На Лепельщине считают, что сельское хозяйство и животноводство должны идти рядом

img_9287Напярэдадні прафесійнага свята працаўнікоў вёскі гутарым з начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Наталляй Мончык.

– Наталля Эрыкасаўна, каляндарны год яшчэ не скончыўся, але некаторыя вынікі гаспадарання ў сельгасвытворчасці ўжо можна падвесці?
– Так, за 10 месяцаў бягучага года тэмп росту валавой прадукцыі склаў 101,4 працэнта адносна адпаведнага перыяду мінулага года. Як бачна, рост, хоць і невялікі, але ўсё ж ёсць. Адбыўся ён за кошт значнага прыросту флагманаў сельгасвытворчасці раёна, у першую чаргу СВФ «Заазер’е» ААТ «Віцебскі мясакамбінат», УП «Пражэктар-Агра» і ААТ «Чарэйшчына». Добрых вынікаў удалося дасягнуць і сельгаспрадпрыемству прыватнай формы ўласнасці – філіялу «Баброва-Агра».
– Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра галіны сельскай гаспадаркі. Прапаную пачаць з малочнай жывёлагадоўлі, бо вытворчасць малака – асноўная крыніца грашовай выручкі для сельгасвытворцаў.
– У жывёлагадоўлі, у адрозненне ад раслінаводства, вытворчы год яшчэ не скончыўся, таму вынікі тут, можна сказаць, прамежкавыя. За 10 месяцаў бягучага года сельгасарганізацыямі раёна атрымана 22,6 тысячы тон малака. Сярэдні надой на карову склаў 3851 кілаграм. Натуральна, да канца каляндарнага года гэтыя паказчыкі ў адпаведнай ступені павялічацца.
Трэба звярнуць увагу, што жывёлагадоўля – гэта не толькі малако. Грашовая выручка атрымліваецца яшчэ і пры вытворчасці мяса. Усяго з пачатку года сельгасарганізацыямі было выраблена 11 тысяч тон мяса. Калі ўлічыць, што ў раёне пражываюць каля 33 тысяч чалавек, то атрымліваецца, што на кожнага жыхара прыходзіцца каля 300 кілаграмаў мяса.
Самы значны прырост атрыманы ў вытворчасці мяса буйной рагатай жывёлы – 10 працэнтаў. Гэта ў асноўным адкорм бычкоў і выбракоўка кароў, якія па тых ці іншых прычынах ужо не могуць даваць малако ў належных аб’ёмах і адпаведнай якасці. Другім радком ідзе прырост вытворчасці мяса птушкі – плюс 6,4 працэнта. Гэтым відам дзейнасці займаецца комплекс філіяла «Дражна» ТАА «Вітконпрадукт». Адных з самых высокіх паказчыкаў дасягаюць майстры свінагадоўлі комлексаў «Дражна» і «Баброва». У сярэднім прывагі свіней тут дасягаюць 905 грамаў за суткі. Аднак ёсць і рэкардсмены, як Таццяна Гогалева, пад доглядам якой свінні штодня прыбаўляюць па кілаграму і больш.
– Аснова поспехаў жывёлагадоўлі заключаецца ў трывалай кармавой базе. Як сёлета ідуць справы ў сельгасвытворцаў Лепельшчыны ў гэтым накірунку?
– Пра даглядчыкаў курэй і свіней размову весці не будзем – кармамі іх забяспечвае філіял «Лепельскі» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт». Тут у многім вядзецца праца на прывазной, часта імпартнай, сыравіне: збожжы, соевых бабах і іншых інгрыдыентах. На палетках Лепельшчыны вырошчваецца корм для буйной рагатай жывёлы: кароў, цялушак і бычкоў. Сельгасвытворцы сёлета нарыхтавалі толькі травяных кармоў па 28,7 цэнтнера на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы, што на 2,9 цэнтнера больш, чым летась. А калі яшчэ дадаць камбікармы, муку, атрыманую з вырашчанага збожжа, будзе яшчэ больш значная лічба. Пры тым, што для паспяховага перазімоўвання дастаткова каля 24-25 цэнтнераў кармавых адзінак. Пытанні толькі час ад часу могуць узнікаць да якасці корму, які выдаецца жывёле. Станоўчы вынік ёсць там, дзе самі работнікі з усёй адказнасцю ставяцца да справы, дзе спецыялісты наладзілі належны кантроль за выкананнем тэхналагічнага працэсу. У якасці прыкладу можна прывесці малочную ферму УП «Пражэктар-Агра» ў Велеўшчыне. Памяшканне фермы адносна невялікае, не аснашчанае паводле апошняга слова тэхнікі, але некаторыя даяркі там ужо маюць больш за 4 тысячы кілаграмаў малака ад каровы з пачатку года.
