С первого декабря все легковые автомобили должны использовать зимние покрышки

1389650331_bg800_482705 З першага снежня ўсе легкавыя аўтамабілі павінны выкарыстоўваць зімовыя або ўсесезонныя пакрышкі — такое патрабаванне правілаў дарожнага руху. Аднак правілы правіламі, але першыя зазімкі ўжо зацерушылі вуліцы і дарогі сняжком, маразы пацягнулі лужыны лёдам — акуратныя і асцярожныя кіроўцы ўзяліся паглядаць у бок аўтасэрвісаў і шынамантажоў з мэтай перакаваць сваіх верных жалезных коней.

Так паступіў і аўтар гэтых радкоў, аб’ехаў шынамантаж “Падкова” на аўтавакзале, аўтасэрвіс “Пятае кола”, шынамантаж ІП Носіка ў гаражным кааператыве і аўтасэрвіс “ДорАвт”. Ва ўсіх шынамантажах зараз гарачыя дзянькі, майстры працуюць пастаянна. Да Аляксандра Шчарбакова ў “Падкову” пад’ехаў міні-грузавік, кіроўца просіць:
— Ці зможам пераабуць і адбалансаваць пару колаў?
— Наўрад ці. У мяне працы і заказаў — да позняга вечара.
— Дапамажыце. Мне хутка на Мінск ехаць, не хачу рызыкаваць. Я зараз сам здыму колы, вам застанецца толькі зманціраваць.
— Добра, давайце, зробім.
Майстар шынамантажу на “Пятым коле” Андрэй Аношка кажа, што з-за значнага аб’ёму працы толькі-толькі прысеў паабедаць. Людзі прыязджаюць і прыязджаюць.
— Аказваем увесь спектр паслуг, — кажа Андрэй Мікалаевіч. — Зняцце кола з машыны, дэмантаж старой пакрышкі, устаноўка новай, балансіроўка, устаноўка гатовага назад на машыну. Прыязджаюць мужчыны і жанчыны. Зімой і летам часта сядзелі без працы, а цяпер яе настолькі шмат, што дамаўляюцца загадзя.
Аўтамайстэрню ў гаражным кааператыве трымае індывідуальны прадпрымальнік Дзмітрый Носік. Там таксама загружанасць поўная, на момант прыходу карэспандэнта майстар займаўся балансіроўкай колаў для джыпа, як прыехаў наступны кліент і папрасіў зняць колы з летнімі пакрышкамі і паставіць з зімовымі. Аказваецца, мужчына ўжо загадзя падрыхтаваў цалкам гатовы другі камплект.
На аўтасэрвісе “ДорАвт” шынамантажом займаецца Мікалай Дорахаў. Ён распавёў наступнае:
— Працы зараз, у міжсезонне, хапае. Хаця, варта прызнаць, нашмат менш, чым у мінулыя гады. Па-першае, многія аўтамабілісты займелі па два поўныя камплекты пакрышак на дысках. Як правіла, летні камплект на літых, зімовы — на жалезных. Хаця ўсё часцей і для зімы набываюць літыя дыскі. Такім чынам, вадзіцелі прыязджаюць толькі для таго, каб адбалансаваць колы перад наступным сезонам.
— Навошта балансаваць?
— Балансіроўку колаў трэба праводзіць з пэўнай перыядычнасцю. Першую — адразу пры мантажы пакрышак на дыскі, другую — пасля 1000 — 1500 кіламетраў прабегу. І далей балансаваць іх прыблізна праз кожныя дзесяць тысяч км. У працэсе эксплуатацыі на пакрышках пакрысе сціраецца пратэктар, парушаецца балансаванне, якое праз пэўны час трэба аднаўляць. У сярэднім лепяльчане, жыхары вёсак на аўтамабілях за год праязджаюць ад 15 да 30 тысяч кіламетраў за год. Палову гэтага кіламетражу праязджаюць на “леце”, палову — на “зіме”. Вось і атрымліваецца прыблізны прабег ад балансіроўкі да балансіроўкі.
— А ці можна ставіць колы зусім неадбалансаваныя?
— Можна. Балансіроўка не абавязковая, а рэкамендаваная працэдура. Аднак паездкі на неадбалансаваных колах, як правіла, прыводзяць да павышаных нагрузак і хуткага зносу падшыпнікаў. А гэта ўжо зусім іншыя грошы.
Цэны на агледжаных аўтасэрвісах і шынамантажах на апісаныя работы прыблізна аднолькавыя. Так, балансіроўка пары колаў абыдзецца ў чатыры-пяць рублёў, поўны дэмантаж-мантаж аднаго кола — каля сямі рублёў. Падкрэслю, прыведзеныя цэны прыблізныя, але адрознівацца могуць нязначна.
Як правіла, галоўным крытэрыем у аўтааматараў пры выбары таго ці іншага аўтасэрвісу і нават майстра з’яўляецца іх рэпутацыя. І, у прынцыпе, большасць аўтаўладальнікаў за гады вызначыліся з выбарам і па традыцыі ездзяць на “свой” шынамантаж.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>