З Лепелем родным з’яднаны мы лёсам…

443Лепель славіцца гасцін­нымі, шчырымі і адкрытымі сэрцам людзьмі, сярод якіх нямала перадавых работнікаў сельскай гаспадаркі, працаўнікоў вытворчасці, людзей, адданых сваёй справе.
Першым мерапрыемствам у Дзень горада стала адкрыццё выставы з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея і гашэнне маркі г. Лепеля ў раённым краязнаўчым музеі.
Шмат гасцей сабралася на плошчы Свабоды. На выставе “Лепель і лепяльчане” па фотаздымках госці пазнаёміліся з гісторыяй гарадскіх устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў.
І вось наступае хвалюючы момант. Пад бадзёрыя гукі духавых аркестраў на плошчу Свабоды ідуць стройныя калоны прадстаўнікоў устаноў адукацыі, медыцыны, работнікі банкаў, шэрага гарадскіх прадпрыемстваў і г.д. Пачынаецца адкрыццё свята. Зусім нечакана госці апынуліся ў далёкім XVI стагоддзі… Пад гукі старажытнай музыкі на плошчу на кані выязджае ўладальнік Новага Лепеля, канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега. Услед за ім ідзе ўся світа. Князь цёпла павіншаваў лепяльчан, усіх гасцей і ўручыў старшыні райвыканкама Барысу Яфрэмаву імянны медаль.
— Гонар Лепеля — яго шчырыя, працавітыя і адказныя людзі, якія, не шкадуючы сіл і энергіі, штодзень працуюць на карысць раёна і тым самым павялічваюць дабрабыт дзяржавы, — адзначыў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў. — Працоўныя штаты гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў папаўняюць маладыя спецыялісты, якія становяцца дастойнай зменай. Няхай жа і надалей наш Лепель, мілы сінявокі край, цвіце і набірае моц, а поспехі і перамогі яго жыхароў праслаўляюць наш край.
Вельмі прыемна было назіраць за цудоўным выступленнем ­удзельніц узорнага ансамбля танца “Зачаравашкі”, якія прыпаднеслі працоўным калектывам духмяныя караваі.436
Па традыцыі на свята горада грамадзянам, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё раёна, прысвойваюцца званні “Ганаровы грамадзянін г. Лепеля”. Сёлета іх удастоены намеснік міністра фінансаў Рэспублікі Беларусь Максім Ермаловіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пётр Шыкшнян і дырэктар шматпрофільнага медыцынскага цэнтра “Ладэ” Уладзімір Гарбачоў. Усіх гасцей уразіла яркае выступленне юных танцораў — выхаванцаў Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў, якія цудоўна выканалі “Лявоніху”. На некалькі хвілін уся плошча апынулася ў яркім танцавальным віры, і кожны з гасцей атрымаў зарад выдатнага настрою.
А вось і яшчэ адзін яркі момант: пад пранікнёныя матывы дзіцячай песні па плошчы са сваімі малышамі ідуць маладыя бацькі, якія сталі ўдзельнікамі конкурсу на лепшую стылізаваную каляску. Конкурс стаў яркім, захапляльным шоу, паколькі кожная з калясак была аформлена цікава і арыгінальна. Першай у калоне ішла маці траіх дзяцей Святлана Шык. Каляску свайго сынулі Пашы, якому споўнілася дзесяць месяцаў, маладыя бацькі аформілі ў выглядзе прыгожай карэты, перад якой у ролі двух сімпатычных конікаў ішлі дзве старэйшыя дачушкі — Оля і Ксюша. Маладая маці Таццяна Карымава каляску сваёй паўтарагадовай дачушкі Сафіі аформіла ў выглядзе прыгожай пышнай кветкі. Услед за імі крочыла маладая матуля Юлія Юрк з каляскай у выглядзе… танка, дзе размясціўся маленькі танкіст Данііл, якому хутка споў­ніцца дзевяць месяцаў. У выглядзе прыгожай карэты з конікам аформіла каляску сваёй дзесяцімесячнай дачкі Сафіі Анастасія Маркус. У чарговы раз упэўнілася, што творчая фантазія і натхненне не маюць межаў.
