Зданию редакции районной газеты — более 100 лет

filyandmuzhЗа сучасным фасадам будынка рэдакцыі хаваецца яго сапраўдны ўзрост. Гэта адна з самых старых пабудоў Лепеля, якой больш за 100 гадоў. Гэты дом не адносіцца да помнікаў архітэктуры, знешне ён нічым не адметны, але вельмі каштоўны з пунк­ту погляду гісторыі.

Гісторыя будынка ўстановы “Рэдакцыя раённай газеты “Лепельскі край” пачынаецца ў далёкім мінулым і звязана з сям’­ёй Філяндмуж.

Мешчанін Эдуард Філяндмуж нарадзіўся ў 1866 годзе ў Прыбалтыцы. Яму было ўжо далёка за сорак, калі вырашыў пераехаць у Лепель. Эдуард Паўлавіч быў удаўцом, ад першага шлюбу меў сына Людвіга, які нарадзіўся 22 жніўня 1898 года.

Людвіг вучыўся ў Лепельскім прыходскім вучылішчы, якое закончыў у адзінаццаць гадоў, атрымаўшы пасведчанне 22 мая 1910 года.

У Лепелі Эдуард Філянд­муж пазнаёміўся з маладой дзяўчынай мясцовага паходжання Антанінай Баброўскай, з якой затым і ажаніўся. У іх нарадзіліся дочкі Ядзвіга і Юзэфа, а таксама сын Віктар.

У 1913 годзе пасля смерці мешчаніна Стэфана Будовіча на продаж быў выстаўлены ўчастак зямлі, які размяшчаўся на скрыжаванні вуліц Прудовая і Пушкінская (зараз Валадарскага і Ленінская). Уласных грошай Эдуарду на выкуп зямлі і будаўніцтва дома, напэўна, не хапала, таму пакупку ён зрабіў разам з лепельскім яўрэем, мешчанінам Моўшам Кабалкіным. Эдуард і Моўша дамовіліся пра раздзел купленага ўчастка. Кожны на сваёй частцы сабраўся будаваць уласную краму — лаўку. На мяжы пабудавалі каменную сцяну.

Эдуард Філяндмуж пабудаваў краму на скрыжаванні вуліц, вокны яе выходзілі на вуліцы Прудовую і Пушкінскую. Кабалкін жа будаваў сваю лаўку параднымі вокнамі толькі на вуліцу Пушкінскую. Нават сёння, калі глядзець на будынак рэдакцыі з супрацьлеглага боку вуліцы Ленінскай, адразу кідаецца ў вочы адрозненне двух паловаў дома.

Спачатку планавалася будаваць толькі першы паверх. Гэта зафіксавана ў плане за подпісам майстра р. Бярэзіны (Бярэ­зінскай воднай сістэмы) Лепельскага аддзялення Віленскай акругі шляхоў зносін В. Закрэўскага 12 снежня 1913 года. Але ў хуткім часе гэты план перарабляецца. У новым праекце, зацверджаным гарадскім старастам 22 красавіка 1915 года, мы бачым чарцёж двухпавярховага будынка. У гэты час ішла Першая сусветная вайна, а гара­джане, тым не менш, будаваліся.

Моўша Кабалкін у сваёй частцы адкрыў галантарэйную лаўку, дзе прадаваў скураныя вырабы, парфуму, пальчаткі, музычныя інструменты. Філяндмуж у сваю чаргу адкрыў пякарню і прадуктовую лаўку. Тут, акрамя ўласнай выпечкі, прадаваліся яшчэ мяса і сала.

Адразу пасля набыцця ўчастка ў 1913 годзе, яшчэ да падрыхтоўкі праекта будынка, Кабалкін і Філяндмуж склалі пагадненне аб тым, што кожны сам на сваёй частцы ўзводзіць мураваныя пабудовы. Пры гэтым дамовіліся, што Кабалкін не займаецца продажам прадуктовых тавараў, а Філяндмуж не можа аддаць будынак у арэнду для галантарэйнага, абутковага і музычнага гандлю. Такім чынам прадпрымальнікі засцераглі сябе ад канкурэнцыі. Пагадненне было складзена па юрыдычных правілах таго часу і зацверджана лепельскім гарадскім натарыусам Сігізмундам Каласоўскім…

…Спакойнае жыццё сям’і Філяндмуж ва ўласным доме было нядоўгім. Рэвалюцыя, грамадзянская вайна. Сталінскія рэпрэсіі не абышлі і лепяльчан. Эдуард Паўлавіч загінуў у лагеры яшчэ ў пачатку трыццатых гадоў. Антаніну Стэфанаўну з дзецьмі выслалі ў горад Котлас Архангельскай вобласці. Ім пашанцавала: маці дабілася вяртання на радзіму. Пабудавалі дом па сучаснай вуліцы Пушкінскай і жылі там. Ядзвіга Баброўская (сям’я пасля вяртання ўзяла дзявочае проз­вішча маці) выйшла замуж за Станіслава Прок­ша. У іх нарадзіўся сын Анатоль. У канцы трыццатых гадоў Станіслаў трапіў пад рэпрэсіі, Анатоля вырасціў айчым.

