваў пенсію.
Пераразлік пенсіі па ўзросце і за выслугу гадоў вядзецца з улікам стажу работы пасля яе прызначэння і пры ўмове неатрымання пенсіі за гэты перыяд у адпаведнасці з артыкулам 66 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні”.
— У гэтым годзе грама­дзянін, якому споўнілася 60 год, ідзе на пенсію па ўзросце. За які перыяд работы неабходна сабраць даведкі аб заработнай плаце?
— Сёлета пры прызначэнні пенсіі заробак вызначаецца за любыя дваццаць год запар (па выбары чалавека, які звярнуўся за пенсіяй) з апошніх трыццаці гадоў работы (уплаты абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь), незалежна ад перапынкаў, якія меліся.
Штогод перыяды, за якія ўлічваецца заробак для вылічэння пенсіі і з якіх ён выбіраецца грамадзянінам, што звярнуўся за пенсіяй, павяліч­ваецца на адзін год.
Такім чынам, у 2015 годзе заробак будзе вылічвацца за любыя 21 год запар з апошніх 31 года работы. Пры гэтым прадастаўленне дакументаў аб заробку за 21 (у 2014 годзе — дваццаць) год абавязкова, а за дзесяць год, якія засталіся, пажадана (для вызначэння аптымальнага варыянту заробку).
— Васіль Усцінавіч, скажыце, калі ласка, у якіх выпадках пераглядаецца памер пенсіі па ўзросце?
— Памер пенсіі па ўзросце можа пераглядацца пры ўзнікненні права на павышэнне пенсіі (напрыклад, пры прадастаўленні дакументаў аб няўлічаным пры прызначэнні пенсіі стажу работы, заробку і г.д.) або пры наступленні іншых, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні”, абставін, якія цягнуць змяншэнне пенсіі або спыненне яе выплаты.
Пераразлік прызначанай пенсіі або спыненне яе выплаты вядзецца з першага чысла месяца, які ідзе за тым, у якім быў пададзены зварот за пераразлікам пенсіі ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку або наступілі абставіны.
— Нярэдка нашых чытачоў хвалюе пытанне, ці прадугледжана заканадаўствам магчымасць прызначэння датэрміновай пенсіі за работу на Поўначы…
Ці павінен лічыцца стаж работы на Поўначы ў двайным памеры?
— Закон Рэспублікі Беларусь ад 17 красавіка 1992 года, што дзейнічае ў нашай краіне з першага студзеня 1993 года, не ўтрымлівае нормаў, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага выхаду на пенсію па ўзросце асоб, што працавалі ў раёнах Крайняй Поўначы і мясцовасцях, прыроўненых да паўночных раёнаў.
Аднак з мэтай захавання гарантый, устаноўленых заканадаўствам СССР для ўказанай катэгорыі работнікаў, пунктам 4 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб парадку ўвядзення ў дзеянне Закона РБ “Аб пенсійным забеспячэнні” прадугледжана асобам, якія адпрацавалі да дня ўвядзення ў дзеянне гэтага Закона (першага студзеня 1993 года) не менш за 15 каляндарных дзён у раёнах Крайняй Поў­начы або не менш за дваццаць каляндарных дзён у мясцовасцях, прыроўненых да раёнаў Крайняй Поўначы, пенсія па ўзросце са зніжэннем пенсійнага ўзросту, устаноўленага артыкулам 11 Закона, на пяць год. Значыць, мужчынам — 55 год, а жанчынам — 50.
Закон не прадугледжвае льготнае вылічэнне часу работы ў раёнах Крайняй Поўначы і прыроўненых да іх мясцовасцях. Таму гэта работа залічваецца ў стаж для прызначэння пенсіі ў каляндарным парадку.
— Васіль Усцінавіч, давайце разгледзім і такое пытанне. Грамадзяніну даслалі даведкі аб рабоце ў Казахстане. Яны змацаваны пячаткамі, зробленымі на казахскай мове. Ці будуць гэтыя даведкі прыняты для прызначэння пенсіі?
— Дзяржаўнымі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца руская і беларуская мовы. Адпаведна, дакументы, на аснове якіх органамі дзяржаўнага кіравання прымаюцца рашэнні, у тым ліку аб пенсійным забеспячэнні, павінны быць складзены на рускай або беларускай мовах.
Дакументы, у тым ліку асобныя рэквізіты дакументаў, складзеныя на замежнай мове, прымаюцца пасля іх перакла­ду на рускую або беларускую мову і натарыяльнага засведчання пераводу або сапраўднасці подпісу перакладчыка.
Пытанне аб перакладзе пячаткі на дакументах работніка, выдадзеных у Рэспубліцы Казахстан, мэтазгодна вырашаць пасля папярэдняй кансультацыі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аб магчымасці прыняцця ўказаных даведак для мэтаў пенсійнага забеспячэння. Упраўленне павінна ацаніць, ці адказваюць гэтыя даведкі патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Па гэтым пытанні неабходна пракансультавацца ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
— Грамадзянін у перыяд існавання СССР шэсць год адпрацаваў у Латвіі. Зараз пры афармленні яго на пенсію высветлілася, што пенсію за гэтыя гады ў Беларусі яму не прызначаць. Ці так гэта на самой справе?