444Загучалі рытмічныя акорды, і плошчу ахапілі радасныя воклічы — лепяльчане вітаюць удзельнікаў 2-га этапу Кубка Рэспублікі Беларусь па ралі-спрынце “Лепель-2014”. Калона аўтамабіляў тройчы аб’ехала плошчу Свабоды, а затым выстраілася ўздоўж плошчы. Акрамя прадстаўнікоў Беларусі ў сёлетніх спаборніцтвах прынялі ўдзел і спартсмены Літвы. З цёплым прывітаннем і віншаваннем да лепяльчан ад імя ўдзельнікаў спаборніцтваў па ралі-спрынце звярнуўся старшыня Гомельскага гарадскога грамадскага аб’яднання “Аўтаклуб “Начныя цені”, арганізатар міжнародных і рэспубліканскіх чэмпіянатаў па драг-рэйсінгу і класічным ралі, член Беларускай аўтамабільнай федэрацыі, індывідуальны прадпрымальнік Дзмітрый Шапораў. Затым вадзіцелі накіраваліся на другі этап Кубка Рэспублікі Беларусь па ралі-спрынце, які праходзіў па маршруце Лепель — Валова Гара — Окана. Госці цёпла сустрэлі таксама байкераў Лепельскага раёна.
Яркім завяршэннем адкрыцця свята стала песня, прысвечаная Лепелю, якую выканалі Мікалай Мадатаў, Іван Дабрыднеў і Віталь Хватынец. Цудоўную харэаграфічную афарбоўку выступлення зрабілі ўдзельнікі ўзорнага ансамбля танца “Лілея” і ўзорнага тэатра танца “Капрыз”.
* * *
Паступова свята набірала размах. Па вуліцы Ленінская радавалі вочы гледачоў непаўторныя кветкавыя кампазіцыі, створаныя 445ўмелымі рукамі работнікаў гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў. Работнікі ўстановы аховы здароўя “Лепельская аблпсіхбальніца” зрабілі прыгожы млын, побач з якім на стале знахо­дзіліся букеты восеньскіх кветак, грыбы і садавіна. Прыгожае сэрца з кветак стварылі работнікі цэнтральнай раённай бальніцы. Немагчыма было адвесці вачэй ад шыкоўнага твора супрацоўнікаў філіяла Лепельскі хлебазавод ААТ “Віцебск­хлебпрам”. З кветак яны зрабілі прыгожы вялікі капялюш, што вісіць на вешалцы з кветак, а ўнізе, на кветкавым дыванку, размясцілі прыгожы кветкавы чаравік. Прадстаўнікі РДУП “Лепельскі электрамеханічны завод” зрабілі да конкурсу прыгожы восеньскі букет, размешчаны ў вазоне з гарбуза на лясной палянцы. Прадстаўнікі ДКУБП “Лепельская ПМК-75” вырабілі з кветак цудоўнага матылька. Захапіў гледачоў сваёй прыгажосцю твор работ­нікаў унітарнага прадпрыемства “Лепельскае ПМС”. Толькі ўявіце сабе, што з кветак яны зрабілі прыгожы капялюш, матылька, восеньскімі кветкамі ўпрыгожылі парасон. Побач з імі на лавачцы быў размешчаны кошык з кветкамі, сярод якіх выглядалі мілае кацяня, ціграня і птушка. Арыгінальныя кампазіцыі былі падрыхтаваны таксама ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод” і іншымі арганізацыямі. Многія лепяльчане пажадалі сфатаграфавацца з шыкоўнымі творамі на памяць.
Ветліва запрашалі да сваіх падвор’яў працавітыя гаспадары сельсаветаў раёна. Звонкімі народнымі спевамі прывіталі гледачоў прадстаўніцы Бароўскага сельсавета Ніна Бяздзенежных, Наталля Кантур і іншыя вакалісты. Немагчыма было прайсці міма казачнага дворыка Домжарыцкага сельсавета, дзе шчымлівымі спевамі віталі гледачоў удзельніцы народнага хору “Беразіначка”. Усім узнімалі настрой вясёлыя персанажы — Баба-Яга і Лесавічкі. У “Бярэзінскім кутку” за прымальную плату можна было набыць шмат прыгожых сувеніраў, паштовак і буклетаў аб дзейнасці Бярэзінскага біясфернага запаведніка.
