Страницы истории Терешкинского лесничества

cyareshkinskae-lyasnictva-1983-gТэрыторыя Бярэзінскага біясфернага запаведніка падзеленая на шэраг лясніцтваў. Больш за пяць дзесяцігоддзяў у яго складзе функцыянуе Цярэшкінскае лясніцтва, з багатай гісторыяй, якая цесна пераплялася з лёсамі тых людзей, хто аддаў працы ў лесе шмат гадоў. Менавіта дзякуючы іх успамінам і краязнаўчым крыніцам стала магчымым аднавіць старонкі гісторыі лясніцтва.

У сакавіку 1965 года землі калгаса імя Варашылава з цэнтрам у вёсцы Цярэшкі былі перададзены ў склад Вялікарэцкага лясніцтва Бярэзінскага дзяржаўнага запаведніка. Адной з прычын, па якой калгасныя землі сталі ўласнасцю запаведніка, з’яўляецца іх дрэнная ўрадлівасць. Было прынята рашэнне на калгасных палетках пасадзіць лес. Яшчэ цяпер у навакольным з Цярэшкамі лясным масіве добра бачны роўныя, як пад лінейку пасаджаныя, шэрагі соснаў.

У той час ляснічым Вялікарэцкага лясніцтва быў Генадзь Сурто,  ураджэнец Магілёўскай вобласці. Паля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума ён быў накіраваны ў запаведнік. Спачатку працаваў тэхнікам-лесаводам, а потым узначаліў лясніцтва. Генадзю Сурто давялося займацца лесаўпарадкаваннем былых калгасных угоддзяў. Ён разам з сям’ёй жыў на хутары Навіна, за два кіламетры ад вёскі Пастрэжжа. Да Цярэшак прыходзілася пераадольваць больш за дзесяць кіламетраў. У аддаленыя куткі падуладных яму кварталаў зімой дабіраўся ў конскім вазку,  запрэжаным у сані, у  астатні час –  на матацыкле.

Адным з леснікоў, якія пасля рэарганізацыі калгаса падаліся на працу ў запаведнік, быў колішні калгасны старшыня Міхаіл Пшонка. Ва ўсіх пачынаннях ён быў надзейнай апорай для ляснічага, бо ніхто так не ведаў навакольныя лясы, як Міхаіл Данілавіч.

У жніўні 1965 года памочнікам Вялікарэцкага лясніцтва прызначылі Станіслава Блажэвіча, ураджэнца Пастрэжжа. У штаце лясніцтва было дзевяць леснікоў: Міхаіл Белы, Канстанцін Белы, Антон Блажэвіч, Пётр Дзівін, Мікалай Думны, Фёдар Касач, Міхаіл Пшонка, Міхаіл Рамановіч, Павел Хацкевіч. Былі створаны лесарубныя брыгады. Да сезонных работ, напрыклад, для пасадкі лесу, прыцягвалі жанчын, у тым ліку і з Цярэшак.

10 красавіка  1967 года ляснічым Вялікарэцкага лясніцтва прызначылі Станіслава Блажэвіча. У 1968 годзе Вялікарэцкае лясніцтва было рэарганізавана. Большая частка яго земляў увайшла ў склад утворанага Цярэшкінскага лясніцтва. З 1 жніўня 1968 года лясніцтва ўзначаліў Станіслаў Блажэвіч.

У Цярэшках пад кантору прыстасавалі вялікую хату, якую перавезлі з Нешкава. Палову будыніны аддалі пад жыллё, дзе ў хуткім часе і пасяліўся ляснічы разам з сям’ёй. Адначасова вялося будаўніцтва  канторы ў Велеўшчыне, бо Цярэшкі былі залічаны ў разрад неперспектыўных вёсак. У 1971 годзе лясніцтва размясцілася ў новым  будынку.

Плошча лясніцтва склада 10998 га, налічвала 109 кварталаў, 12 абходаў, 3 лесатэхнічныя ўчасткі, 2 кардоны (Гурба, Нешкава), на яго тэрыторыі знаходзіліся дзве вёскі – Цярэшкі і Вострава, прымыкала вёска Стайск. Акрамя асноўнай лесаахоўнай дзейнасці ў лясніцтве нарыхтоўвалі журавіны, грыбы.

Станіслаў Блажэвіч узначальваў лясніцтва да 1976 года, пасля быў пераведзены на працу ў цэнтр запаведніка. Пасаду ляснічага заняў  Пётр Кавалёў. З 1978 па 1984 год памочнікам ляснічага працаваў Мікалай Лосеў, які пасля Кавалёва выконваў абавязкі ляснічага.

У 1984 годзе ляснічым прызначылі Пятра Дзівіна, які да гэтага часу кіраваў Бедзінскім лясніцтвам. Пасля рэарганізацыі лясніцтва Пётр Васільевіч працягваў працу ў запаведніку на розных пасадах. Калі аднавілі Цярэшкінскае лясніцтва, доўгі час займаў у ім  пасаду памочніка.

У канцы 1980-х гадоў Цярэшкінскае лясніцтва было рэарганізавана, яго землі перададзены ў склад памежных лясніцтваў. У 1991 годзе лясніцтва зноў было адноўлена. У 1999 годзе лясніцтва адзначыла чарговае наваселле ў новым дыхтоўным будынку, што паўстаў на ўскрайку Велеўшчыны. Былі ўзведзены таксама гаспадарчыя пабудовы.

У 2003 годзе штат лясніцтва складаўся з ляснічага, памочніка, двух майстраў лесу і дзесяці леснікоў. З тэхнічнага аснашчэння меліся трактар МТЗ, тры кані, дванаццаць веласіпедаў. У розныя гады ў лясніцтве працавалі леснікі Іван Матэльскі, а потым і яго сын Вялянцін, Пётр Ганчаронак, Фёдар Кунчэўскі, Міхаіл і Мікіта Садоўскія, Фелікс Квяцінскі, Станіслаў Пашкевіч. З 2000 па 2010 год лясніцтва ўзначальваў Уладзімір Грыбоўскі.

У цяперашні час калектыў лясніцтва на чале з Мікалаем Ігнаценкам працягвае справу не аднаго пакалення папярэднікаў, знаходзячыся на варце прыродных багаццяў.

Валерый Тухта

На здымку: Калектыў Цярэшкінскага лясніцтва. Злева направа: Мікалай Лосеў, Алег Александроў, Пётр Кавалёў, Фёдар Кунчэўскі, Ала Кавалёва, Іван Матэльскі. 1983 г.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>