Жніво на пагорках

415У №29 за 11 красавіка бягучага года ў раённай газеце была змешчана публікацыя “На крутагор’і”, дзе сярод іншага расказвалася пра цяжкасці ворыва на палетках ААТ “Ладасна”. На полі ў той дзень працавалі Іван Грак і Уладзімір Сялява. У час жніва вырашыў даведацца, наколькі плённай была праца на працягу года.
У дзень візіту стаяла дажджлівае надвор’е, камбайны, натуральна, не працавалі. На мехдвары сельгаспрадпрыемства сустрэў Уладзіміра Сяляву, з якім і завязалася гутарка.
— На чым працавалі з вясны да цяперашняга часу?
— Вель­мі доўга займаўся ворывам, узараў дзясяткі гектараў. У час корманарыхтоўчай кампаніі некалькі дзён папрацаваў з касілкай. А як толькі пачалася падрыхтоўка да жніва, адразу перайшоў на камбайн. Спачатку — рамонт і наладжванне пасля доўгачасовага за­хоўвання, а потым — праца на палях. Толькі сёння, бачыце, даводзіцца стаяць, з-за надвор’я з’явіўся неспадзяваны перапынак.
— А дзе ваш камбайн?
— У Сушы. Там мы напярэдадні завяршылі абмалот чарговага поля. Там жа застаўся надзел элітнага ячменю. Каб не рабіць доўгіх перагонаў, пакінулі тэхніку пад мясцовым наглядам. Як толькі распаго­дзіцца, дажнём і элітны ячмень, і элітную насенную пшаніцу, якая даспявае тут непадалёк.
— Хто працуе разам з вамі на камбайне?
— Мой бацька, Генадзь Уладзіміравіч.
— Што можаце распа­весці пра тэхніку?
— Камбайн КЗС-1218 атрымліваў і першым працаваў на ім Іван Грак – дасведчаны, спрактыкаваны механізатар, я ў яго быў у той сезон памочнікам. Адпрацаваўшы год, на наступны сезон Іван на камбайн не пайшоў, стаць старшым камбайнерам прапанавалі мне. Так на ім ужо працую пяты сезон. Пакуль тэхніка ў адных руках, яна працуе надзейна, вядома, пры сістэматычным доглядзе і тэхабслугоўванні. Напрыклад, за пяць сезонаў першы раз памяняў падшыпнік.
— Як думаеце, колькі часу спатрэбіцца работнікам “Ладасна”, каб завяршыць уборачную кампанію?
— Вельмі пашанцавала сёлета з надвор’ем. Хаця і стаяла спякота, усё ж, нягледзячы на яе, камбайны працавалі. А калі тэхніка дзейнічае спраўна, то і на іншыя ўмовы асабліва не звяртаеш увагі. Так удалося змалаціць амаль усе зерневыя. Паколькі на полі працуюць пяць збожжаўборачных камбайнаў, то ўборку насеннага ячменю і пшаніцы можна будзе завяршыць за два-тры дні. Яшчэ столькі ж спатрэбіцца, каб абмалаціць агароды вяскоўцаў — як жа іначай! Дарэчы, у гаспадарцы пасля ўборкі азімых зерневых атрымаўся невялікі, на некалькі дзён, перапынак, пакуль даспеюць яравыя. Выкарысталі гэты час, каб убраць азімыя і з агародаў вяскоўцаў. Ну, а потым — яравы рапс. Калі ўсё будзе добра, то ў бліжэйшыя дні са жнівом управімся. А там — зноў за ворыва, падрыхтоўку глебы да сяўбы азімых…
— Памятаецца, ворыва на палях ля вёскі Ладасна было даволі экстрэмальнае з-за крутых пад’ёмаў і спускаў. Як там сёлета абстаяць справы?
— У прынцыпе, нармальна, прывычна. Праўда, месцамі ўсё ж узнікалі цяжкасці, асабліва калі спуск быў настолькі стромкі, што тварам прыходзілася ўпірацца ў лабавое шкло.
— Пры гэтым сямімятровая жняярка таксама не надавала манеўранасці…
— За гады працы прызвычаіліся і да такіх умоў, гэта ж наша зямля. Нам на ёй і жаць, і сеяць.
Гутарка з Уладзімірам Сялявам пакінула самыя прыемныя ўражанні: спакойны, ураўнаважаны суразмоўца, які ведае вагу словаў і спраў, да таго ж — дасведчаны спецыяліст у сваім ра­мястве.
Васіль
МАТЫРКА.
На здымку: збожжа — вынік працы хлебароба.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>