У лепельскай настаўніцы Людмілы Міснік няма любімчыкаў, ёсць любімая справа

26-verasnya-008У народзе кажуць: таленты трэба адкрываць, бяздарнасць праб’ецца сама. Прыгадаў гэтую народную мудрасць, пазнаёміўшыся з настаўніцай пачатковых класаў СШ №1 Людмілай Міснік.
І сапраўды, таленавітых людзей не так шмат. Але ж яны ёсць, жывуць, працуюць побач, часам абыдзеныя ўвагаю, часцей — у невядомасці. Іх мала ведаюць, бо няма ўплывовых “пратэжэ”, няма іх каму рэкламаваць, як кажуць, рухаць па жыцці. Вось і працуюць яны ціха-спакойна, і сваё шматграннае майстэрства даносяць да параўнаўча вузкага кола людзей. Зрэшты, талент не любіць публічнасці.
Прызнацца, стала неяк не па сабе, калі даведаўся, што пра Людмілу Анатольеўну за трыццаць пяць гадоў яе настаўніцтва амаль ніколі не ўзгадвалі ў прэсе. Віцябчанка, прыехала ў раённы цэнтр, які стаў для яе другой радзімай. Выдае сур’ёзнымі па цяперашнім часе накладамі метадычныя дапаможнікі ў вершаваных казках для маленькіх дзетак, і не дзесьці там у прыватных выдавецтвах за свой кошт. У наш жа час талент дэвальваваўся да памеру кашалька. Кашалёк тоўсты — і ты ўжо пісьменнік, паэт, крытык, гісторык і г.д. Толькі лянівы не выдае кніжачак, якасць якіх мала турбуе дамарошчаных літаратараў. А паспрабуйце напісаць для дзяцей якасна, напісаць так, каб тваю кніжку не проста выдалі, але і ўбачылі, адзначылі, каб яна разышлася, каб заслужыла ганарар.
Настаўніца з Лепеля напісала “Нецяжкі слоўнічак для цяжкіх слоў” для ўсіх чатырох класаў пачатковай школы. Кніжкі выйшлі ў Мазыры ў выдавецтве “Садзеянне” дастаткова вялікімі накладамі і імгненна разышліся. Яшчэ б! Каляровыя, добра ілюстраваныя, густоўныя. Яны проста незаменныя для педагогаў малодшых класаў. Акрамя таго, Людміла Анатольеўна стварыла дапаможнік для настаўнікаў “Па старонках “Нецяжкога слоўніка для цяжкіх слоў”. І той знайшоў свайго “інтэлектуальнага спажыўца”…
…Перапынак. Маленькія гарэзы-першакласнікі весела тусуюцца па класе, поўзаюць па дыванку для гульняў, што адмыслова разасланы на вольнай пляцоўцы за шэрагамі парт, гудуць, як пчолкі, смяюцца, гукаюць. Побач — большыя, падлеткі, паважна ходзяць па класе, мыюць дошку.
— А гэтыя адкуль? — пытаюся ў настаўніцы.
— Гэта мой былы выпуск. Цяперашнія пяцікласнікі, у адным корпусе вучымся, вось і не забываюць.
Забудзеш тут! Калі яе вунь не забываюць тыя, каго вучыла ў двухтысячным. Шаснаццаць гадоў прайшло. Ужо, напэўна, у саміх дзеці, а яны ўсё тэлефануюць, віншуюць паштоўкамі, прыязджаюць пабачыцца. Дзіва што! Ці з кожным настаўнікам дзеці сустракаюць Новы год… у цёмным лесе, дзе Дзед Мароз літаральна вылазіць з ельніку з тоўстай торбай падарункаў? Ці ў кожнага на ўроку вырабляюць сапраўдную паперу па спецыяльнай тэхналогіі, а пра звычайнага лебедзя складаюць тоўсты том даследавання, шукаючы звесткі пра гэтую грацыёзную птушку ў паходах і экскурсіях, у энцыклапедыях, складаюць пра яго вершы, казкі, паданні, загадкі. І нават у вобразе карты нашага раёна дапытлівыя пошукаўцы ўбачылі любімую птушку. Прыгледзьцеся, ці сапраўды Лепельшчына чымсьці нагадвае лебедзя?
