Сборы артиллеристов

img_8618На базе 191-й групы артылерыі 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады праводзяцца маштабныя зборы ваеннаслужачых запасу, у час якіх будуць ажыццяўляцца стрэльбы з установак «Град» штатнымі боепрыпасамі.

Пра асноўную задачу і адметнасць чарговых збораў вайскоўцаў запасу распавёў намеснік камандзіра збораў па ідэалагічнай рабоце капітан Максім Войцік:
– Падобныя мерапрыемствы на базе нашай 191-й групы артылерыі 19-й асобнай гвар­дзейскай механізаванай брыгады праводзяцца рэгулярна. Гэта адзін са спосабаў падтрымання высокага ўзроўню боегатоўнасці Узброеных Сіл Беларусі. Зборы, якія прахо­дзяць зараз, даволі маштабныя. На іх прызваны 175 ваеннаслужачых запасу, па штатах ваеннага часу разгорнуты рэактыўны артылерыйскі дывізіён. Салдаты і афіцэры абмун­дзіраваны, ім выдадзены штатная зброя і боепрыпасы.
Першачарговымі задачамі для ўдзельнікаў збораў стала зняцце тэхнікі з кансервацыі, яе тэхнічнае абслугоўванне і ў выпадку патрэбы – рамонт. Хаця амаль усе аўтамабілі былі выпушчаны яшчэ ў савецкія часы, яны вызначаюцца высокай якасцю і вялікім запасам трываласці.
Усе аўтамабілі, а іх у дывізіёне больш за 30, пасля абслугоўвання і рамонту сталі ў строй. Некаторы час вайскоўцы былі занятыя баявым зладжваннем, узгадвалі свае спецыяльнасці, адточвалі ўменне працаваць на апаратуры, а завяршэннем збораў стаў выезд на палігон пад Асіповічамі са стральбой штатнымі боепрыпасамі.
img_8627Перад выездам карэспандэнту ўдалося пагутарыць з некалькімі ўдзельнікамі збораў. Першым суразмоўцам стаў старшы лейтэнант запасу Мікалай Капусцін з Віцебска. Мужчына адслужыў тэрміновую вайсковую службу, скончыў Ваенную акадэмію і служыў у артылерыйскім дывізіёне Віцебскай мабільнай брыгады. Затым звольніўся ў запас і рэалізуе сябе ў грамадзянскім жыцці. Вось як хлопец характарызуе цяперашнія зборы:
– Паколькі ваенная служба засталася ў мінулым, сумую па такіх палявых выхадах. Таму, калі прыйшла павестка, падумаў: «А чаму б і не…”. І вось я тут. Толькі адрозненне ў тым, што ў мабільнай брыгадзе – класічная артылерыя, а тут – рэактыўныя ўстаноўкі «Град».
– У вашым падпарадкаванні былі розныя салдаты. З кім прасцей праходзіць службу?
– Адназначна прасцей служыць з ваеннаслужачымі запасу. Гэта мужчыны са сфарміраваным светапоглядам. Яны ўжо маюць працоўны, жыццёвы вопыт і ўсведамляюць сваю вялікую адказнасць. Калі трэба адрамантаваць аўтамабіль, «запаснікі» выканаюць гэту работу бездакорна.
Радавы Аляксандр Івашкевіч нарадзіўся ў вёсцы Зацякляссе, вырас у Стаях, а зараз жыве ў Лепелі. Яшчэ да праходжання тэрміновай службы па накіраванні ваенкамата атрымаў спецыяльнасць кіроўцы ў аўташколе ДТСААФ. Тэрміновую ваенную службу з 2015 па 2017 гады праходзіў у 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе, якая дыслакуецца ў Заслонаве. На ваенныя зборы Аляксандр быў прызваны ў якасці кіроўцы.
– Мая асноўная праца – кіроўца пагрузчыка філіяла «Лепельскі МКК» ААТ «Віцебскі мясакамбінат». І вось я зноў вярнуўся на ваенную службу, працую на машыне «Урал-4320». Машына хоць і 1989 года выпуску, мае вельмі добры тэхнічны стан. Спатрэбілася толькі памяняць паліўныя трубкі і перагледзець праводку. Аўтамабіль едзе выдатна.
Сяржант Дзмітрый Фралянкоў жыве ў Наваполацку, працуе на «Паліміры». Тэрміновую службу праходзіў у 191-й групе артылерыі топагеадэзістам, сюды ж і вярнуўся на зборы. А вось img_8647Павел Юрчанкоў з Оршы атрымліваў ваенныя веды ў час службы ў рэзерве ў Барысаве. На зборах ён – камандзір баявой машыны.
– Як сем’і адносяцца да вашай працяглай адсутнасці дома? Дзеці прасілі прывезці сувеніры з арміі?
– Родныя ставяцца да нашай службы з паразуменнем, – кажа Павел. – У маёй сям’і падрастаюць сыны: Андрэю – 7 гадоў, а Руслану – 3. Старэйшы вельмі любіць ляпіць з пластыліну, а малодшы яшчэ не вызначыўся з захапленнем. Мы з жонкай і дзецьмі рэгулярна размаўляем па тэлефоне, так што я заўсёды ў курсе сямейных спраў.
– А мы з жонкай хоць і разведзены, але захавалі сяброўскія адносіны, – працягвае Аляксандр Івашкевіч, – і асабліва з дачкой. Нават калі дачушка пачынае сваволіць, былая жонка тэлефануе мне, просіць паўплываць на яе. Малая мяне слухаецца. Зноў жа, дзякуючы мабільнай сувязі, падтрымліваю сувязь з сям’ёй.
– Што было самым цяжкім у плане прывыкання?
– Для мяне, напрыклад, самым цяжкім было прызвычаіцца да вайсковага абутку, «абнасіць» берцы, – адказвае Мікалай Капусцін. – Мне на гэта прыйшлося затраціць тыдзень. А вось харчаванне арганізавана на самым высокім узроўні, асабліва ў Бароўцы, у пункце пастаяннай дыслакацыі. За такі абед я б у сталовай у Віцебску заплаціў каля 8 руб­лёў. На палігоне, вядома, харчаванне не вельмі разнастайнае, але ўсё роўна каларыйнае.
– А мне абутак якраз падышоў, – заўважыў Аляксандр Івашкевіч.
– Хіба што прызвычаіцца да вайсковага рэжыму, – выказаўся Павел Гурчанкоў, – а ў астатнім – няма праблем.
Мужчыны ўзгадалі, што на зборах сустрэліся з саслужыўцамі, з якімі зводзілі гады ранейшай службы. Сябры пагутарылі, абмяняліся ўспамінамі пра былое і навінамі пра сваё цяперашняе жыццё.
– З сябрамі і паразуменне ў пытаннях армейскай службы знайсці прасцей, разумеем адзін аднаго з паўслова, – кажа Мікалай Капусцін.
У бліжэйшы час, пасля палігоннага выхаду, вайскоўцы запасу вернуцца дахаты, да сваіх родных і блізкіх. Аднак у іх застанецца яшчэ і новае сяброўства, загартаванае сумеснай службай.
Яшчэ больш фотаздымкаў можна пабачыць на нашым сайце lepel-kraj.by.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>