Счастье объединило семь родных сердец

img_7266Гучаць пранікнёныя акорды марша Мендэльсона – і ў залу ўваходзіць шчаслівая пара. Наталля Дзмітрыеўна і Аляксей Васільевіч глядзяць адзін аднаго з асаблівай любоўю, цеплынёй, і нават не верыцца, што ў мінулым засталіся 25 год… На некаторы час юбіляры ўспомнілі сябе закаханымі жаніхом і нявестай, хвалюючыя хвіліны нараджэння сям’і… Быццам імклівыя птушкі, пранесліся гады. Аднак за 25 год шчаслівая сям’я Жарнасек стала яшчэ больш моцнай, а светлае і чыстае каханне, якое калісьці аб’яднала два сэрцы, бацькі дораць сваім пецярым дзеткам, зяцю і маленькай унучцы. У 2015 годзе Наталля была ўзнагароджана Ордэнам Маці.
img_7275Дружная шматдзетная сям’я жыве ў добраўпарадкаванай кватэры новага пяціпавярховага дома па вуліцы Максіма Горкага. Сям’я вялікая, але для кожнага тут хапае месца. Ва ўсіх пакоях створана асаб­лівая ўтульнасць.
…Бацькі расказваюць мне пра яркія будні сваёй сям’і, пра сваіх дзетак. З цікавасцю слухаю іх – і на некаторы час вяртаюся ў 1995 год, калі Наталля і Аляксей зарэгістравалі свой саюз.
– Калі мы стварылі сям’ю, мне было ўсяго 18 год, а Аляксею – 30, – расказвае жонка. Аднак розніца ва ўзросце ніякім чынам не паўплывала на нашы адносіны, а хутчэй наадварот – яшчэ больш аб’яднала нас. Я вельмі ўдзячная лёсу за тое, што сустрэла на сваім шляху цудоўнага чалавека, які заўсёды акружаў і мяне, і дзяцей асаблівым клопатам і ўвагай. Ва ўсім я адчуваю яго на­дзейную падтрымку.
Наталля – карэнная лепяльчанка, а Аляксей нара­дзіўся ў вёсцы Стаі. Будучыя муж і жонка былі знаёмыя з дзяцінства. Часта сустракаліся, сябравалі і тады нават не здагадваліся, што іх аб’яднае моцнае пачуццё. Наталля скончыла школу, набыла спецыяльнасць бібліятэкара-бібліёграфа ў Магілёўскім дзяржаўным бібліятэчным тэхнікуме імя А.С.Пушкіна, а Аляксей набыў спецыяльнасць гідрамеліяратара ў Лепельскім гідрамеліярацыйным тэхнікуме.
– Я з дзяцінства была прывучана да нялёгкай вясковай працы і смела бралася за любую работу – спраўлялася па гаспадарцы, шчыравала на агародзе, а муж увесь час мне ва ўсім дапамагаў, – расказвае Наталля. – Скончыўшы гідрамеліярацыйны тэхнікум, ён пэўны час працаваў у ПМК-24, а затым скончыў курсы машыністаў у Віцебску і ўладкаваўся машыністам кацельні ў Лепельскі філіял ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Аляксей Васільевіч – не толькі добрасумленны работнік на прадпрыемстве, а і майстар на ўсе рукі. Ён выдатны пячнік, муляр і плітачнік, умее выканаць любую справу. Папрацавалі ўмелыя рукі майстра і ў кватэры, дзе жыве шматдзетная сям’я. Немагчыма адвесці вачэй ад аздобленага памяшкання кухні, дзе на сценах і на падлозе пакладзена прыгожая плітка. Як і належыць сапраўднаму гаспадару, Аляксей Васільевіч клапоціцца пра матэрыяльнае забеспячэнне сям’і.
img_7291Жыццёвым жа прызваннем Наталлі Дзімтрыеўны стала мацярынства. Нягледзячы на тое, што хатніх клопатаў заўсёды хапае – трэба прыгатаваць смачны абед, прыбраць у доме, памыць адзенне, жанчына па жыцці не развітваецца з творчасцю, выдатна спявае. Любоў да песні ёй перадалася ад родных. Цудоўна спявалі і яе маці, і бабуля. Унікальны голас мела і свякроў.
Наталля Дзмітрыеўна не аднойчы выступала на сцэне ў час многіх святаў. Нікога з гледачоў не пакінула раўнадушным яе выступленне на XXV фестывалі маладзёжнай творчасці “Белыя Росы”, выступала жанчына і ў час святкавання Купалля на возеры Святое.
– Прызнацца шчыра, я ніколі не думала, што стану маці пецярых дзяцей. Вядома, гэта вялікая адказнасць, нямала клопатаў, але ўсе цяжкасці знікаюць, калі бачыш мілыя ўсмешкі сваіх дзетак, даведваешся пра іх поспехі. Менавіта гэта і з’яўляецца найвялікшым скарбам у жыцці, самай вялікай узнагародай.
