Роль артиллерии остается очень высокой

img_090428 снежня 1982 года Міністрам абароны СССР маршалам Савецкага Саюза Дзмітрыем Усцінавым быў падпісаны загад №314/1 аб фарміраванні 231-й артылерыйскай брыгады. Вайсковая часць уваходзіла ў склад сёмай танкавай арміі Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі і размяшчалася ў гарадку Бароўка Лепельскага раёна. Першым камандзірам стаў палкоўнік Аляксей Васільевіч Супрунчук. Ён і займаўся фарміраваннем брыгады: падбіраў афіцэраў згодна са штатам, прымаў тэхніку і ўзбраенне, выконваў шматлікія адміністрацыйныя і гаспадарчыя абавязкі.
З самага пачатку брыгада атрымала навейшыя на той час артылерыйскія сістэмы — самаходныя гарматы 2С5 і 2С3М. Задача іх — разбурэнне доўгачасовых, у тым ліку і бетонных умацаванняў, барацьба з браніраванымі цэлямі, у тым ліку і танкамі, паражэнне жывой сілы праціўніка. Хаця сістэмы і складаныя, аднак навучальны працэс быў адладжаны такім чынам, што салдаты за час службы надзейна асвойвалі свае спецыяльнасці.
Цяжкімі для 231-й брыгады, як і для ўсіх Узброеных сіл, сталі 1990-я гады. Распадалася вялікая дзяржава СССР, Рэспубліка Беларусь будавала свае Узброеныя Сілы. Пры гэтым расфарміроўваўся шэраг вайсковых часцей і злучэнняў. 231-я брыгада стала артылерыйскім палком скарочанага саставу. Ідэя такога тыпу вайсковых часцей заключаецца ў тым, што ў мірны час няма патрэбы трымаць вялікую колькасць войскаў у разгорнутых часцях. Дастаткова мець толькі касцяк — афіцэраў, прапаршчыкаў, некаторую колькасць салдатаў, каб патрымліваць пэўную ступень боегатоўнасці, навучаць маладое папаўненне вайсковым спецыяльнасцям. 231-ы артылерыйскі полк з гэтым паспяхова спраўляўся.
За наступныя дзесяцігоддзі вайсковая часць неаднаразова перафарміроўвалася, шукаючы аптымальную структуру і колькасць асабовага складу, састаў узбраенняў. На сёння ёй вярнулі ранейшую назву — 231-я артылерыйская брыгада. Яна ўваходзіць у склад паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. 19 лютага 2005 года брыгадзе ўручаны баявы сцяг новага ўзору.
Са снежня 2016 года брыгадай камандуе падпалкоўнік Аляксей Хахлоў:
— Да выканання абавязкаў камандзіра брыгады я прыступіў першага снежня. Прыняў зладжаны, спрацаваны баявы калектыў, з якім можна выконваць любыя задачы. І гэта было даказана неаднойчы. Толькі я прыступіў да камандавання — у студзені праводзіцца комплексная праверка часці. Вынік — цвёрдае “добра”. Далей — падрыхтоўка і правядзенне святкавання Дня рэспублікі, у святочным парадзе ў Мінску прымаюць удзел і нашы разлікі. Паралельна праходзіць шэраг вучэнняў, самым галоўным з якіх быў “Захад-2017” — зноў артылерысты 231-й брыгады на вышыні. У справе падтрымання баяздольнасці брыгады маімі першымі памочнікамі сталі начальнік штаба падпалкоўнік Якаў Арлоў, намеснік па баявой падрыхтоўцы маёр Сяргей Чаркасаў.
— Аляксей Міхайлавіч, чым яшчэ для брыгады адзначыўся мінулы год?