– Калі развіваць тэму раслінаводства, можна сказаць, што год сёлета выдаўся даволі ўдалы. Я шмат разоў выязджаў на палеткі, бачыў, як шчыравалі земляробы, як іх за самаадданую працу аддзячвала зямля…
– Пачнём з лічбаў. Сельгасарганізацыямі раёна сёлета намалочана 35,5 тысячы тон збожжа, што на 12,1 працэнта больш за леташні паказчык. Ураджайнасць склала 28,2 цэнтнера з гектара. Заўважу: у свірнавой вазе. Гэта значыць, што ўлічваецца збожжа, ужо высушанае ад залішняй вільгаці і ачышчанае ад зёлак і іншага смецця. Адным з першых у вобласці наш раён выканаў абавязковыя дзяржаўныя пастаўкі. У вытворчасці збожжа безумоўным лідарам з’яўляецца СВФ «Заазер’е» ААТ «Віцебскі мясакамбінат». Яго земляробы апрацоўваюць амаль палову ворыўнага кліна. Амаль палова валавога намалоту таксама атрымана працавітымі рукамі работнікаў «Заазер’я».
Ва ўборачнай кампаніі сёлета ўдзельнічалі 38 экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў. З іх 9 пераадолелі сімвалічную планку ў тысячу тон, 2 экіпажы філіяла «Баброва-­Агра» намалацілі па 3 тысячы, а экіпаж Леаніда Аляксеенкі і Сяргея Калбасава толькі збожжа намалаціў больш за 4 тысячы тон, а потым жа быў яшчэ і рапс.
Дарэчы, рапс з’яўляецца адной з найбольш выгадных культур. Вядома, пры правільных падыходах у яго вырошчванні і пры дакладным выкананні тэхналогіі. Сёлета на Лепельшчыне намалочана 3,2 тысячы тон рапсу пры сярэдняй ураджайнасці ў 11,6 цэнтнера з гектара. Няблага пашчыравалі бульбаводы ААТ «Чарэйшчына» і ДСГУ «Лепельская сортавыпрабавальная станцыя».
З вынікамі працы нашых сельгасвытворцаў жыхары раёна маглі пазнаёміцца на раённым кірмашы. Там можна было набыць усё, акрамя хіба свежага малака. Хаця, малако можна было набыць у фірменным магазіне філіяла «Лепельскі МКК».
– Калі глядзець у будучыню, якія бачацца перспектывы сельгасвытворчасці?
– Хаця вельмі высокіх вынікаў не прадбачыцца, але ўсё ж такі мы накіраваны на планамерную, паслядоўную працу. Так, ужо засеяны больш за 7 тысяч гектараў азімых культур – гэта надзейны задзел на ўраджай будучага года. Надвор’е дазваляе працягваць ворыва глебы, гэта ўжо значная дапамога ў правядзенні веснавой пасяўной кампаніі. Праўда, апошні від работы стрымліваецца істотным недахопам дызельнага паліва і змазачных матэрыялаў. Хаця і не ў ранейшых аб’ёмах, але ўсё ж такі праводзяцца работы па рамонце, рэканструкцыі жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў, а гэта ўжо ўкладанні ў асноўныя фонды. Пры гэтым важна зазначыць, што работы сельгасарганізацыі ў асноўным праводзяць за кошт уласных сродкаў. Як бы ні было цяжка, кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый і прадпрыемстваў імкнуцца знайсці грошы і падтрымліваюць аб’екты на належным узроўні.
З нагоды прафесійнага свята шчыра віншую ўсіх працаўнікоў палёў і фермаў! Жадаю ўсім моцнага здароўя, міру, дабрабыту ў сем’ях і каб наша праца прыносіла маральнае задавальненне і матэрыяльны дабрабыт. Са святам, паважаныя!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>