У лепельскім універмазе прадаюць беларускае…

13 ліпеня 005У панядзелак, пасля выхаднога дня, ва ўнівермагу зацішша. Адзінокія пакупнікі зрэдзьчас радуюць прадаўцоў аддзела трыкатажу і дзіцячага адзення. Прадаўцы завіхаюцца ля сцелажоў, сартыруюць тавары на вітрыне. Ды што там сартыраваць, калі і так яны ўсе раскладзены акуратна і прыгожа – як на выстаўцы.

 

— Кожны дзень так нешматлюдна? – пытаюся ў загадчыцы аддзела Наталлі Салаўёвай.

— Ды не, дзень на дзень не прыходзіцца, ды і гадзіна на гадзіну. Рана пакуль. Пакупнікі пачынаюцца прыкладна пасля дзесяці, дзесьці да гадзіны ці да двух. Пад вечар можа меней быць. Аднак гэта не факт.

Факт тое, што пакупнікоў ва ўнівермагу сёлета і сапраўды небагата. Трыкатажны адддзел, можа, адзін з самых запатрабаваных у магазіне, недабраў мільёнаў сямнаццаць да чэрвеньскага плана – прадаў тавараў дзесьці на дзвесце дваццаць тры мільёны, у той час, як план быў даведзены на дзвесце сорак. А план на ліпень – трыста восемдзясят. Летась у гэты час няблага папрацавалі. Было шмат пакупнікоў з Расіі, зараз істотна паменела – крызіс даў аб сабе ведаць.

— Што прадаяце?

— Ды ўсё самае неабходнае і на любы густ. Людзі купляюць, бо вопратка заўсёды патрэбная. Добра купляюць дзіцячую трыкатажную бялізну, ясельны асартымент, тавары для нованароджаных, карсетныя вырабы.

— На базары, напэўна, танней? Канкурэнцыя ў вас?

— Я б не сказала. Ва ўсякім разе, тавары тых фірмаў, з якімі працуем мы, ніколькі не таннейшыя ў прыватнікаў, спецыяльна цікавілася. Ну а пра якасць, асабліва абутку, і казаць не даводзіцца.

— А з якімі вы фірмамі працуеце?

— Абутак прывозім з Магілёва, Гродна, Віцебска, Ліды і г.д.

— А які працэнт складаюць тавары беларускай вытворчасці?

— У прынцыпе, у нас усе тавары айчыннай вытворчасці. Выключэнне хіба частка прадукцыі, якой гандлюем па дамоўленасці з індывідуальным прадпрымальнікам Юрыем Пекарам, што арандуе ў нас куток. Даражэйшае крыху, чым наша, але якасць добрая.

Лета пераваліла за экватар і раптам «запахла» школаю. Гэтая непаўторная атмасфера адразу стала адчувацца і ва ўнівермагу. Паявіўся попыт на школьную форму. Прадаўцы гатовы – школьная вопратка ёсць у асартыменце – як для дзяўчынак, так і для хлопчыкаў. Яшчэ з мінулага сезону засталася. Школьную форму пастаўляюць вытворчыя прадпрыемствы Навагрудка, Жлобіна, Салігорска, Бабруйска,  віцебская фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі», гомельскі «Камінтэрн», гродзенская, дзяржынская фірмы. Касцюм для хлопчыка каштуе прыкладна ад пяцісот тысяч да мільёна. Праўда, гэта памеры для падлеткаў – дзесьці сорак шосты –сорак восьмы. Крыху танней можна набыць дзявочую школьную вопратку – за трыста-шэсцьсот тысяч рублёў. Ну, а калі адзін толькі сарафан, то і ўвогуле за сто дваццаць тысяч.

На жнівень работнікі аддзела ўскладаюць немалыя спадзяванні – «гарачы» сезон. Праўда, і план жнівенькі яшчэ большы, чым у ліпені. Летась, напрыклад, у жніўні прадалі тавару на шэсцьсот дваццаць мільёнаў рублёў.

Па-ранейшаму дзейнічае сістэма разнастайных зніжак. Напрыклад, пастаянна робіцца зніжка для імяніннікаў. У дзень свайго нараджэння пакупнік можа набыць тавар на дзесяць працэнтаў танней. Шырока практыкуюць зніжкі прадпрыемствы-пастаўшчыкі. Скажам, фабрыка «Рэгміль» зрабіла на ўвесь ліпень зніжку на свае тавары аж на дваццаць пяць працэнтаў. З першага па дзевятнаццатага ліпеня дзейнічае зніжка на пятнаццаць працэнтаў на абутак фірмаў «Марко» і «Сан-Марко» і фабрыкі «Чырвоны Кастрычнік». А салігорская «Калінка» прапанавала зніжку ўвогуле на трыццаць працэнтаў, праўда, толькі на некаторыя мадэлі.

Працуюць у аддзеле, уключна з загадчыцай, шэсць прадаўцоў —  Ірына Шкіранда, Таццяна Міхайлава, Іна Шчочына, Наталля Ляйко, Галіна Дзямешка. Працуюць па бягучаму графіку, без выхадных і абедзеннага перапынку, хіба што па выхадных працоўны дзень скарочаны да пятнаццаці гадзін.

Можна сказаць, што ўсе прадаўцы альтруісты. Мяркуйце самі, працоўны стаж у гандлі амаль кожнай з гэтых жанчын вымяраецца не гадамі, а дзесяцігоддзямі. У загадчыцы вунь і ўвогуле адзіны запіс у працоўнай кніжцы. Як прыйшла сюды ў восемдзясят сёмым годзе пасля тэхнікума, так і рупіцца ўжо цягам дваццаці васьмі гадоў. Не сакрэт, што зарплата ў прадаўца далёка не міністэрская. Аднак жанчыны кажуць, што не заўсёды толькі грошы вызначаюць статус у грамадстве. Для іх універмаг – гэта рэпутацыя, імідж ды і роднае гняздо, да якога прывыклі за доўгія гады. Наталля Уладзіміраўна прызналася, што вельмі даражыць сваім калектывам, у якім людзі разумеюць адзін аднаго з паўслова і на іншай працы сябе проста не ўяўляюць.

Уладзімір МІХНО.

 На здымку: усё для пакупніка.

 Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>