Па словах старажылаў, нейкі час у гэтым будынку жыла сям’я Калуцкіх, але таксама нядоўга…

***

З 1930 года ў будынку пачынае працу рэдакцыя газеты “Калгасная праўда”, першы нумар якой выйшаў 21 лістапада 1930 года.

З успамінаў былога друкара “раёнкі” Антаніны Юшкевіч (Катырла): ”У маі 1939 года прыйшла ў друкарню… Усе работы выконваліся ўручную. Каб працавала друкарная машына, трэба было ўвесь час круціць прывадное кола. 22 чэрвеня 1941 года пачалася вайна. Газета “Калгасная праўда” выйшла яшчэ два разы, а потым набіралі і друкавалі толькі зводкі інфармбюро, якія прымалі па радыё, што было ўстаноўлена недалёка ад рэдакцыі ў яўрэйскай лазні.

У ноч з 2 на 3 ліпеня скінулі некалькі бомб на Лепель. Мы атрымалі загад эвакуіравацца. Некалькі кас са шрыфтамі вывезлі і схавалі”.

…Лепель быў акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі 3 ліпеня 1941 года. Немцы сталі гаспадарыць у горадзе. У Доме Саветаў адкрылі камендатуру, у педтэхнікуме — гестапа, у былой гімназіі — нямецкую казарму. У  будынку друкарні стала выходзіць нямецкая газета “Новы шлях” на рускай мове. Былыя работнікі друкарні С. Бараноўскі, А. Катырла, І. Чарняўскі, В. Закрэўскі і іншыя ўладкаваліся на працу ў нямецкую газету. Праца стала для іх надзейным прыкрыццем для падпольнай работы. Рызыкуючы жыццём, падпольшчыкі здабывалі сакрэтную інфармацыю, друкавалі і расклейвалі ў горадзе ўлёткі. У красавіку 1942 года частка падпольшчыкаў была арыштавана фашыстамі і жорст­ка закатавана. Таму друкаваць лістоўкі ў нямецкай друкарні стала вельмі небяспечна. Група атрымала новае заданне — стварыць партызанскую друкарню. Падпольшчыкі тайна выносілі шрыфты, паперу, фарбу і перадавалі ў партызанскую брыгаду “Дубава”. З красавіка 1942 года стала рэгулярна выходзіць газета “Калгасная праўда”  — орган Лепельскага падпольнага райкама партыі…

***

…Да пачатку шасцідзясятых гадоў газета набіралася ўручную, металічнымі літарамі таўшчынёю са звычайную запалку, толькі напалову карацей. Літара да літары — атрымліваўся рад, слупок да слупка. Затым слупкі звязвалі шпагатам, ставілі на вярстальную дошку, зноў перавязвалі, каб ніводная літара не згубілася. Пазней з’явіўся друкарскі лінатып — машына, якая адлівала са свінцу літары ў адзін рад. Іх не трэба было ўжо звязваць. Далей яны ставіліся ў рамку разам з фотаздымкамі і ішлі на талер друкавальнай машыны. Усю ноч грымелі машыны, каб раніцай на пош­ту здаць прадукцыю.

Друкавалася газета ў Лепелі амаль шэсцьдзясят гадоў, да самага канца васьмідзясятых. Калі тыраж дасягнуў амаль дзесяці тысяч экзэмпляраў, паўстала пытанне аб друку. Магчымасці і абсталяванне мясцовай друкарні былі вычарпаны цалкам. Друкаванне газеты пераводзяць у Віцебск. Але яшчэ нейкі час старонкі набіраліся ў Лепелі, ад­ціскаліся на празрыстую плёнку, а потым дастаўляліся ў абласную друкарню. У будынку рэдакцыі на першым паверсе захаваліся размотачны станок для паперы і рэзальная машына (“гільяціна”).

У наш час старонкі газеты перадаюцца ў электронным варыянце ў віцебскую тыпаграфію, дзе газета друкуецца.

Амаль кожны жыхар горада і  вясковец добра ведае будынак сваёй раёнкі, які стаіць на скрыжаванні вуліц Валадарскага і Ленін­скай. Яго амаль метровай таўшчыні цагляныя сцены захоўваюць памяць пра людзей, якія будавалі іх, жылі і працавалі тут.

Падрыхтавала Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>