Сялянскі гарт

  Сцяпана Буртыля я памятаю яшчэ з маленства. У той час мой бацька працаваў сакратаром сельсавета ў Чэрцах, і я, яшчэ дашкольнік, прападаў у яго на працы. Сельсавет месціўся ў звычайнай драўлянай хаце (яна і зараз захавалася). За круглай печкаю быў зацішны куточак — мой “кабінет”, дзе я маляваў, нешта спрабаваў пісаць.

  Сцяпан Васільевіч у той час кіраваў калгасам “Ударнік”, адной з трох гаспадарак (яшчэ “Парыжская камуна” і “Новы шлях”), якія ўваходзілі

ў склад нашага сельсавета. Буртыль, як і іншыя кіраўнікі, прыязджаў у сельсавет на сесіі. Яны праводзіліся ў другой палове драўлянага дома, у памяшканні сельскага клуба. Там была высокая сцэна. На пасяджэнні збіралася шмат народу, сярод якога той ціхмяны хлапчук. Аднак, ніколі не губляўся — ён тут быў свой чалавек. Пакуль пачнуць засядаць, ёрзаў па сцэне, выціраючы штанамі пыл. Цярпеў, калі сёй-той з дарослых спрабаваў жартаваць ці нават кпіць з малога: то шапку адбяруць, то ключык маленькі ад скрыні, дзе той захоўваў свае “дакументы”. Буртыль жа ад такіх жарцікаў заўсёды стаяў убаку. Ён выглядаў горда, годна, інтэлігентна, я б сказаў, ганарліва. Такім і запомніўся мне ў дзяцінстве.

  Ці ж я ведаў, што гэты чалавек пад час свайго дашкольнага дзяцінства не ў бірулькі гуляў, а ледзьве не згарэў поруч з аднавяскоўцамі ў агні…

  І вось мы зноў сустрэлі­ся, гадоў праз сорак. Перада мною пажылы, на восьмым дзясятку, пенсіянер, але ўсё той жа чалавек з гордым, годным, інтэлігентным позіркам, з мудрай разважлівасцю сталага кіраўніка. Знаёмая постаць з майго далёкага шчаслівага маленства…

Талісман выратаваў

  Окана. Трыццатыя гады мінулага стагоддзя. У сям’і брыгадзіра рыбалавецкай брыгады Васіля Самойлавіча Буртыля нарадзіўся сын. Назвалі Сцяпанам. Дзяцінства было без лішняй раскошы, каб не сказаць болей. Якая там раскоша: маці — калгасніца, дзяцей трое. У школу Сцёпка пайшоў перад вайною. Школа была тут, у вёсцы. А настаўнічаў у ёй Канстанцін Іванавіч Ганчар, бацька таго самага Уладзіміра Ганчара, які ў нядаўні час займаў шэраг важных кіраўнічых пасад і якога мала хто на Лепельшчыне не ведае.

  Не ўдалося, аднак, закончыць і першы клас, як грымнула вайна. У той час бацька Сцяпана ўжо быў на фронце. Яго забралі на фінскую, на якой цудам выжыў. Ляжалі ў снезе замаскіраваўшыся, а за імі сачылі снайперы. Васіль паварушыўся і тут жа адскочыў убок. Ці так вучылі, ці спрацаваў інстынкт самазахавання. Калі б не адскочыў, быў бы ўжо мёртвы, бо месца, дзе дагэтуль ляжаў, прашылі кулі. Вярнуўся з фінскай — трапіў на польскую вайну. І адтуль прыйшоў цэлым. На Вялікую Айчынную прызвалі ў авіяцыйную часць, што стаяла на аэрадроме ў Дражна. Адтуль адступаючы дайшоў да Масквы. А са сталіцы яго і яшчэ трох чалавек зноў закінулі ў Дражна ўзарваць склады. Усё ўзарвалі, акрамя лікёра-гарэлачнага склада. Пераначавалі ў Буртылёвай сястры на сенавале. Усю ноч абмяркоўвалі, вяртацца назад у Маскву ці не. Вырашылі вяртацца. Пасля Васіль трапіў у лётную часць. Усю вайну прайшоў сувязістам пры першай паветранай арміі. Удзельнічаў у штурме Кёнігсберга. І ў гэту вайну ён ацалеў. Ці не таму прычынаю крыжык, які ў Маскве падарыла яму ў царкве незнаёмая жанчына? Крыжык і кашалёк. Сказала: зберажэш — выжывеш. Так яно і атрымалася.

