Што такое “французскі жгут”, ведаюць у Лепельскім дзяржпрафліцэі

299=0 Ёсць такая цікавая прафесія — “хадзіць на галаве”. А як жа інакш, калі ты цырульнік? “Ходзяць” дзяўчаты з дзяржпраф­ліцэя то з нажніцамі, то з машынкамі, то з плойкамі па галовах літаральна ўсіх жадаючых быць прыгожымі. У навучэнцаў — вытворчая практыка. Пагалоўна ўсе дзяўчаты разышліся ці раз’ехаліся па цырульнях Лепеля, ды і не толькі. Некаторыя практыкуюцца па месцы жыхарства — у Чашніках, Бягомлі. У самім жа ліцэі з групы засталося чалавек шэсць. Тут праходзяць іх першыя працоўныя будні — з ранку і да чатырох гадзін вечара.

Ахвочых зрабіць прычоску ў практыкантаў, скажам шчыра, не вельмі багата. Дзесьці зловяць ды ўгавораць якога першакурсніка, дзеці з трэцяй школы прыходзілі знаёміцца з ліцэем. Тут ужо дзяўчаты Карына Шыбаева, Крысціна Сысковіч не ўпусцілі шанца, самі выступілі ў ролі майстроў вытворчага навучання і з ахвотаю прадэманстравалі ўсё сваё прафесійнае майстэрства. Паабяцалі школьнікі прыйсці сюды і бліжэй да выпускнога, трэба ж прычапурыцца.

Дарэмна людзі страхуюць сваю галаву, не рызыкуючы падстаўляць яе пад эксперыменты практыкантаў. Прызнаюся, сам я неяк быў рызыкнуў — і нічога, спадабалася. Працуюць жа яны ад душы, не механічна, не на патоку, як гэта здараецца ў прафесійных майстэрнях.

Пакуль жа юным практыканткам Алесі Папко, Алёне Давыдавай, Алёне Мазго і іншым дзяўчатам даводзіцца часцей эксперыментаваць з уласнымі прычоскамі. Робяць яны гэта ахвотна, з не меншай ахвотаю распавядаюць мне тэорыю цырульніцкай справы.

Здзіўляюся шчыра. Ну адкуль мне ведаць, напрыклад, што такое карэ? А тое карэ — жаночая стрыжка, бывае, аказваецца, па доўгіх валасах, з адкрытай патыліцай і г.д. Таксама і каскад. А прычоскі жаночыя — французскі жгут, ружачка, ракушка. Пляценне кос, укладка на плойку, на бігудзі, халодная ўкладка — ды сам чорт заблудзіць у іх прыгожых жаночых шавялюрах!

Мне больш зразумелы мужчынскі асартымент. Стрыгуць пад бокс і паўбокс, пад канатку. Добра памятаю яшчэ з часін дзяцін­ства, калі ў модзе ў хлопцаў былі менавіта доўгія валасы, усе гэтыя цырульніцкія прыбамбасы. У васьмідзясятыя ў падлеткаў лічылася пад канатку стрыгчыся прэстыжна, а вось бокс ці паўбокс былі “ганебнымі” па прычыне надта кароткіх чубоў. Цяперашнія цінэйджары з гэтых нашых падлеткавых дзівацтваў толькі пасмяяліся б, бо амаль кожны з іх ходзіць стрыжаны ці зусім пад нуль, ці вожыкам. Чакай, вожык, аказваецца, у цырульнікаў паняцце канкрэтнае — кароткая мужчынская стрыжка з “пляцоўкай” на галаве, асабліва фірмова выглядае на жорсткіх валасах. А яшчэ ёсць і полька, і лесвічка…

Адным словам, “пагалоўны” лікбез наладзілі мне дзяўчаткі-практыканткі. А іх выкладчыкі Таццяна Леўкі­на і Ірына Хейлік згодна канстатавалі, што сёлета іх падапечныя асвойваюць прафесію цырульніка як ніколі ахвотна. Група з дваццаці пяці чалавек перайшла на трэці год навучання. Яны ўжо ўмеюць стрыгчы, фарбаваць, рабіць хімічныя завіўкі, укладкі, меліраванне. Спецпрадметы — матэрыялазнаўства, спецмалюнак, пластычную анатомію, санітарыю і гігіену, тэхналогію працы цырульніка — для іх выкладаюць Святлана Шантар і Таццяна Леўкіна. У дадатак цягам года вялося вытворчае навучанне. А з другога мая дзяўчаты пайшлі на двухмесячную вытворчую практыку. Як праві­ла, той з іх, які выбірае для далейшай працы менавіта прафесію цырульніка, сам знаходзіць сабе працоўнае месца. Калі не, дапаможа ліцэй. Вунь ужо ў Чашнікі бяруць дзвюх дзяўчат. Летась дзяўчына ўладкавалася на працу ў Мінску. Некалькі чалавек будуць паступаць вучыцца далей па выбранай спецыяльнасці ў Віцебскі індустрыяльна-педагагічны каледж. Дарэчы, выкладчыкі і самі заканчвалі гэты каледж, і вось — на педагагічнай працы.

На здымку: Алеся Папко і Алёна Давыдава практыкуюць новую прычоску на манекене.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>