Татаў прыклад для юных лепяльчан

 507Старшы інспектар групы міліцыі, ваенізаванай і вартавой аховы Лепельскага аддзела Дэпартамента аховы Сяргей Пракоф’еў пра сябе распавядаць не любіць. Аднак калі размова пайшла пра сям’ю, на твары зазіхацела ўсмешка.

Усё жыццё Сяргея цесна звязана з лепельскай зямлёй. Пасля заканчэння ­адзінаццаці класаў СШ №1 паступіў на факультэт аздараўленчай фізічнай культуры ў БДУФК. На чацвёртым курсе прыехаў да бацькоў, выбраўся падвячоркам на дыскатэку ў гарадскі парк. Прыглянулася хлопцу прыгожая Святлана, якая сціпла стаяла ў куточку. Не разгубіў­ся, запрасіў на танец. Праз паўтара года пажаніліся.

Пасля ўніверсітэта ўладкаваўся настаўнікам фізкультуры ў СШ №4,  потым перайшоў у Забароўскую школу.

— Работа з дзецьмі падабалася, — успамінае Сяргей Аляксандравіч, — аднак з цягам часу навучальныя гадзіны скарацілі. Рубам паўстала фінансавае пытанне. Трэба было карміць сям’ю, тым больш у 2006 годзе нарадзіўся першынец — сын Ваня.

Перайшоў у аддзел Дэпартамента аховы. Удумлівы, адказны малады чалавек вельмі хутка стаў сваім у калектыве. Спачатку працаваў міліцыянерам групы затрымання, потым — міліцыянерам-кінолагам. Зараз — старшы інспектар. Работа нялёгкая, таму і затрымліваецца дапазна. Жонка працуе цырульнікам у ЧТВП “СтафЭдэм”, прыходзіць дадому таксама ўвечары. А дома чакае Ваня і маленькі Дзяніс, якому тры гады.

— У нашай сям’і пануе ўзаемадапамога. Бывае, вяртаемся з працы а дзявятай-дзясятай гадзіне. Аднак заўсёды спакойныя, ведаем што дзеці будуць дагледжаныя і накормленыя — бацькі дапамогуць, — кажа Сяргей.

 Ваня і Дзяніс упадабалі маляванне. Нічога дзіўнага, маміны гены. Святлана закончыла школу мастацтваў і малюе ў вольную часіну. На кухні малыя таксама добрыя памочнікі. І бульбіну пачысцяць, і гародніну на салату парэжуць. Падабаецца ім гуляць у канструктар “Лега”, лепяць фігуркі воінаў і ваенную тэхніку. Іван — вучань чацвёртага класа гімназіі, займаецца дзюдо. Дзяніс ходзіць у дзіцячы сад №4.

— Калі выпадаюць выхадныя, праводзім іх разам. Любім веласіпедныя прагулкі і пехатою. Улетку выбіраемся на возера, па грыбы. Наведваем гарадскі парк пад час Дня Перамогі, Дня горада і іншых святаў. Праблему камп’ютара вырашаем проста. Дзеці сядзяць за ім гадзіну ў дзень у якасці заахвочвання.

…Калі Сяргей збіраецца на працу, Дзяніс прымярае яго афіцэрскае адзенне. Пакуль мундзір вялікі, аднак гэта пакуль. “Я таксама хачу быць як ты, тата”, — гаворыць хлопец.

На здымку: дружная сям’я Пракоф’евых.

Яўген МУДРЫ.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>