«Снежный снайпер» в лепельском «Альбатросе»

dsc_0038vasilij-lyasotailya-yushkevichliza-misnik-zlata-kuzmenkova-sofya-pavec liza-misnikegor-kapitonov-i-nikita-ivanchenkoАдны дзеці канікулы праводзяць на канапе ды ля манітораў камп’ютараў, іншыя жывуць па распарадку нават  у час адпачынку ад школы.

Прыкладам здаровага і актыўнага ладу жыцця юных лепяльчанаў можа паслужыць аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем, які падчас зімовых канікулаў працаваў на базе ўстановы “Віцебская абласная СДЮШАР прафсаюзаў па веславанні на байдарках і каноэ “Альбатрос”, што знаходзіцца ў адным з самых маляўнічых месцаў нашага Лепеля.

На працягу шасці дзён 35 падлеткаў не толькі падтрымлівалі сябе ў добрай фізічнай форме, а і весела і насычана правялі гэты зімовы час. А працавалі са школьнікамі трэнеры Дзмітрый Юшкевіч, Аляксандр Аношка і Ілья Палонскі.

Збор дзяцей — а палове дзявятай раніцы. Некалькі важных спраў, такіх як тэрмаметрыя і інструктаж, — і ўсе разам арганізавана ішлі на сняданак. Пасля карыснай ежы і прагулкі на базу ў дзяцей праходзілі трэніровачныя заняткі, у залежнасці ад узросту — ад 90 да 135 хвілін. А пасля гэтага пачыналася самае цікавае — зімовыя забавы. Так, напрыклад, у адзін з дзён былі праведзены спаборніцтвы “А ну-ка, хлопчыкі” і “А ну-ка, дзяўчаты”, у якіх першыя змагаліся, хто больш падцягнецца, другія — хто больш за ўсіх падыме тулава. 13.30 — зноў прагулка да піцэрыі. Падвячорак дзеці ўжо атрымлівалі на базе: сокі, вафелькі, пячэнне і іншыя прысмакі.

Трэба сказаць і яшчэ пра адну карысць менавіта гэтага аздараўленчага лагера — у дзяцей не перарываецца вучэбна-трэніровачны працэс згодна з вучэбным планам. А як без трэніровак? У спартсменаў па вызначэнні не можа быць выхадных.

Такім чынам адбываецца і падрыхтоўка да сезона. Многія, напэўна, задумаюцца: да адкрыцця сезона яшчэ зусім далёка. Аднак у гэтай катэгорыі спартсменаў спаборніцтвы праходзяць не толькі на вадзе. Так, напрыклад, па агульнафізічнай падрыхтоўцы ўжо адбудуцца ў лютым.

Лагер наведвалі дзеці ад 10 да 16 гадоў. За гэтыя дні яны паспелі пахадзіць на лыжах, пабегаць крос, была і сілавая, падрыхтоўка. І што дзіўна, ніхто не казаў, “цяжка”, “не хачу”… Тут займаюцца тыя, хто вырашыў ісці па жыцці са спортам, хоць і часам бывае складана.

На лыжах у асноўным спартсмены хадзілі па прылеглай лесапаласе, далей ад ажыўленай дарогі. За размовамі не заўважалі, як пралятаў час — а ў выніку каля 5 кіламетраў на гэтым зімовым рыштунку “накручвалі”.

А як надарылася добрае надвор’е, адпачывальнікі гуртам паспяшылі зляпіць снежную бабу, пакатацца на санках, пагуляць у снежкі ды і проста зваліцца ў гурбу снегу.

Харчаваліся дзеці ў піцэрыі, дзе для іх рыхтаваліся збалансаваныя сняданкі і абеды. Усе трэнеры і юныя спартсмены адзінагалосна адзначылі гасціннасць работнікаў гэтай кропкі грамадскага харчавання, смачную ежу і ўтульнасць.

Здавалася б, дзеці проста прыйшлі падсілкавацца. Аднак, не. Арганізацыя харчавання ў лагеры, можна сказаць, дзякуючы персаналу кафэ была напрамую звязана са сталовым этыкетам. Для кожнага дзіцяці ў піцэрыі меліся нож і відэлец. Такім чынам, хто яшчэ не ўмеў, навучыліся правільна карыстацца сталовымі прыборамі.

Выконваліся ў лагеры і патрабаванні ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне. Забяспечваліся ўсе неабходныя меры бяспекі дзяцей. Кожны дзень праводзілася тэрмаметрыя навучэнцаў і даныя запісваліся ў табель. На базе ўстаноўлены антысептычныя і дэзінфікуючыя сродкі, усе трэнеры і тэхнічны персанал знаходзяцца ў сродках індывідуальнай бяспекі — масках і пальчатках.

Ягору Капітонаву 14 гадоў. Хлопец наведвае секцыю па веславанні на байдарках і каноэ ўжо 4 гады ў трэнера Іны Харкевіч: “У лагеры час праляцеў незаўважна, сумаваць не было калі. Не люблю сядзець на месцы. Выдатна, што кожны дзень былі розныя мерапрыемствы, гульні, заняткі. Засталося шмат уражанняў ад зімовых канікулаў, ёсць што распавесці школьным сябрам. Асабліва запомнілася, як рабілі крэпасць і абстрэльвалі адзін аднаго снежкамі”.

Спаборніцтва “Снежны снайпер”, трэба сказаць, спадабалася не толькі Ягору. Сутнасць яго ў тым, што ўсе дзеці былі падзелены на дзве каманды. У кожнай спачатку была задача зрабіць моцную крэпасць, за якой у любы момант можна схавацца. А пасля гэтага пачалася сапраўдная перастрэлка снежнымі снарадамі. У каго трапляе снежка, выбывае. Змагаліся да апошняга “воіна”. Шкада, снег, які лепіцца, быў толькі некалькі дзён, а так бы яшчэ паспаборнічалі. Ну ды зіма толькі пачалася…

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>