  Напрыканцы сорак пятага бацька вярнуўся дадому. Сцяпан Васільевіч кажа, што ён меў два баявыя ордэны, медаль за ўзяцце Кёнігсберга, але ўзнагароды, як нярэдка здараецца, не захаваліся — згулялі-згубілі ўнукі.

  Самому ж Сцёпку таксама не салодка прыйшлося ў тыя саракавыя-ракавыя. Жылі ў партызанскай зоне. Сям’ю, па падазрэнні ў сувязі з партызанамі, двойчы немцы высялялі з вёскі, далей ад лесу. Месяцы чатыры пражылі ў Гарадцы. А ў сорак чацвёртым на тройцу, незадоўга да вызвалення, оканаўцаў фашысты “павыпорвалі” з зямлянак, дзе хто хаваўся, і сагналі ў пуню. Адсартавалі ўсіх мужчын і пагналі прачышчаць дарогу на Барсукі, якая была замініравана. Астатнія тры дні трымалі, абклаўшы будыніну саломай. Можна ўявіць, што перажылі за гэтыя дні старыя і малеча, сярод якіх быў і Сцяпан Буртыль. Добра, што ўсё скончылася шчасліва. Па нейкай прычыне карнікі сарваліся з месца і хуценька рэціраваліся, паспеўшы, аднак, падпаліць усе хаты тых, хто дапамагаў партызанам. Згарэла і хата Буртылёў.

  Зіму жылі ў зямлянцы, часам начавалі на сенавале. Нарэшце пачалі будаваць халупу — усе разам: Сцёпка, брат старэйшы, маці, дзядуля. Дзед на будоўлі падарваўся і памёр. А калі вярнуўся з вайны бацька, да той халупкі прыбудавалі тры­сцен.

Гады — як шторм

  У сорак чацвёртым Сцяпан пайшоў у школу. Вучыліся ў вёсцы па хатах, пакуль не пабудавалі школу. Скончыў сямігодку і праз год пайшоў у армію. Служыў у Лідзе. Аднойчы паслаў дадому “трохкутнік” — лісты ў той час пасылалі такім чынам, без канвертаў. А праз месяц яго выклікаюць у штаб палка. Справа ў тым, што почырк у Сцяпана быў адмысловы — такому салдату пісарам быць. Так ён стаў пісарам — спачатку батальёна, затым штаба палка, а пасля і штаба арміі. Прапанавалі застацца на звыштэрміновай — набіралі групу часцей спецыяльнага прызначэння для работы ў тыле ворага. Сур’ёзная служба, спецыяльная падрыхтоўка, бясконцыя фізічныя трэніроўкі. Праслужыў чатыры гады, але цяжка за­хварэў бацька, і хлопец мусіў падаць рапарт на звальненне.

  Гады са два працаваў шараговым калгаснікам, пакуль не абралі старшынёй калгаса “20 гадоў БССР” у Окане. Пасля аб’яднання гаспадаркі са стайскай прапаноў­валі пасаду намесніка старшыні. Адмовіўся, падаўся брыгадзірам у Бяседы. Тым часам паступіў у Лужаснянскі тэхнікум. Урэшце ўсё ж стаў намеснікам старшыні і сакратаром партыйнай арганізацыі ў аб’яднанай гаспадарцы. У партыю паступіў у пяцьдзясят дзявятым. З таго часу яго, камуніста, кідалі на розныя ўчасткі партыйнай і гаспадарчай работы: то старшынёй калгаса імя Даватара, то старшынёй камісіі па стварэнні саўгаса “Баброва”. Сем гадоў кіраваў “Ударнікам”, за што атрымаў медаль “За працоўную доблесць”. Акурат тады, у пачатку сямідзясятых, я і ўбачыў упершыню гэтага высокаінтэлігентнага, з пачуццём уласнай годнасці чалавека. Пасля ён быў дырэктарам нафтабазы, але нядоўга. Ужо гады праз тры яго зноў вяртаюць на партыйна-гаспадарчую працу ў калгас “Салют” дзе да пенсіі ўзначальваў партарганізацыю.

  Жывуць Сцяпан Васільевіч і Любоў Цярэнцьеўна Буртылі ў Лепелі, па сутнасці, адзінокімі людзьмі. Аднаго сына пахавалі, другі — інвалід. Унук — далёка, аж у Хабараўску, унучка — яшчэ далей, за Уладзівастокам. Але жыццёвыя нягоды не зламілі гэтых пажылых людзей, а яшчэ болей загартавалі, даўшы ім сілы жыць далей.

  Уладзімір МІХНО.

  На здымку: Сцяпан Васільевіч Буртыль.

  Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>