— Варта сказаць, што мінулы год склаўся ўдала. Мы падтрымліваем на стабільна высокім узроўні баявую вывучку, прафесійнае майстэрства. Гэта было прадэманстравана на вайсковых вучэннях, у тым ліку на апошніх стратэгічных “Захад-2017”, дзе брыгада атрымала цвёрдую адзнаку “добра”. Па іх выніках камандзір рэактыўнага дывізіёна падпалкоўнік Дзмітрый Дружынін стаў лепшым сярод калег ва ўсіх Узброеных Сілах Беларусі. Таксама быў адзначаны шэраг ваеннаслужачых брыгады. Дзеля ўмацавання традыцый баявога братэрства, з мэтай заахвочвання лепшых ваеннаслужачых рашэннем савета афіцэраў зацверджаны спецыяльны нагрудны знак 231-й артылерыйскай брыгады, які ўручаецца лепшым вайскоўцам за заслугі ў баявой падрыхтоўцы, высокія маральна-дзелавыя якасці.
img_0995— Вашай папярэдняй была пасада начальніка артылерыі ў мабільнай брыгадзе. Што змянілася пасля таго, як вы сталі самастойным камандзірам?
— Да пытанняў уласна баявой падрыхтоўкі дадаўся вялікі пласт адміністрацыйна-гаспадарчай працы: забеспячэнне харчаваннем, вопраткай і рэчамі, палівам. Распачалі капітальны рамонт сталовай, медыцынскага пункта, цеплатрасы. Добра, што ў мяне ў гэтай справе таксама добры памочнік — намеснік па тыле падпалкоўнік Аляксандр Лях. Вось так, сумеснымі намаганнямі, умацоўваем абароназдольнасць краіны, стаім на варце мірнага неба Беларусі, як бы пафасна гэта ні гучала.
Зыходзячы з прынцыпу тэрытарыяльнага камплектавання, у 231-й артылерыйскай брыгадзе ў асноўным на тэрміновую службу прызываюцца хлопцы з Віцебскай вобласці. Орша, Талачын, Браслаў, Глыбокае, Паставы, уласна Віцебск і Лепель — па назвах гарадоў і вёсак можна вывучаць геаграфію вобласці. У кожным прызыве ёсць салдаты, якія адзначаюцца асабліва. Напрыклад, Аляксандр Гуркоў з Віцебска. На службу хлопец быў прызваны ў маі. Паколькі да прызыву скончыў Смаленскі філіял Расійскага эканамічнага ўніверсітэта імя Пляханава, то служыць яму толькі год. Перад прызывам Аляксандру ў ваенным камісарыяце прапанавалі прайсці навучанне ў аўташколе ДТСААФ, атрымаць спецыяльнасць вадзіцеля. Хлопец пагадзіўся, тым больш, што на той час ужо меў пасведчанне катэгорыі “В” — на легкавыя аўтамашыны. Зараз ён служыць вадзіцелем КамАЗа. На вучэннях ён буксіруе гармату, часта яго прызначаюць у нарад у якасці дзяжурнага вадзіцеля. А нядаўна да Дня артылерыста Аляксандра ўдастоілі нагруднага знака 231-й артылерыйскай брыгады.
— За якія заслугі ўручылі ганаровы знак? — пытаюся.
— Не ведаю, проста служу, адказна стаўлюся да даручанай справы, — сціпла адказаў салдат.
У шэрагах брыгады годна нясуць службу і лепельскія прызыўнікі. У маі былі прызваны Аляксандр Крывец, Аляксей Палееў, Арцём Курбака, Сяргей Палетка і Мікіта Азаронак. З апошнім прызывам на службу прыйшлі Максім Кузьміч, Эрык Судак, Дзмітрый Залатуха і Максім Валаховіч. Хлопцы нядаўна прынялі вайсковую прысягу, зараз іх размеркавалі па падраздзяленнях, яны прыступілі да службы, асвойваюць баявую тэхніку.
А ў 231-й брыгадзе яна вельмі магутная. Разам з аднатыпнымі ствольнымі артылерыйскімі сістэмамі самаходнай 2С5 і буксіруемай “Мста-Б” ёсць дывізіён рэактыўных сістэм “Ураган”. Хоць уся баявая тэхніка яшчэ савецкай вытворчасці, аднак яна мае належныя догляд і абслугоўванне, усё падтрымліваецца ў баяздольным стане. І нават нягледзячы на насычэнне армій электроннай тэхнікай, роля артылерыі застаецца вельмі высокай. Гэта даказваецца вопытам узброеных канфліктаў, якія ўспыхваюць па ўсім свеце.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: ветэраны і дзеючы камандзір брыгады Аляксей Хахлоў (другі справа); вучні Бароўскай школы ў гасцях у артылерыстаў; урачысты сход.
Фота з архіва 231-й артылерыйскай брыгады.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>