Очередная ярмарка в Лепеле собрала много гостей

img_3349Другі суботні кірмаш стаў поўнай нечаканасцю. Аб яго правядзенні даведаўся напярэдадні, таму, каб пайсці туды, спатрэбілася крыху змяніць свае планы. І як бы ні хацелася з раніцы паспаць, паленавацца, з дэвізам “Наперад, праца кліча!”, рушыў у райцэнтр.
Гандлявалі тыя ж сельгасвытворцы, што і ў мінулы раз, не было толькі гасцей са Століна, а таксама прадстаўнікоў прадпрыемстваў гарадскіх: раённага спажывецкага таварыства і Лепельскага РГС філіяла ВУ “Чашнікігаз”. ААТ “Чарэйшчына” і ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” прывезлі бульбу і збожжа. Астатнія — збожжа розных культур, зерне кукурузы, гароху, насенне траў. Прадстаўнікі ААТ “Лядна” зноў прымалі заказы на дастаўку гною.
Прыбыў а дзявятай гадзіне раніцы. Прадаўцы з “Чарэйшчыны” на той момант амаль распрадалі збожжа, заставалася толькі мяхоў з пяць пшаніцы. Расказвае вадзіцель гаспадаркі Аляксандр Чарныш:
— Найбольш хутка раскупілі авёс, я нават здзівіўся. Некаторыя куплялі адразу па дзесяць мяхоў. А вось бульба затрымалася, і паловы прывезенага яшчэ не прадалі.
Побач з чарэйшчынскім МАЗам складзены дзесяць мяхоў, жанчына, іх пакупніца, распавядае:
— Я Марыя Іванаўна Літвіна. Хоць і пенсіянерка, але лічу, што ніяк нельга жыць зусім без справы, сядзець склаўшы рукі. Трымаем мы невялікую гаспадарку. На мінулым кірмашы купілі дзесяць мяхоў ячменю, для курачак. А сёння набылі дзесяць мяхоў аўса для трусоў. Зараз прыедзе мой унук Міша на машыне, перавязём пакупкі.
img_3352Неўзабаве прыехаў малады мужчына, ён разам з Аляксандрам Чарнышом загрузіў пяць мяхоў, адвёз дахаты, а праз паўгадзіны вярнуўся і забраў рэшту. Прыгледзеўшыся, адзначыў, што многія лепяльчане на кірмашы набывалі тавар вялікімі аб’ёмамі, на запас. Рэдка хто купляў па вядру-два.
З боку ўнівермага сваю кропку наладзілі работнікі культуры. Песні гучалі над Лепелем, водгукі іх даносіліся да цэнтральнай базарнай плошчы. Па іх астатнія пакупнікі і прадаўцы вызначалі, што ідзе кірмаш, на іх скіроўваліся.
Аднак заўважыў, што бульбу чамусьці набываюць не надта ахвотна. Сваімі назіраннямі падзяліўся з Аляксандрам. Той адказаў:
— Пасля мінулага кірмашу мы каля пяці мяхоў бульбы назад прывезлі. На цяперашні кірмаш зрабілі папраўку, узялі бульбы крыху менш, а на яе месца прыхапілі збожжа.
Між тым да гандлёвай кропкі сортавыпрабавальнай станцыі пад’ехала чарговая легкавушка. Яе вадзіцель прадставіўся:
— Я Юрый Фралоў. Хачу набыць бульбы, але, каб не рызыкаваць, куплю зараз толькі адну сетку. Адвязу дахаты, там пакаштуем. Калі спадабаецца, вярнуся і куплю больш.
Так рабілі некаторыя пакупнікі.
Побач з сартастанцыяй стаяў МАЗ з СВФ “Заазер’е”. З яго прадавалі пшаніцу, ячмень, кукурузу, гарох, насенне траў. Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце прадпрыемства Сяргей Маркавец тлумачыў:
— Пасевы кукурузы сёлета былі вялікія. Мы фізічна не паспявалі ўсё ўбраць на сілас. Таму было прынята рашэнне тыя палеткі, дзе кукуруза выспела і сцяблы пажаўцелі, убраць на зерне. Яно таксама пажыўнае. Калі дадаваць кукурузную муку, атрымліваецца выдатная сумесь, амаль камбікорм. Людзі набываюць розны тавар, ёсць пакупнікі і на травы, і на гарох, і на кукурузу.
Вось прыехалі на “Ніве” Васіль Іванавіч з Зояй Максімаўнай. Прайшлі па плошчы і спынілі свой выбар на “Заазер’і”, купілі ў іх пяць мяхоў ячменю. Жанчына заўважае:
— Трымаем дзесяць курачак, якраз для іх досыць на ўсю зіму. Калі трэба будзе, дакупім яшчэ.
Завітаў і на цэнтральную базарную плошчу. Там сітуацыя не памянялася, прадаўцы, асартымент, цэны тыя ж самыя. Звярнуў увагу на лепельскую садавіну. Яблыкі ў суботу можна было набыць па цане ад 50 капеек да двух рублёў за кілаграм, у залежнасці ад якасці. Дарэчы, наша родная антонаўка — у цане, яе прадавалі не менш як па рублю за кілаграм.
Па-ранейшаму папулярнасцю карыстаюцца журавіны. Збіраюць іх з верасня і да той пары, пакуль балоты не занясе снегам. Ягады нятанныя, у сярэднім цана на літр журавін трымаецца на ўзроўні чатырох рублёў.
На пляцы насупраць уваходу з боку вуліцы Савецкай сустрэў мужчыну, які прадаваў самаробную мэблю — тры табурэты, падстаўку пад кветкавыя вазоны.
— Міхаіл Аляксандравіч Пасмурэц, — прадставіўся мужчына. — Я ўжо гады тры як на пенсіі. А чаго без справы сядзець? Шмат гадоў займаюся цяслярскай працай, люблю дрэва. За гады зрабіў сабе майстэрню, назапасіў рознага інструменту. З раніцы прыйду туды, напалю печачку — і цёпла. А ў цяпле і зручнасці, калі за каўнер не капае, і працаваць у радасць, асабліва калі займаешся любімай справай. Вось прынёс, можа хто-небудзь што і купіць.
— Колькі табурэт каштуе?
— 35 рублёў.
А дванаццатай гадзіне я выпраўляўся дахаты. Тады ж, прадаўшы апошняе збожжа, выязджала і апошняя грузавая машына — МАЗ СВФ “Заазер’е”, саступаючы месцы на старой базарнай плошчы для паркоўкі машынам легкавым.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: моманты кірмашу.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>