Дачны злодзей

лодэ-домВасіль Каура жыве ў Чашніках. 42 гады мужчыне. Узрост дастатковы, каб вызначыцца ў вірлівым жыцці. І ён вызначыўся. Навошта надта напружвацца, калі можна пажывіцца чужым дабром. Наўкола багата дабра таго. Асабліва на дачах. О, тут ён разгарнуў бурную дзейнасць…
Транспарт меў пад рукамі не дужа мабільны — веласіпед. Паспрабуй пакруціць педалі трыццаць кіламетраў да Лепеля. Не кожны адужае такую адлегласць. Пры тым калі ўлічыць, што назад вяртаўся загружаны пад завязку. Дрэнна, калі вецер быў сустрэчны, у твар дзьмуў. Высілкаў патрабавалася зашмат. Адно сагравала сэрца: вяртаўся з немалымі па каштоўнасці “трафеямі”, велік аж прыгінаўся ад грузу.
На Жарсцвянікі паклаў вока злодзей. Пабудовы дыхтоўныя, а ў пакоях і кладоўках чаго толькі няма. Густам асаблівым Васіль, мусіць, не вызначаўся. Браў інструменты, рэчы розныя, не грэбаваў і прадуктамі харчавання. У гаспадарцы ржавы цвік не лішні. Навазіў на ровары горы чужой маёмасці. Апетыт разгараўся.
Ніякіх адмысловых прыстасаванняў для пранікнення ў дачныя апартаменты не меў. Спосаб крадзяжоў быў банальна просты: знімаў штапікі, а потым выстаўляў шкло. А там прастора для злачынных дзеянняў. Гэтулькі ўсяго! Укра¬дзенае па цэнах зашкальвала, прыбытак цягнуў на дзясяткі мільёнаў рублёў. У студзені сёлетняга года Васіль Каура аблюбаваў дом на тэрыторыі садаводчага таварыства “Усходняе”. Дабра вывез коштам больш як на пяць мільёнаў рублёў. Толькі пералік займае ў судовым прыгаворы не адзін радок. Зламыснік “прыхватызаваў” пыласос замежнай вытворчасці, 40 фарфоравых талерак, дзве пары красовак, пяць аўдыёкалонак ”ВВК”, дзве жаночыя і дзве мужчынскія курткі, мікрахвалевую печ і яшчэ шмат чаго.
У красавіку 2013-га Васілю таксама пашанцавала. У адным з дамоў таго ж садаводчага таварыства завалодаў матэрыяльнымі каштоўнасцямі аж на 12 мільёнаў рублёў. “Пачысціў” пакоі, падалося, што можна ўзяць болей. Не памыліўся. Удача плыла ў рукі. Знайшоў ключ ад навяснога замка гаспадарчай пабудовы. Зазірнуў — і вочы загарэліся сквапным агеньчыкам. Не пагрэбаваў дзвюма рабочымі курткамі, замком з наборам ключоў, апырсквальнік і ровар прыхапіў…
Злодзей стараўся як мага лепей замесці сляды. Пасля аперацыі не спяшаўся пакінуць дачныя ўчасткі. Шкло і штапікі замацоўваў на ранейшыя месцы. Зразумела, каб гаспадары і дапытлівыя суседзі адразу не забілі трывогу.
Час патрабаваўся і на ўкладку нарабаванага дабра. Транспарт жа не дужа ўмяшчальны. Звычайны веласіпед. Напрактыкаваўся так, што вялікай замінкі не адбывалася.
Крадзяжы скалыналі дачныя ўчасткі. Сляды злодзея яўна вялі за лепельскія ваколіцы. Супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў звязаліся ў краса¬віку 2013 года з чашніцкімі калегамі. І правільна зрабілі. У дзень учынення буйнога крадзяжу на лепельскіх дачах у суседнім райцэнтры бачылі грамадзяніна В.М. Кауру, які вёз на веласіпедзе розную маёмасць. Ухапіліся за інфармацыйную нітку. І не дарэмна. На злодзеі, кажуць, шапка гарыць. Васіль Каура тайны асаблівай са сваіх вандровак не рабіў, распавёў аб “бізнэсе”. Укра¬дзеныя рэчы захоўваліся ў кватэры і падвальным памяшканні.
Кропку ў дачных набегах паставіў суд. З улікам усіх абставін справы В.М. Кауру прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на два гады.
Злодзей атрымаў па заслугах. А нам якую выснову трэба зрабіць? Дачы варта лепей умацоўваць, а можа і пра вартавую ахову падумаць. Інакш злачынны вал не спыніць Да кожнага дома па міліцыянеру не паставіш…
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>