Яна сказала, што гэта трэба бачыць. Згодзен. Уважліва слухаў падрабязны расповед лепяльчанкі пра незвычайнае яе захапленне пад незнаёмай мне назваю “дэкупаж”

128Яна сказала, што гэта трэба бачыць. Згодзен. Бо колькі ні слухаў падрабязны расповед пра незвычайнае яе захапленне пад незнаёмай мне назваю “дэкупаж”, так нічога толкам і не зразумеў, пакуль не скінулі мне на флэшку фотаздымкі яе работ. Зірнуў на фоткі і… анямеў ад здзіўлення: няўжо ўвогуле магчыма са звычайнай шкляной бутэлькі зрабіць такі твор мастацтва.

Такое хараство! Проста казка! Ну няхай сабе бутэлька не зусім звычайная, нетрадыцыйных формаў. Зрэшты, у мастацтве няма нічога немагчымага.
Зараз у Слабадзе ведаюць, куды несці бутэлькі, якія не прымаюць у краме. Нясуць да Наталлі Цыгановай. І там яны, паўтараю, атрымліваюць новае жыццё, пераўвасабляюцца, каб парадаваць душу сапраўдным мастацтвам.
Хто ж такая Наталля Цыганова? “Ветэрынарны ўрач”, — адкажуць адны. “Ды не, танцорка ад Бога!” — запярэчаць другія. “Мясцовы культработнік”, — удакладняць трэція. Самае цікавае, што ўсе яны кажуць праўду, вось толькі нюансы крышачку не тыя расстаўляюць. А ісціна, як заўсёды, пасярэдзіне. Справа ў тым, што ветэрынарны ўрач, стаўшы раптам культработнікам, не толькі здорава танцуе сама, але і навучае танцам слабадскіх дзяцей. А бутэльку звычайную яна не проста ўмее аздобіць да непазнавальнасці адной ёй вядомым спосабам, але і пасадзіць туды каго заўгодна, ледзьве не Джына. Такое пад сілу хіба што чараўніку. Вось і рабіце высновы, хто ж такая Наталля Цыганова.
А так яна жанчына звычайнай біяграфіі. Нарадзілася ў ільнозаводскім раёне Лепеля. Бацька быў вайскоўцам, ды ў свой час і маці паспытала вайсковага хлеба. Адным словам, сям’я ў сярэдзіне дзевяностых гадоў з’ехала ў Якуцію. Бацькі там і засталіся, а Наталля захацела на радзіму. Выбрала прафесію ветэрынара, закончыла аграрны каледж, прыехала працаваць у Слабаду. Тым часам сустрэла Віктара Цыганова, які на той час вучыўся ў нашым ліцэі на трактарыста. Пажаніліся. Купілі дом, завялі гаспадарку, праўда, невялікую. Гадавалі ў свой час і свіней. Зараз жа толькі козачак ды курэй трымаюць. Прызнацца, не надта ляжыць у Наталлі душа да сельскай гаспадаркі. Зразумела, корпаецца і ў агародзе. Як жа ў вёсцы без агарода! Але болей цягне ў клуб, на танцы. Ды не падумайце чаго, не на дыскатэку ў клуб цягне, а на працу. Спачатку, праўда, гэта было не зусім працаю, альбо зусім не працаю, а толькі хобі. А пасля прапанавалі стаўку мастацкага кіраўніка. Так і стала ветэрынарны ўрач культработнікам. Праўда, як да ўрача мясцовыя да яе не перасталі звяртацца, і дапамагае часам, лечыць пакрысе жывёлу. Аднак пераважна яе можна ўсё ж пабачыць на сцэне.
Набрала дзве групы дзяўчынак — дзіцячую і падлеткавую. Сямі-васьмігадовыя дзяўчынкі збіраюцца двойчы на тыдзень, асвойваюць азы мастацтва танцаў. З імі цяжкавата. Дзяўчынкі-падлеткі, якім па адзінаццаць — трынаццаць гадоў, добра ўжо танцуюць. Адкуль жа бярэ Наталля Віктараўна тэматыку танца? Па-першае, яна не навічок у гэтай справе. Яшчэ ў Якуціі танцавала ў ансамблі “МИДЭНС” (Молодость и дружба — это наша сила). Зараз гэта даволі знакаміты ансамбль. Па-другое, матэрыял можна ўзяць з інтэрнэту, а затым яго творча апрацаваць, зрабіўшы свой новы танец з пэўнага набору зададзеных рухаў.
126Запытаўся, чаму яна не набірае хлопчыкаў, тым болей некаторыя танцы вымагаюць пары. У адказ толькі махнула рукою: “Нешта ў мяне з імі не атрымліваецца. Паспрабавалі некалькі хлопчыкаў ды і ўцяклі, сказалі, што тут не толькі танцаваць, а яшчэ і думаць трэба”.
А як жа, якасныя танцы патрабуюць развагі і пэўных душэўных высілкаў.
Пакуль што танцуюць выключна для сябе, зрэдку радуюць аднавяскоўцаў. Акрамя Слабады выступалі яшчэ і ў Велеўшчыне. Упершыню сёлета запрошаны на раённы конкурс “Сонечны круг” і з усёй адказнасцю да яго рыхтуюцца.
Свае дочкі, Саша і Даша, таксама танцуюць. А яшчэ дзяўчынкі вельмі любяць маміны пірагі, тарты ды іншыя кулінарныя прысмакі, якія Наталля пячэ дома.
Без пірагоў з чаем не абыходзяцца і танцоры ў клубе, часам збіраюцца разам папіць гарбаткі ў цесным, амаль сямейным, творчым коле. Жывуць адной сям’ёю.
Міхась ВАЛОХА.
На здымках: Наталля Цыганова каго заўгодна ў Слабадзе ператанцуе; яе мастацкія вазы, зробленыя са шкляных бутэлек.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>