З нагоды нараджэння першага дзіцяці жанчыне дзяржавай выплачваецца дапамога ў памеры дзесяці бюджэтаў

Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне займаецца канкрэтнай падтрымкай насельніцтва ад дзяржавы, пачынаючы з моманту з’яўлення чалавека на свет і на працягу ўсяго яго жыцця. Каб больш падрабязна даведацца аб гэтым, сустрэўся з начальнікам аддзела сацыяльна-працоўных адносін дадзенага дзяржаўнага органа кіравання Галінай Стэльмах.
— З нагоды нараджэння першага дзіцяці жанчыне дзяржавай выплачваецца дапамога ў памеры дзесяці бюджэтаў пражытковага мінімуму, а другога і наступных дзяцей — па чатырнаццаць бюджэтаў, — адзначыла Галіна Уладзіміраўна. — На сённяшні дзень адзін бюджэт пражытковага мінімуму складае 175 рублёў 50 капеек. Акрамя таго, жанчыне, якая своечасова, да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, стала на ўлік у дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя, на дату нараджэння дзіцяці аказваецца аднаразовая фінансавая падтрымка ў адзін бюджэт пражытковага мінімуму.
— Якая дзяржаўная падтрымка маці аказваецца пасля нараджэння дзіцяці?
— Выплачваецца штомесячная дапамога па доглядзе першага дзіцяці да дасягнення ім трохгадовага ўзросту ў памеры 35 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы па Рэспубліцы Беларусь, якая зараз складае 252 рублі 39 капеек, а на другога і наступных дзяцей — 40 працэнтаў сярэднямесячнага заробку, або 288 рублёў 44 капейкі. Усяго цяпер карыстаюцца такой фінансавай падтрымкай у нашым горадзе і раёне 135 жанчын.
— А калі ў сям’і дзіця-інвалід ад трох да 18 гадоў?
— Штомесячна дзяржавай аказваецца фінансавая дапамога, якая складае 70 працэнтаў бюджэту пражытковага мінімуму, а на астатніх дзяцей такой сям’і — 50 працэнтаў. Такую ж дапамогу ў 50 працэнтаў бюджэту пражытковага мінімуму атрымлівае сям’я, калі бацька з’яўляецца ваеннаслужачым тэрміновай службы. Выплачваецца ў такім жа памеры грашовая падтрымка і калі ў сям’і абодва бацькі, у няпоўнай сям’і — адзін з бацькоў — з’яўляюцца інвалідамі першай або другой групы, а таксама ў выпадку, калі адзін з бацькоў з’яўляецца інвалідам першай групы, а другі атрымлівае фінансавую дапамогу па доглядзе яго.
Штомесячная фінансавая падтрымка па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў аказваецца ў памеры аднаго бюджэту пражытковага мінімуму на аднаго з бацькоў, калі ён не працуе, або выплачваецца любому чалавеку, які пастаянна такога дзіцяці-інваліда даглядае і пражывае з ім у адным населеным пункце.
Акрамя таго, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №572 ад 9 снежня 2014 года “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей”, з 1 студзеня 2015 года сем’ям у перыяд выхавання дзіцяці да трох гадоў на астатніх дзяцей ва ўзросце ад трох да 18 гадоў прадастаўляецца штомесячная дапамога ў памеры 50 працэнтаў бюджэту пражытковага мінімуму. Такая фінансавая падтрымка зараз аказваецца 105 сем’ям.
— Хто мае права на атрыманне “сямейнага капіталу”?
— Шматдзетныя сем’і, у якіх у перыяд з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года нарадзілася ці народзіцца трэцяе, чацвёртае дзіцяці і г. д. (або адбудзецца ўсынаўленне ці ўдачарэнне трэцяга, чацвёртага дзіцяці і г. д.), прадастаўляюцца аднаразовыя безнаяўныя грашовыя сродкі ў памеры 10 тысяч долараў ЗША. Сямейным капіталам можна будзе скарыстацца толькі пры дасягненні дзіцяці 18-гадовага ўзросту. Датэрмінова сямейны капітал можна выкарыстаць толькі на лячэнне любога члена сям’і ад хвароб у галіне анкалогіі, кардыялогіі і нейрахірургіі.
Усяго толькі летась “сямейны капітал” атрымала 41 сям’я, а сёлета такім правам ужо скарысталіся 45 сем’яў.
— Якая яшчэ аказваецца дзяржаўная падтрымка?
— Выплачваецца штомесячная фінансавая дапамога ў памеры аднаго бюджэту пражытковага мінімуму пры доглядзе за інвалідам першай групы або асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту і па заключэнні ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі мае патрэбу ў такім доглядзе. Такую дапамогу цяпер атрымліваюць 229 чалавек.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>