Пакланіцца мінуўшчыне

149Прасторны, дагледжаны катэдж Кажэмскіх мог бы паслужыць месцам адпачынку для турыстаў, калі б раптам у адначассі займеў статус аграсядзібы.
— А чаму б і не? — наўпрост кажу гаспадыні.
Тая паціскае плячыма ды прызнаецца, што з гэтай сферай дзейнасці не сутыкалася. Хаця на перспектыву не выключае і такога варыянта.
Між тым Таццяна Кажэмская ўжо даўно працуе ў гэтым накірунку. Нездарма ж я задаўся пытаннем, наколькі яна сучасны чалавек… Магчыма, ёй трэба было нарадзіцца ў іншым стагоддзі, побыт якога ёй такі блізкі і любы? Ёй трэба было жыць сярод рэчаў, якія цярпліва і з любоўю збірае ўжо не адзін год. Вунь балалайка старая. Сама Таццяна граць не ўмее, але ж з якім трымценнем яна дакранаецца да струнаў, што некаму ў свой час улагоджвалі душу! А вунь цяжкія чыгунныя прасы. Сам яшчэ памятаю такія. У іх засыпалі гарачае вуголле і прасавалі бялізну. І, ведаеце, гарачага вуголля хапала надоўга. Ёсць радыёла і стары гадзіннік. Таццяна марыць дастаць грамафон, ды абавязкова спраўны, каб можна было пласціначку паставіць і песню паслухаць — як прывітанне з мінулага. І ўжо “заказала” ў знаёмых прасніцу.
Як жа прыйшла да яе думка збіраць калекцыю старых рэчаў?
— Ды неяк само сабой атрымалася, — расказвае Таццяна Мікалаеўна. — Калі дабудавалі катэдж, на мансардзе аказалася шмат вольнага месца, якое трэба было нечым заняць. Знаёмыя прынеслі штосьці з даўніны, так і пачалося.
Колькі назбіралася экспанатаў, гаспадыня і сама не ведае, але, мабыць, іх лік вядзецца ўжо не на дзясяткі, а на сотні. Чыгункі і гладышы, лапці і прыборы для галення, шматлікія сувенірныя фігуркі з дрэва і керамікі — чаго тут толькі няма! Фактычна на мансардзе атрымаўся музей. Калекцыю сабраных рэчаў сялянскага побыту мінулых стагоддзяў выгадна дапаўняюць уласныя Таццяніны вышываныя работы, якіх таксама ўжо набралася дзясяткі. Акуратна аформленыя, у рамачках, пад шклом, яны надаюць імправі­заванаму музею хатняй утульнасці.
— Вышываць пачала, — кажа Таццяна, — калі сядзела ў дэкрэтным. Сяброўка Святлана Артамонава паказала, і вось ужо васямнаццаць гадоў халоднымі зімамі, калі няма асаблівай працы на вуліцы, займаюся.
Насамрэч вышывае Таццяна з дзяцінства, а таксама вяжа кручком і спіцамі. Талент перадаўся ёй, па ўсім відаць, ад продкаў, якіх вельмі шануе і пра кожнага з якіх імкнецца распавесці. Набралася работ пад сорак. Была нават выстава ў “Скарбонцы”, але не столькі напаказ творыць Таццяна прыгожыя рэчы, колькі для сябе, для росквіту душы.
— Працаўнікі, — кажуць знаёмыя пра Кажэмскіх, — рупліўцы.
Таццяна хоць і ў горадзе нарадзілася, ды заўсёды была вясковаю. Бабуля з дзядулем, якія жылі ў Свя­дзіцы, прывучылі да сялянскай працы. Дзядуля ў яе гераічны. Сцяпан Пад’ельскі быў у партызанах, працаваў дырэктарам Свядзіцкай школы. Жонка яго Антаніна Якаўлеўна была таксама шчырай руплі­віцай, гаспадарку глядзела, дзяцей гадавала. Таццяніна маці Зінаіда Сцяпанаўна працавала настаўніцай. На настаўніцу вучылася і сама Таццяна — у педагагічным кале­джы ў Магілёве. Аднак папрацаваць па спецыяльнасці ёй так і не давялося. Нейкі час стаяла за станком на заводзе шасцерань, дзе і сустрэлася дзяўчына з земляком, які быў наладчыкам станкоў. У 1992-м згулялі з Аляксандрам вяселле.
А тым часам прыйшла іншая эпоха — камерцыйная. І абодва падаліся ў бізнэс, бо трэба было станавіцца на ногі. Неўзабаве, у дзевяноста шостым, нарадзілася Яна. А жылля свайго не было. Спачатку здымалі кватэры, затым жылі ў “хрушчоўцы” ў раёне малаказавода. Праз сем гадоў паявіўся на свет Мікіта. І толькі восем гадоў таму яны нарэшце аблюбавалі катэдж на маляўнічым узбярэжжы Прошы, які каштаваў, зрэшты, па тым часе не так і дорага. Можа, таму што быў недабудаваны. Дабудоўвалі некалькі гадоў. Таццяна сама ўсё пафарбавала ўсярэдзіне, Аляксандр паслаў ламінат. Адначасова займаліся камунікацыямі, правялі водаправод, газ. Лазенька прыгожая вырасла на падворку.
Жыццё наладзілася. Ды ў пабудаваным катэджы нязвыкла прасторна. Жывуць утрох, калі не лічыць пацешнага гарэзлівага сабачкі Флэшка, усеагульнага любімчыка, і мудрай Алісы Пятроўны — кошкі, якую ў свой час Яначка кацянём на далоні з вуліцы прынесла. Дачка ўжо ў Мінску, вучыцца на перакладчыка. Сын пакуль у школе. Здольны хлопчык, грае на гітары, ходзіць на гандбол і вучыцца на выдатна, вісіць на Дошцы гонару. Жыццё наладзілася, і можна казаць, што Кажэмскія наладзілі яго сваімі рукамі.
М. ВАЛОХА.
На здымку: Таццяна Кажэмская ва ўласным імправізаваным музеі.
Фота аўтара.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>