Сейчас в центре работают две дошкольные группы и один специальный класс

dscf4034Рэдкая ў яе прафесія — дэфектолаг. Дакладней, не настолькі рэдкая сама прафесія, колькі спецыфічны ўчастак работы, на якім Вольга Кавалёва знайшла прымяненне свайму багатаму педагагічнаму вопыту. А вопыт і сапраўды немалы — гадоў дваццаць педагагічнага стажу мае.
— Чаму вы абралі менавіта прафесію педагога? — пытаюся.
— А можна сказаць, за кампанію, дзяўчаты маладыя былі, пасля СШ №2 паехалі разам паступаць у педагагічны каледж імя Скарыны — вось і паступіла.
Пасля вучобы нейкі час працавала ў пачатковых класах у Чэрскай базавай школе, затым — выхавальнікам у сацыяльным прытулку. Завочна вучылася тым часам у Віцебску ва ўніверсітэце.
Цяперашняе яе месца працы і сапраўды спецыфічнае, патрабуе вытрымкі, пэўных навыкаў і немалога досведу. Вольга Дзмітрыеўна — педагог-дэфектолаг у цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
Зараз у цэнтры працуюць дзве дашкольныя групы і адзін спецыяльны клас. Акрамя таго, тут практыкуецца надомнае навучанне, а яшчэ аказваюць раннюю комплексную дапамогу дзецям да трох гадоў. У групах займаюцца адпаведна чатыры і пяць дзяцей, трое “надомнікаў” і столькі ж атрымліваюць комплексную дапамогу.
Вольга Дзмітрыеўна вядзе заняткі ў спецкласе, у яе сем вучняў.
— Колькі доўжацца заняткі і ў чым іх спецыфіка?
— Урок звычайны — сорак пяць хвілін, у першым класе — трыццаць пяць. А спецыфіка ў тым, што дзеці асаблівыя. І таму ніколі не ведаеш, як пойдзе ўрок, чым ён закончыцца і ці не закончыцца раней, чым патрэбна.
— Напэўна ж, ёсць спецыяльныя праграмы для заняткаў?
— Вядома. Заняткі вядзём на даступным узроўні, выкарыстоўваем гульнявую форму, манапулятыўныя дзеянні — перакладванне, сартыроўка і г.д. Да кожнага дзіцяці — строга індывідуальны падыход, бо розныя здольнасці і мажлівасці, аднаго вучыш сядзець, другога — чытаць, а трэці можа і пісаць навучыцца.
— Бывае, што задачы мяняюцца?
— Натуральна. Іншым разам прапаноўваеш дзіцяці адно, а ён табе прапаноўвае другое, і ніколі не ўгадаеш, што з гэтага атрымаецца.
— Дык ці варта гэта ўвогуле рабіць?
— У пераважнай большасці выпадкаў варта. Мы дапамагаем дзецям сацыялізавацца і разам з тым дапамагаем бацькам, бо аблягчаем іх цяжкі жыццёвы абавязак. Зрэшты, мы ўжо добра вывучылі сваіх дзяцей, ведаем, хто з іх на што здольны, і гэта спрашчае працу.
— Рыхтуецеся да Новага года?
— А як жа! Яшчэ загадзя, у сярэдзіне лістапада, пачалі рыхтавацца. Выразаем сняжынкі, робім іншыя ўпрыгожанні на ёлку. Разумееце, нашы дзеці хоць і спецыфічныя, хоць і з абмежаванымі магчымасцямі, але ж яны добрыя, ім таксама хочацца радасці, свята.
— А як свае дзеці — не раўнуюць да гэтых?
— Яны ўжо ў мяне дастаткова дарослыя. Віка ў адзінаццатым. А Ангеліна з Палінай хоць і меншыя, у першым класе, ды ўсё разумеюць.
— Ёлку дома стаўляеце?
— Як можна без яе! Дзецям патрэбна, асабліва малодшым, ды і бацька — чалавек лясной прафесіі, у лясгасе працуе. А стаўляем не ёлку, а сасну — яна даўжэй стаіць і на выгляд болей прэзентабельная — пышная, прыгожая. Абсалютна навагодні варыянт.
— А хто ўпрыгожвае?
— Мы з дзецьмі. Дапамагаюць кот Шэлдан і сабака Люсі.
— Якія цікавыя мянушкі! А вы рамантык! Не замінаюць такія чацвераногія памагатыя?
— Не, паводзяць сябе дастаткова талерантна.
— Пісалі дзеці пісьмы Дзеду Марозу?
— Не без гэтага.
— І чаго пажадалі?
— О, пажаданні ў іх каралеўскія: адной планшэт падавай, другой — мабільнік, трэцяй — гідраскутар. Багаты павінен быць Дзед Мароз.
— А чым здзівіце сям’ю за навагоднім сталом?
— Вось гэта задача. Справа ў тым, што ў наш час цяжка чымсьці здзівіць, чаго няма ў будні. Не катлетамі ж. Тым болей, што ва ўсіх індывідуальны густ.
— Чаго пажадаеце “пад ёлачку”?
— Каб старэйшая паступіла, куды пажадае, каб ніхто не хварэў і не было непрыемнасцяў.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Вольга Кавалёва.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>