У грамадскай свядомасці лепяльчан усё больш усталёўваецца звычка разглядаць адходы жыццядзейнасці людзей як пэўную крыніцу даходаў

У грамадскай свядомасці ўсё больш усталёўваецца звычка разглядаць адходы жыццядзейнасці людзей як пэўную крыніцу даходаў, рэальную магчымасць уключэння другасных рэсурсаў у паўторнае выкарыстанне. На кантэйнерных пляцоўках у горадзе і раёне створаны ўмовы для раздзельнага збору смецця, устаноўлены асобныя скрыні для назапашвання пластыку, шкла, іншай каштоўнай сыравіны для прамысловай перапрацоўкі. Іншая справа, што не заўсёды людзі, якія прыносяць для ўтылізацыі свае цвёрдыя камунальныя адходы, сартуюць іх па асобных відах для зручнасці далейшай перапрацоўкі.

— У горадзе і раёне абсталявана 36 кантэйнерных пляцовак для збору адходаў, — паведаміла майстар па сані­тарнай ачыстцы КУВП ЖКГ “Лепель” Тамара Цімашкова. — На іх маецца 70 асобных кантэйнераў для назапашвання пластыкавых бутэлек, іншых падобных ужо выкарыстаных у паўсядзённым ужытку рэчаў, 57 — для запаўнення вырабамі са шкла і нават ужо набыўшых выгляд шклабою і 27 — прызначаных толькі для макулатуры. У Лепелі пластык збіраецца ў 36 спецыяльных кантэйнераў, шкло — у 21 асобную скрыню. Ёмістасці для макулатуры мы наогул не выкарыстоў­ваем у гарадскіх умовах, а толькі размяшчаем іх у сельскай мясцовасці, паколькі гара­джане забіраюць усю паперу з кантэйнерных пляцовак і здаюць яе спажывецкай кааперацыі, значна папаўняючы гэтым свой сямейны бюджэт. З кантэйнерных пляцовак раскрадаецца таксама частка шклабою.

— Якія вынікі назапашвання і здачы на перапрацоўку другасных рэсурсаў?

— Летась сабралі і адвезлі на перапрацоўку на папяровую фабрыку “Чырвоная Зорка” ў Чашнікі 50 тон 174 кілаграмы макулатуры.

Што тычыцца шклабою, то ў мінулым годзе правялі сартыроўку і адвезлі для паўторнага выкарыстання на спецыялізаванае прадпрыемства ў Мінск больш за 51,9 тоны такой вельмі запатрабаванай сыравіны.

Пластыкавых бутэлек і іншых палімераў у папярэднім годзе назапасілі і спрасавалі, а потым сваім транспартам даставілі на перапрацоўку ў Магілёў больш за 14,4 тоны. Ды і сёлета ўжо здалі пластыкавай прадукцыі амаль дзве тоны.

— Ці збіраеце яшчэ якія-небудзь адходы?

— Адпрацаваўшых свой рэсурс гумавых колавых шын адвезлі летась на перапрацоўку ў Віцебск больш за 7,6 тоны. Туды ж на спецыялізаванае прадпрыемства ў абласны цэнтр даставілі 41,5 тоны лому чорных металаў і 0,3 тоны — каляровых.

— Ці аддзяляеце карысную сыравіну ад зусім непатрэбных цвёрдых камунальных адходаў на гарадской звалцы пад Заслонавам?

— Гэтым пастаянна займаюцца нашы работнікі. Прынамсі, палавіна здадзенай у мінулым годзе макулатуры была знойдзена і назапашана на гарадской звалцы.

Мікалай ГАРБАЧОЎ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>