Свята з пахам хлебнай скарынкі
Абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2019” сёлета праходзіў у адным з найпрыгажэйшых куточкаў Віцебшчыны — горадзе Браславе. У святочны дзень Браслаў стаў сапраўднай культурнай сталіцай, дзе ў адзіным гімне зліліся пранікнёныя словы віншаванняў у адрас перадавых хлебаробаў, цудоўныя песні, харэаграфічныя замалёўкі і, вядома ж, шчодрыя пачастункі.
Немагчыма было прайсці міма шчодрых падвор’яў шэрага арганізацый і прадпрыемстваў Віцебскай вобласці. Радавалі вочы прахожых арыгінальныя пано, цудоўныя кампазіцыі з кветак, садавіны і гародніны. Цёпла сустракалі гасцей і прапаноўвалі пакаштаваць свежаспечаныя пірагі, тарты і булачкі ўмелыя працаўніцы ААТ “Віцебскхлебпрам”, шчыра запрашалі пакупнікоў да багатых гандлёвых радоў спецыялісты ААТ “Віцебскае малако”, “Пастаўскія сыры”, Докшыцкага хлебазавода і многіх іншых прадпрыемстваў.
Са сцэны, з усіх бакоў упрыгожанай складзенымі снапамі жыта, багатымі караваямі, гучалі шчырыя словы віншаванняў у адрас лепшых хлебаробаў Віцебшчыны — перадавых камбайнераў, механізатараў, вадзіцеляў, якія сваёй штодзённай бездакорнай працай сабралі багаты ўраджай і стварылі вялікі каравай Віцебшчыны.
Святлана ВАЗНЯК.
На здымках: яркія моманты абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2019”.