На кожным падвор’і гучалі звонкія спевы. Гаспадары аграгарадкоў і вёсак прывезлі шмат садавіны, прыгатавалі мноства апетытных страў, якімі шчыра запрашалі пачаставацца гасцей. Немагчыма было прайсці міма выдатна аформленых падвор’яў Каменскага, Стайскага, Слабадскога, Валосавіцкага сельсаветаў. Да багатага стала са смачнымі клёцкамі, дранікамі, салатамі і іншымі стравамі запрашалі гасцей прадстаўнікі Баброўскага сельсавета. Жадаючыя з задавальненнем частаваліся “Малі­навым спатыкачом” і “Баброўкай”. Шчыра запрашалі гасцей да падвор’я Лепельскага сельсавета дзве прыгажуні-цыганкі і цыганскі барон.
Шмат гасцей сабралася і на падвор’і Горскага сельсавета.
Знакавай падзеяй на свяце горада стала адкрыццё на вуліцы Дзяржынскага карты г. Лепеля XVIII стагоддзя, алеі фотаздымкаў “Лепель на старых паштоўках” і знака “Нулявы кіламетр”.
Паўсюдна віраваў святочны гандаль. Лепяльчане набывалі прысмакі, мясныя і кулі­нарныя стравы. Уражвалі прахожых непаўторныя творы раённага Цэнтра рамёстваў, раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, інвалідаў, дзяржаўнага прафесійнага ліцэя і аграрна-тэхнічнага каледжа.
Дзеткі з задавальненнем весяліліся на гульнёвых пляцоўках і атракцыёнах, прымалі ўдзел у спартыўных конкурсах, шмат гасцей сабралася каля “Паходнай кухні”. Захапілі гасцей свята арыгінальныя творы на выставе-кірмашы ўстаноў адукацыі на танцавальнай пляцоўцы.
* * *
446Бадзёрыя акорды музыкі паклікалі гасцей на канцэрт “Славім цябе, наш горад!” у летнім амфітэатры. Сваімі выступленнямі парадавалі гасцей юныя артысты, спевакі, музыканты гарадскога Дома культуры і Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў. Тут жа адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу па добраўпарадкаванні. Імі сталі лепяльчане Уладзімір Сальнік, які пражывае ў доме №9 па вуліцы Кірава, 83-гадовая Антаніна Крупіцкая, жыхарка дома №12 па завулку Садовы, і Мікалай Вільтоўскі (дом №4 па вуліцы 2-я Залінейная). Гаспадарам лепшых сядзіб старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў уручыў каштоўныя падарункі. Былі ўзнагароджаны таксама пераможцы выставы-конкурсу кветак і кветкавых кампазіцый. Першае месца заняла кветкавая кампазіцыя філіяла “Лепельскі хлебазавод” ААТ “Віцебскхлебпрам”, другое — унітарнага прадпрыемства “Лепельскае ПМС”, а трэцяе — ДКУБП “Лепельская ПМК-75”. Пераможцы атрымалі Дыпломы і каштоўныя падарункі.
Цудоўная святочная праграма для гасцей была падрыхтавана і ўвечары. На плошчы Свабоды адбылося закрыццё 2-га этапу Кубка Рэспублікі Беларусі па ралі-спрынце “Лепель-2014”. Шмат гледачоў сабралася ў летнім амфітэатры. Сваімі спевамі парадавалі гасцей Аляксандр Балотнік, Ілза Алахвердзян, Аляксандр Надточы, Андрэй Дзяргай і іншыя выканаўцы. Заці­кавіў гледачоў паказ відэа­фільмаў аб Лепелі ля ўваходу ў гарадскі парк. Непаўторнымі акордамі свята сталі фаер-шоу і святочны феерверк. Моладзь да апоўначы весялілася пад рытмы дыскатэкі на танцавальнай пляцоўцы.
Свята ўдалося на славу. З выдатным настроем, атрыманым ад мерапрыемстваў, пакідаю гарадскі парк і ад душы жадаю: “Я ганаруся табой, мой дарагі Лепель! Памнажай свае пос­пехі, сустракай усё больш гасцей, расці і квітней з году ў год, родны горад!”
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.

На здымках: канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега ўручае Барысу Яфрэмаву імянны медаль; старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў ад душы віншуе Ганаровых грамадзян г. Лепеля Пятра Шыкшняна (злева) і Уладзіміра Гарбачова; на адкрыцці свята ўразілі сваім выступленнем гледачоў юныя танцоры; спяваюць Мікалай Мадатаў, Іван Дабрыднеў і Віталь Хватынец; шчыра сустракаюць гасцей на сваім падвор’і гаспадары аграгарадка Стаі.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>