Уласны камбікорм

3Рэнтабельнасць вытворчасці малака ў КУВСГП “Лепельскае” за мінулы год была на ўзроўні дзевяці працэнтаў. Мала гэта ці шмат? Некаторыя прадпрыемствы могуць пахваліц­ца рэнтабельнасцю ў дзясяткі, а то і сотні працэнтаў, аднак яны, як правіла, звязаны з нафтахімічнай вытворчасцю. У сельскай жа гаспадарцы восем — дзесяць працэнтаў лічацца добрым, стабільным паказчыкам. Тым больш, што галоўным паказчыкам любой гаспадарчай дзейнасці ў цяперашніх умовах павінна быць рэнтабельнасць — такі няўмольны закон рынкавай эканомікі.
Каб гаварыць прадметна, пачнём з лічбаў. На пяці фермах “Лепельскага” ўтрымліваюцца 2446 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх дойных кароў — 855. Валавы надой за суткі 9800 — 9850 кілаграмаў, сярэднясутачны ўдой на карову вагаецца ад 11,6 да 11,8 кілаграма. З аднаго боку зразумела, што гэта няшмат, нават мала. З другога боку, улічым, што сярэдзіна зімы — пара запуску, калі большасць кароў цельныя, у чаканні прыплоду многія зусім не дояцца. З сярэдзіны ж лютага пачынаецца перыяд масавага расцёлу, калі са з’яўленнем на свет маладняку ў разы прырастаюць і надоі.
Таварнасць малака трымаецца на ўзроўні 85 працэнтаў. Большасць прадукцыі рэалізоўваецца на МКК гатункам “экстра”, астатняе — вышэйшым. За кілаграм “экстры” гаспадарка атрымлівае 4280 рублёў, за вышэйшы гатунак — 3687 рублёў.
Усім жывёлагадоўчым працэсам кіруе намеснік дырэктара прадпрыемства па жывёлагадоўлі Вікторыя Валевіч. Перыядычны аб’езд фермаў, праверка выканання рэжыму кармлення, умоваў утрымання — толькі некаторыя з яе абавязкаў.
Пасля рамонту, рэканструкцыі ўсе фермы мадэрнізаваны. А новы комплекс, які будуецца ў Малым Поўсвіжы, увогуле спраектаваны робатызаваным, удзел чалавека ў працэсе вытворчасці малака ўвогуле будзе зведзены да мінімуму.
Асобныя словы варта сказаць і пра такі важны працэс, як гноевыдаленне. Прывычная карціна, калі вакол фермы ляжаць груды гною, жыжа расцякаецца па наваколлі, адыходзіць у нябыт.
— Гной з фермы вывозіцца на поле, — кажа Вікторыя Валевіч, — прычым не скла­дзіруецца на ўскрайку ў бурты, а разліваецца па палетку. З аднаго боку, гэта цяжэй, бо зараз расходуецца паліва, траціцца час. Затое выігрываем увесну, маем ужо ўгноеныя палі. Пагрузчык і гноераскідвальнік будуць задзейнічаны на парадак менш.
У жывёлаводчым сектары за снежань сярэдняя налічаная заработная аплата склала 3013 тысяч рублёў, у даярак — 3301 тысячу. Калі ж браць па фермах, то самы вялікі заробак быў у даярак з фермы ў Паддуб’і — 3992 тысячы рублёў, у Вялікім Поўсвіжы — 3850 тысяч. Жывёлаводы Вялікага Поўсвіжа адстаюць не нашмат — 3654 тысячы. А вось сярэдні заробак жывёлаводаў на ферме ў Малым Поўсвіжы, мякка скажам, не ўражвае — толькі 1561 тысяча.
— Гэта заробак работнікаў за абавязкі жывёлаводаў, — тлумачыць Вікторыя Уладзіміраўна, — аднак гэтых абавязкаў на той ферме не так і шмат: падкінуць корм, раскіданы жывёламі ды аддзяжурыць вартаўніком. Людзі там спакойна задзейнічаны на іншых работах: дапусцім, працуюць слесарамі, тым і даво­дзяць свой заробак да сярэдняга па гаспадарцы.
Вясной жа, сцвярджае спецыяліст, з павелічэннем надояў несумненна павялічыцца і заработная аплата, у гэтым прама зацікаўлены ўсе. Так, летам заробкі даярак, пастухоў даходзілі да пяці мільёнаў рублёў і вышэй.
Тая вытворчасць, якая не прыносіць прыбытку, павінна быць рэфармавана. Адным са спосабаў такога рэфармавання і павышэння фінансавай эфектыўнасці стала адмова ад пакупкі камбінаваных кармоў. А навошта іх набываць, калі ёсць уласнае збожжа ды млын? Сказана — зроблена. Яшчэ ў 2004 годзе наладзілі ўласны выпуск. Кіруе працэсам Ірына Скібская:
— Аснову любога камбікорму складае мука з пшаніцы, жыта ці ячменю — 80 — 90 працэнтаў. Потым дадаем 10 — 20 працэнтаў шротаў — адходаў ад вытворчасці рапсавага алею. Набываем іх на Віцебскім алея-экстракцыйным заводзе па 3,3 мільёна рублёў за тону. Па адным працэнце прыпадае на прэміксы, якія ўтрымліваюць вітаміны і мікраэлементы, а таксама соль, крэйду. У выніку эканомім значныя сродкі.
Атрымліваецца неблагі працэнт эканоміі, бо тону гатовага камбікорму танней, як за тры мільёны рублёў, не купіш, а тона збожжа восенню, у час нарыхтовак, рэдка прадавалася за цану большую, чым паўтара мільёна.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>