Прапанавалі паўдзельнічаць у праекце “Мадэль-арыенцір”, які доўжыўся чатыры гады. Ідэю калектыўных творчых спраў, што ўвасаблялася ў межах праекта, актыўна, з энтузіязмам падхапілі бацькі. Вось тады ў яе ў класе і бабулі з унукамі фасолю перабіралі ды частушкі разам спявалі, а таксама чай пілі з самавара на “свяце чаю”. А яшчэ Новы год з бацькамі ды настаўніцай у лесе на Святым возеры сустракалі. Ёсць што ўспомніць. За год праводзілі чатырнаццаць буйных мерапрыемстваў. Атрымліваецца, часцей, чым штомесяц.
А лебедзем заняліся ў гуртку “Юны даследчык”, якім кіруе Людміла Анатольеўна. Ходзіць у гурток дванаццаць чалавек. Цікава, што вышывалі птушку нават хлопчыкі, шукалі яе на бліжэйшым возеры і далей, у запаведніку. Да пошуку актыўна падключыліся і бацькі, якім было не менш цікава, чым дзецям. Наступную работу напісалі пра героя вайны Данукалава, на вуліцы імя якога вучацца. У раёне работа заняла другое месца. А вось відэаролік “Выраб паперы ў хатніх умовах” атрымаў дыплом другой ступені ўжо ў вобласці. Дзеля гэтага ў класе адкрылі цэлую папяровую фабрыку. Здрабнялі паперу, растваралі яе, сушылі прасам… Людміла Анатольеўна паказала мне ліст такой вырабленай саматугам паперы. Нічога сабе. Хоць і крыху шэрая, але на ёй нават пісаць можна.
Званок пасадзіў за парты. Першакласнікі раптам дружна падняліся і хорам прачыталі моўнік пра тое, што перапынак скончыўся і трэба вучыцца.
— А зараз, — сказала настаўніца, — вы павінны будзеце намаляваць сваіх сяброў. Не падглядвайце, сябры ў кожнага розныя, гэта ваша маленькая таямніца.
І дзеці тут жа весела-захоплена, рупліва ўзяліся за працу. Малюнкі, вядома ж, у іх атрымаюцца шматколернымі і яркімі, такімі, якімі бачыць кожны з гэтых сямігадовых мастакоў жыццё.
А настаўніца тым часам у кожным з іх імкнецца ўбачыць асобу. Гэта яе педагагічнае крэда. Трыццаць пяць гадоў у школе. Адно працоўнае месца. Як прыехала сюды з Віцебска пасля педінстытута, так і засталася. Дзіўнае пастаянства, адданасць прафесіі і разам з тым здзіўляючая дынаміка. Чалавек у няспынным творчым развіцці. Для яе школа па-сапраўднаму стала домам, без яе свайго жыцця не ўяўляе. Муж таксама па яе прыкладзе з рабочага пайшоў у педагогі. На жаль, заўчасна аўдавела. Толькі пасля гэтага стала большай прыхільніцай сямейных каштоўнасцяў. Як-ніяк, у яе ўжо трое ўнукаў. Ды хіба аддзеліш школу ад сям’і, калі ў яе і дачка настаўнічае, і сястра. Дванаццаць педагогаў у радні. Адны размовы — пра школу. А поруч працуе яе калега Наталля Дзямко — колішняя вучаніца Наташа Памалейка, для якой і ў той час, і зараз яна была і ёсць непахісным аўтарытэтам. Больш за дзясятак яе вучняў самі сталі педагогамі.
Аўтарытэт настаўніка не вымяраецца матэрыяльнымі крытэрыямі, бо гэта катэгорыя духоўная, як і талент сапраўднага педагога. У Людмілы Міснік няма любімых і нелюбімых вучняў. У яе ёсць любімая справа, якая стала прызваннем на ўсё жыццё.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Людміла Міснік.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>