— Так. З кожнай з дзяржаў, якая раней уваходзіла ў склад Савецкага Саюза, Рэспубліка Беларусь імкнецца супрацоўнічаць у сферы пенсійнага забеспячэння. Прававое рэгламентаванне гэтага супрацоў­ніцтва ажыццяўляецца шляхам заключэння двухбаковых дагавораў.
З Латвійскай Рэспублікай адпаведны дагавор заключаны толькі ў лютым 2008-га, а ўступіў ён у сілу ў верасні 2010 года. Дагавор заснаваны на прынцыпе прапарцыянальнасці, згодна з якім за стаж, напрацаваны на тэрыторыі Латвіі, у тым ліку і ў часы Савецкага Саюза, пенсію прызначае і выплачвае латвійскі бок. Пры гэтым прымяняюцца палажэнні нацыянальнага заканадаўства Латвіі. Таму пенсіі за работу ў Латвійскай Рэспубліцы афармляюцца кампетэнт­нымі органамі гэтай рэспублікі ў адпаведнасці са сваім заканадаўствам.
Пенсійны ўзрост у Латвіі для прызначэння пенсіі па старасці на агульнай аснове як для жанчын, так і для мужчын складаў 62 гады. У сувязі са змяненнямі ў заканадаўстве Латвіі пенсійны ўзрост, неабходны для прызначэння пенсіі па старасці, з 2014 года стаў паступова павышацца з 62 да 65 гадоў.
Для атрымання латвійскай пенсіі грамадзяне павінны пасля дасягнення пенсійнага ўзросту, устаноўленага ў Латвіі, звярнуцца з адпаведнай заявай, дакументамі аб рабоце і заробку ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь. Гэты орган сфарміруе камплект дакументаў і пераправядзе яго ў кампетэнтны орган Латвіі.
— Васіль Усцінавіч, ці можа грамадзянін адмовіцца ад пенсіі для таго, каб яе павялічыць, калі ён атрымлівае пенсію з 2010 года і працуе?
— Такая магчымасць ёсць. У цяперашні час у адпаведнасці з артыкулам 23-1 Закона “Аб пенсійным забеспячэнні” пры звароце за пенсіяй па ўзросце пазней дасягнення агульна­ўстаноўленага пенсійнага ўзросту або пры адмаўленні ад атрымання ўжо прызначанай пенсіі па ўзросце, пенсія павялічваецца на адзін працэнт заробку за кожныя два месяцы работы без атрымання пенсіі. Пры гэтым пенсія максімальным памерам (75 працэнтаў заробку) не абмяжоўваецца.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 сакавіка 2012 года “Аб мерах па ўдасканаленні пенсійнага забеспячэння грамадзян”, які ўступіў у сілу з першага кастрычніка 2012 года, указаныя працэнты павялічаны. Так за першы поў­ны год неатрымання пенсіі яна будзе павялічана на шэсць працэнтаў заробку, які прымаецца для яе вылічэння, за другі — на восем працэнтаў, за трэці — на дзесяць працэнтаў, за чацвёрты — на дванаццаць працэнтаў, за пяты і кожны наступны год — на чатырнаццаць працэнтаў. Калі работа без атрымання пенсіі складае менш за адзін год, то павелічэнне за кожныя поўныя два месяцы такой работы складае адзін працэнт заробку. Указаныя памеры павелічэння пенсіі суміруюцца паміж сабой.
— Васіль Усцінавіч, раскажыце, калі ласка, аб парадку налічэння і выплаты надбаўкі за ўзрост. Якім чынам налічваюцца надбаўкі за догляд?
— Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з першага студзеня 2012 года ўстаноўлена даплата атрымальнікам пенсій у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь і не працуюць: пры дасягненні 75 год — у памеры 75 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце, а пры дасягненні 80 гадоў — у памеры ста працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.
Даплаты ўстанаўліваюцца з першага чысла месяца, які ідзе за месяцам дасягнення ўзросту 75 (80) гадоў, і выплачваюцца ў парадку, прадугледжаным для выплаты пенсій.
У адпаведнасці з артыкуламі 25, 33, 41-1, 50-1 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” да пенсій устанаўліваецца надбаўка за догляд: інвалідам першай групы — сто працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце, а пенсіянерам, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, — 50 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.
Пры наяўнасці права на надбаўку на догляд па розных падставах, прадугледжных у вышэйназваных артыкулах, надбаўка прызначаецца па адной з указаных прычын.
Адзначу, што мінімальны памер пенсіі па ўзросце на першага снежня 2014 года склаў 349005 рублёў — 25 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.
— Вялікі дзякуй, Васіль Ус­цінавіч, за змястоўную гутарку.
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>