Станоўчая дынаміка

 У эканамічным развіцці раёна назіраецца тэндэнцыя да росту, з 19 асноўных прагнозных сацыяльна-эканамічных паказчыкаў за восем месяцаў выкананы сем, яшчэ па дзесяці назіраецца станоўчая дынаміка — ёсць прырост адносна мінулага года, але недастатковы да запланаванага.

 Прамысловыя прадпрыемствы Лепельшчыны выпусцілі прадукцыі на агульную суму 746,9 мільярда рублёў. Лідарам у эканамічным жыцці рэгіёна з’яўляецца Лепельскі малочнакансервавы камбінат, які па некаторых групах тавараў нарасціў вытворчасць да 20 і больш працэнтаў адносна аналагічнага мінулагодняга перыяду.

Значным ростам вытворчасці вызначаецца таксама камбікормавы завод, на ім забяспечаны прырост вытворчасці больш як на 25 працэнтаў.

 Інавацыі — важнейшае пытанне, якое стаіць перад сучаснай эканомікай. Увесь сусветны вопыт даказвае: той, хто не рухаецца наперад — рухаецца назад. Таму ўкараненне, выпуск новых відаў прадукцыі — на асаблівым кантролі. Прадпрыемствамі раёна ў агульным аб’ёме адгружанай спажыўцам прамысловай прадукцыі ўдзельная доля інавацыйнага прадукту складае 37,2 працэнта, што больш як на пяць працэнтаў перавышае планавае заданне.

 Сярод лідараў інавацыйнага развіцця зноў жа МКК. Магутным імпульсам для творчых пошукаў тэхнолагаў сталі кантракты з Венесуэлай. Сухое цэльнае малако ўзбагачанае вітамінамі “А” і “Д” — галоўны інавацыйны прадукт, вытворчасць якога лепельскія малакаперапрацоўшчыкі плануюць да канца года давесці да 7500 тон.

 Працаўнікі рамонтна-механічнага завода працягваюць перспектыўнае супрацоў­ніцтва з СТАА “Сцілус”, вырабляюць камплектуючыя для ўстаноўкі механічнага скручвання і раскручвання рукавоў.

 Пастаянна над абнаўленнем асартыменту працуюць і спецыялісты хлебазавода. З пачатку года імі наладжана вытворчасць больш за дзесяць новых відаў хлебабулачных вырабаў. А на камбікормавым заводзе распрацаваны і выпускаюцца сем новых сартоў камбі­кармоў для жывёлы і птушкі.

 Сельская гаспадарка раёна развіваецца дынамічна. Толькі за восем месяцаў сельгасарганізацыямі раёна выраблена валавой прадукцыі на суму больш як 118714 мільёнаў рублёў. Прырост у супастаўляльных цэнах да адпаведнага перыяду мінулага года склаў 9,8%.

 Прырасла адносна леташняга перыяду вытворчасць малака на 5,8% і за сту­дзень — жнівень склала 19557 тон. Прыросту не зашкодзілі неспрыяльныя ўмовы надвор’я, што даказвае ісціну: там, дзе выконваюцца патрабаванні тэхналогіі — ёсць станоўчы вынік. Сярэдні надой ад каровы за гэты ж перыяд узрос да 3321 кг, больш леташняга на 65 кг. Вядома, не ўсё надоенае ў гаспадарках малако здаецца на малаказавод, частка яго застаецца для ўласных патрэб, найперш — для кармлення цялятаў. Аднак таварнасць малака — адзін з важных паказчыкаў эканамічнай эфектыўнасці. На сёння самая высокая таварнасць (88,4%) — у СВФ “Заазер’е”, самая ж нізкая (80,9%) — у “Лепельаграсэрвісе”. Сярэдні па раёне паказчык — 85,2%.

 Не збаўляе абаротаў і адзін з лакаматываў эканомікі — жыллёвае будаўніцтва. Пры гадавым заданні ў 10 тысяч квадратных метраў у раёне ўжо ўведзены ў строй 9433 квадратныя метры, што складае 94,3 %. З іх амаль палова (4736 м2) — для грамадзян, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. У сельскай мясцовасці ўведзены ў строй 2817 м2. Усяго ў жыллёвае будаўніцтва з пачатку года інвеставаны 22758 мільёнаў рублёў.

 Сярэдняя налічаная заработная плата ў раёне за студзень складала 2201783 рублі, а ў ліпені працаўнікам было налічана ў сярэднім па 3264885 рублёў.

 Пры ўсім гэтым вымушаны канстатаваць некалькі негатыўных момантаў. Найперш — недаход інвестыцыйных сродкаў. Так, за сем месяцаў было прыцягнута з розных крыніц фінансавання крыху больш за 100 мільярдаў рублёў, што складае каля 77% ад леташняга аб’ё­му. Складаная сітуацыя ўтварылася вакол малочнакансервавага камбіната, за сем месяцаў у выніку гаспадарчай дзейнасці там замест прыбыткаў атрыманы страты ў 11931 мільён рублёў. Прычын некалькі. Па-першае, на сусветных рынках істотна, аж на 24%, знізіліся цэны на іх асноўную прадукцыю — сухое цэльнае малако. Калі ў снежні кілаграм яго каштаваў 4,6 долара ЗША, то ў ліпені — 3,7 долара. А па-другое, цэны на сырое малако, закупляемае ў гаспадарках, узняліся на 16,3%. Гэтыя і іншыя па­дзеі сталі прычынамі істотнага зніжэння рэнтабельнасці ў рэальным сектары эканомікі раёна.

Віталь ДЗМІТРЫЕЎ,

намеснік старшыні райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>