Самая малодшая дачушка сям’і, Мілана, сёлета пайшла ў 1 клас гімназіі імя І.Ерашова. Мілана расце актыўнай, паслухмянай дзяўчынкай і ва ўсім бярэ прыклад у матулі і сваіх старэйшых сястрычак. Старэйшай, Дар’і, ужо споўнілася 24 гады. Дар’я добра вучылася ў школе, экстэрнам скончыла Лепельскую дзіцячую школу мастац­тваў па класе фартэпіяна. Дар’я стварыла сваю сям’ю, калі была студэнткай Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, але не спыніла вучобу і паспяхова скончыла ўстанову па спецыяльнасці “інжынер-хімік”. 31 жніўня яе маленькай дачушцы Лізачцы споўнілася 3 гады, а ў хуткім часе ў маладой сям’і народзіцца другое дзіця.
Можна толькі захапляцца жыццёвай энергіяй Анастасіі – другой дачушкі Наталлі Дзмітрыеўны і Аляксея Васільевіча. У свой час Анастасія навучылася іграць на акардэоне ў Лепельскай дзіцячай школе мастацтваў. Дзяўчынка заўсёды цудоўна спявала, не адзін год займалася ва ўзорнай эстраднай студыі “Святлана” раённага Дома культуры і ўдзельнічала ў шматлікіх творчых конкурсах, дзе займала прызавыя месцы. Да таго ж у школьныя гады Анастасія займалася веславаннем на байдарках і каноэ, атрымала II спартыўны разрад па байдарках. Дзяўчына захап­ляцца вышыўкай, бісерапляценнем і вяжа прыгожыя сурвэткі. Анастасія паспяхова скончыла гімназію імя І.Ерашова і сваё далейшае жыццё пажадала звязаць з медыцынай. Дзяўчынка атрымала спецыяльнасць фельчара-акушэра ў Полацкім медыцынскім каледжы і сёлета пачала свой працоўны шлях. Зараз Анастасія – загадчыца Чарэйшчынскага фельчарска-акушэрскага пункта. Трэцяя дачушка Таццяна сёлета пайшла ў 11 клас. Як і яе старэйшыя сястрычкі, Таццяна захапляецца рукадзеллем, а ў будучым жадае стаць поварам.
img_7304Уся сям’я ганарыцца спартыўнымі поспехамі
Мацвея. Хлопчык вучыцца ў 6 класе гімназіі і з задавальненнем займаецца ў секцыі па таэквандо ІТФ у трэнера Іны Паповай. Хлопчык ужо заняў шмат прызавых месцаў у прэстыжных спаборніц­твах. Акрамя таго, Мацвей актыўна займаецца разьбой па дрэве. Яго творы ўпрыгожваюць пакоі ўтульнай кватэры сям’і.
– Мы імкнёмся зра­біць усё магчымае дзеля таго, каб нашы дзеткі былі самыя шчаслівыя, – адзначае Наталля Дзмітрыеўна. – У нашай сям’і ніхто не сумуе. Разам з дзецьмі мы вельмі любім спяваць, танцаваць. У летні час мы сядаем на веласіпеды – і адпраўляемся працаваць на прыся­дзібны ўчастак ў Поўсвіж, ездзім у лес за грыбамі і ягадамі. Такім чынам нашы дзеці змалку ўмеюць працаваць, цэняць працу іншых і ўмеюць зарабляць уласныя грошы.
Дні нараджэння нашых дзетак, маленькай унучкі мы заўсёды адзначаем ярка і незабыўна, – кажа жанчына. – Для імянінніка заўсёды выпякаем смачны торт, рыхтуем шмат прыемных сюрпрызаў. Вельмі запомніўся сям’і Жарнасек і ўдзел у тэлевізійнай праграме “Ваша лато”. Ва ўсіх дзяцей, вядома, засталося шмат прыемных уражанняў, з вядучымі праграмы яны сфатаграфаваліся на памяць.
Ідзе ўрачыстая рэгістрацыя 25-годдзя сумеснага жыцця… Вось яны, непаўторныя, яркія і самыя дарагія імгненні! Моцнае каханне, якое дало пачатак маладой сям’і, стала яшчэ больш моцным, і шчасце памножылася ў сем разоў! Сямёра родных сэрцаў аб’яднана ў адно. І нішто не зможа азмрочыць шчырасці і цеплыні глыбокіх пачуццяў, бо моцнае каханне, павага і ўзаемаразуменне здольныя перамагчы любыя цяжкасці.
Наталля Дзмітрыеўна і Аляксей Васільевіч прымаюць цёплыя віншаванні ад сваіх дзетак, родных, сяброў.
– Будзьце заўсёды такімі ж маладымі, шчаслівымі, а вашы дзеткі няхай стануць дастойнымі прадаўжальнікамі цудоўных сямейных традыцый і высакародных спраў. Няхай у вашым доме не сціхае звонкі дзіцячы смех, а вочы родных свеццяцца ад шчасця! – шчыра жадаю юбілярам і адчуваю невыказную цеплыню, якая зыходзіць ад двух сэрцаў…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>