Прошли Колядки по Лепельщине

 

dsc_0129
dsc_0040dsc_0043dsc_0057dsc_0066dsc_0086dsc_0101dsc_0087«З Калядамі вас, шаноўныя!» — такімі словамі прывіталі артысты лепяльчан, якія прыйшлі на плошчу Свабоды на свята па народным календары

 Спачатку чамусьці мне здавалася, што людзі не збяруцца, хоць і шмат знаёмых цікавіліся наконт мерапрыемства. На вуліцы зіма, ды яшчэ ў гэты дзень было крыху золка і ветрана.

Аднак а пятай гадзіне вечара невялікімі групкамі лепяльчане пачалі падыходзіць да сцэны ля раённага Дома культуры. Вясёлая, з запалам музыка, як магніт, прыцягвала гасцей і ўдзельнікаў свята.

Дадавала святочнага настрою і ілюмінацыя ў цэнтры горада. Плошча ў адно імгненне засвяцілася яркімі агнямі.

Як толькі вядучыя выйшлі на сцэну і пачалі віншаваць са святамі, усе пачалі падыходзіць яшчэ бліжэй, каб нічога не прапусціць.

…І закружыла, толькі не завіруха, а цікавая дзея артыстаў. Невялічкія сцэнкі змяняліся песнямі і наадварот, жартоўныя мініяцюры ўзнімалі настрой з кожнай хвілінай.

“Добры дзень!”, “Кум”, “А ў садзе рэчанька” і шмат іншых песень выканаў для лепяльчан народны ансамбль жартоўнай песні “Грымзолі” Лепельскага РДК. А галасы ў выканаўцаў звонкія, песні вясёлыя… Усе кампазіцыі вядомыя ў народзе, таму прысутныя падпявалі і не шкадавалі далоняў і ног. Здавалася, ногі самі прасіліся танцаваць.

А калі выйшаў народны фальклорны клуб “Кругаверць”, ды не на сцэну, а да гледачоў, стала зусім горача. Тыя, што разам з артыстамі пачалі танцаваць, паціху сталі расшпільваць гузікі на зімовым адзенні. Артысты правялі сапраўдны майстар-клас па традыцыйным танцам.

Адчуваецца, што ўсе члены клуба маюць добрыя зносіны паміж сабою, з вялікай любоўю, цікавасцю і павагай адносяцца да народнай спадчыны. Кіраўнік клуба Святлана Карабань умее не толькі аб’яднаць свой калектыў, але і зацікавіць гледачоў на свяце і зрабіць іх саміх актыўнымі ўдзельнікамі.

Члены гурта з задавальненнем вывучаюць традыцыі сваіх продкаў, падчас экспедыцый пераймаюць ад непасрэдных носьбітаў фальклору манеру спеваў, выкананне традыцыйных танцаў. Калектыў кожны год удзельнічае ў тэатралізаваных прадстаўленнях на святы народнага календара.

Праспявалі для лепяльчан таксама вядомыя ўсім выканаўцы раённага Дома культуры і педагогі дзіцячай школы мастацтваў. На кожным раённым свяце спевы мясцовых артыстаў карыстаюцца нязменным поспехам. І на гэты раз удзельнікі каляднай праграмы падарылі гледачам непаўторную сустрэчу з музычнымі творамі вядомых аўтараў. Кожнага з выступоўцаў лепяльчане сустракалі бурнымі апладысментамі. Вочы гледачоў на працягу ўсёй дзеі блішчалі ад захаплення. Менавіта мне падабалася не толькі слухаць музыку, але і назіраць за самой манерай выканання. Адчувалася, што кожны спяваў ад душы, прапускаючы сэнс слоў пра сваё сэрца, тым самым даваў энергетычны зарад слухачам.

Яшчэ доўга не разыходзіліся лепяльчане: адны фатаграфаваліся ля ёлкі, іншыя – ля прыгожых фігур. І калі дарослыя крыху сталі замярзаць, то дзеці марозу не баяліся. Яны з гоманам бегалі вакол навагодняй прыгажуні і адчувалі, што свята працягваецца…

Раней лічылася, што святкаванне Калядаў дапамагае гаспадарам атрымаць добры ўраджай, мець поспех у хатняй гаспадарцы, дабрабыт у доме і сям’і. Таму, упэўнена, і ў лепяльчан у гэтым годзе будзе ўсё добра, бо сабраліся разам з каляднай нагоды.

—У мяне душа радуецца за наш горад. Прыемна, што ў Лепелі існуюць традыцыі. Нават у гэты складаны эпідэміялагічны перыяд на плошчы сабраліся землякі. Бачна, што людзі прытрымліваюцца дыстанцыі, нават на свежым паветры, але гэта не перашкаджае паўдзельнічаць у Калядках. І для дзяцей гэтае свята — вялікая радасць, малыя пранікаюцца гісторыяй краю, звычаямі, зараджаюцца станоўчымі эмоцыямі, — падзялілася ўражаннямі Людміла Сенчанка, якая на свята прыехала да маці з Віцебска.

—У маладосці мы таксама заўсёды хадзілі на плошчу. Гонар бярэ за нашых артыстаў. Яны такія актыўныя, заўсёды імкнуцца чымсьці здзівіць і парадаваць жыхароў Лепеля. І на гэты раз змаглі захапіць любімымі ўсімі спевамі і танцамі — полькай ды вальсам. Прыемна, што ўдзельнікамі былі не толькі артысты, але і проста жыхары горада», — адзначыла Таццяна Азаронак.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>