Заметка о тимуровцах в газете «Ленiнcкi сцяг»

img_9297Перагортваючы пажоўклыя старонкі газет, вяртаешся на некалькі дзесяцігоддзяў назад і часам адкрываеш для сябе невядомыя падзеі і факты, звязаныя са знаёмымі людзьмі. Такая цікавасць падштурхоўвае да пошукаў.

Праглядваючы падшыўку «Ленінскага сцяга» за 1982 год, у №149 за 14 снежня прачытаў нататку пад загалоўкам «Доб­рае выхаванне». Яна маленькая, таму цалкам прыводжу яе радкі:
«Перанесці торфабрыкет з вуліцы ў склад – справа звычайная. Але для мяне, старой жанчыны, і яна не па сіле.
На дапамогу прыйшлі юныя цімураўцы школы-інтэрната. Яны зрабілі справу хутка, з інтарэсам.
Вельмі ўдзячная выхаванцам школы-інэрната і яе дырэктару В. К. Майзусу. Добра выхоўваюць тут дзяцей.
М. МІШЧАНКА, жыхарка горада».
З паняццем «цімураўцы» ніякіх непаразуменняў не ўзнікла. Магчыма, хтосьці са школьнікаў не ведае, што азначае гэтае слова. У такім выпадку патлумачу. Яшчэ ў 1940 годзе была надрукавана аповесць савецкага пісьменніка Аркадзя Гайдара «Цімур і яго каманда» пра юнакоў-піянераў, якія дапамагалі сем’ям чырвонаармейцаў, афіцэраў або старым, нямоглым лю­дзям. З таго часу і з’явіўся цімураўсці рух, калі школьнікі бралі шэфства над інвалідамі, пенсіянерамі, людзьмі, якім патрэбна дапамога ў бытавых справах. Падобны рух, несумненна, існаваў у той час і сярод навучэнцаў школы-інэрната.
Акрамя 3 звычайных сярэдніх школ, у Лепелі ў савецкі час працавала і школа-інтэрнат, дзе вучыліся дзеці з аддаленых вёсак раёна. Як правіла, яны тут жылі і вучыліся з паня­дзелка па пятніцу, а ў выхадныя наведвалі сваіх родных.
Хто ж такі дырэктар школы-інтэрната В. К. Майзус? Я ведаю Васіля Канстанцінавіча Майзуса, які перад адыходам на пенсію працаваў начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, а зараз узначальвае раённы савет ветэранаў. Перыядычна заходзіць у рэдакцыю.
Прачытаўшы радкі публікацыі, Васіль Канстанцінавіч усміхнуўся і падзяліўся сваімі ўспамінамі:
– Сапраўды з 1980 па 1990 год я быў дырэктарам школы-інтэрната. Паколькі меў педагагічную адукацыю, мне пасля некаторага перыяду працы ў райкаме партыі прапанавалі ўзначаліць навучальную ўстанову. Школа-інтэрнат мела вялікую гаспадарку, якую па-сучаснаму можна назваць маёмасным комплексам. Акрамя навучальнага пра­цэсу, трэба было арганізаваць яшчэ і пражыванне дзяцей, наладзіць іх усебаковае забеспячэнне. Напрыклад, мы мелі вялікі, плошчай каля гектара, участак для вырошчвання гародніны, які знаходзіўся за раёнам сельгастэхнікі. Цяпер тут, уздоўж трасы Мінск – Віцебск, размешчаны агароды. Для апрацоўкі ўчастка ў школе-інтэрнаце быў свой трактар «Беларусь». Акрамя таго, мы мелі грузавы ГАЗ і мікрааўтобус польскай маркі «Жук».
– Трактар і грузавік – зразумела, а для чаго быў патрэбен «Жук»?
– О, той мікрааўтобус нам шмат у чым дапамагаў. Напрыклад, трэба было дабрацца да агарода, каб праводзіць там сельгасработы. Зноў жа, прывозіць кнігі, навучальны інвентар зручней было на «Жуку». На ім жа дастаўлялі дзяцей у бальніцу. У школе-інтэрнаце быў уласны медучастак, дзе за здароўем дзяцей сачылі ўрач і медсястра. Аднак пры патрэбе мы маглі прывезці вучняў у раённую бальніцу. Акрамя гэтага, нам перыядычна трэба было прывозіць дзяцей на абследаванне ў Віцебск. Гэта таксама мы рабілі на «Жуку».
– Раскажыце ж, калі лас­ка, пра цімураўскі рух.
– Вядома, мы, як і ўсе школы СССР, былі ахоплены ім. Вялі шэфства над некалькімі састарэлымі людзьмі. Як правіла, гэта былі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, інваліды. Дзеці прыносілі ім ваду, прыбіралі ў доме і двары, пілавалі дровы, нават праполвалі градкі. Былі выпадкі, што ўдзячныя жыхары раёна пісалі ў газету, хвалілі нас. Памятаю, некалькі разоў прыходзіў у школу тагачасны галоўны рэдактар «Ленінскага сцяга» Васіль Хаванскі і на лінейцы або ў класах зачытваў Падзячныя лісты.
– Ці памятаеце вы жыхарку г. Лепеля М. Мішчанку, аўтара публікацыі?
– За шмат гадоў падрабязнасці забыліся. Памятаю толькі, што гэта была адзінокая жанчына, інвалід. Аднак яе інваліднасць не была звязана з Вялікай Айчыннай вайной.
У 1990-м годзе з запрашэннем на працу ў райвыканкам для мяне пачаўся новы этап жыцця.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>