Прием граждан Лепельского района провел помощник Президента Республики Беларусь

img_4473Значнай падзеяй для нашага раёна стаў прыезд памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектара па Віцебскай вобласці Анатоля Ліневіча, які ў райвыканкаме правёў прамую лінію і прыём грамадзян па асабістых пытаннях дыстанцыйна, па тэлефоне.
Паколькі пра прыезд Анатоля Канстанцінавіча на старонках раённай газеты “Лепельскі край” паведамлялася загадзя, многія жыхары раёна мелі магчымасць запісацца да яго на прыём і падзяліцца набалелымі пытаннямі.
Першай да памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад імя ўсіх жыхароў аграгарадка Вялікі Поўсвіж звярнулася Наталля Трунова:
— Справа ў тым, што жыхары аграгарадка не маюць магчымасці карыстацца чыстай пітной вадой. Забеспячэнне вадой вядзецца з вежы, адкуль ідзе вада і на базу мінеральных угнаенняў. Гэта вада тэхнічная і непрыдатная для піцця, прыгатавання ежы. Праблема непакоіць нас працяглы час.
Паколькі ў аграгарадку жыве шмат маладых сем’яў, нас хвалюе таксама пытанне адсутнасці педыятра. У аграгарадку працуе ўрачэбная амбулаторыя. Калі ж захварэла дзіця, даводзіцца выклікаць урача паліклінікі. Як правіла, чуем у адказ, што трэба звяртацца да спецыяліста па месцы жыхарства. Дапамажыце, калі ласка, нам вырашыць і гэту праблему.
Анатоль Канстанцінавіч адзначыў, што праблема забеспячэння чыстай пітной вадой аграгарадка Вялікі Поўсвіж узята на кантроль і абавязкова будзе вырашана. Пытанне работы педыятра, на думку прадстаўніка вышэйшай улады, магчыма вырашыць на мясцовым узроўні. Яно абавязкова будзе разгледжана сумесна з кіраўніцтвам установы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца”.
Са сваім набалелым пытаннем да памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь звярнуўся таксама індывідуальны прадпрымальнік Аркадзь Махоцін:
— Я з’яўляюся ўладальнікам пункта грамадскага харчавання, які размешчаны ў г. Лепелі, па вуліцы Савецкая, 1. З сакавіка бягучага года з мэтай прафілактыкі вострых рэспіраторных вірусных інфекцый забаронена наведванне месцаў масавага знаходжання людзей, работа кафэ абмежавана 19.00. У цяперашні час у нас не праводзяцца святкаванні розных урачыстасцей, кафэ не наведвае моладзь, як у ранейшы час. Паколькі няма прыбытку, узнікла праблема з выплатай заробку работнікам кафэ. Калі звярнуўся ў банк для атрымання крэдыту, мне адмовілі. Якім жа чынам мне магчыма аплаціць работу персаналу?
— Так, пытанне на сённяшні дзень сапраўды актуальнае, — пагадзіўся Анатоль Ліневіч. — Аднак не так даўно Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам было прынята рашэнне прадоўжыць работу ўстаноў грамадскага харчавання да 23 гадзін. Магчыма, гэта ў пэўнай ступені палепшыць ваша фінансавае становішча.
Аркадзь Махоцін шчыра падзякаваў Анатолю Ліневічу за прыемную навіну.
Сваім набалелым падзяліўся з памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Уладзімір Бародзіч:
— У свой час я працаваў інжынерам-цеплатэхнікам у таварыстве з абмежаванай адказнасцю “Радыял Трэйд”. З чэрвеня 2019 года мне не выплачваўся заробак. У студзені 2020 года я звольніўся. Для кампенсацыі грашовых сродкаў, якія мне не былі выплачаны прыватным прадпрыемствам, я звярнуўся ў суд. Рашэннем суда Лепельскага раёна з ТАА “Радыял Трэйд” былі спагнаны грашовыя сродкі на маю карысць. Выканаўчы дакумент у цяперашні час знаходзіцца ў аддзеле прымусовага выканання ўпраўлення прымусовага выканання Віцебскага аблвыканкама ў судовага выканаўцы С. В. Ткачэнкі. Аднак рэальнага выканання рашэння суда пакуль няма.
— Пытанне няпростае. Для яго вырашэння патрэбна задзейнічаць некалькі службаў і дэталёва вывучыць усе абставіны. Займемся гэтым і прымем усе магчымыя меры па вырашэнні праблемы, — запэўніў Анатоль Ліневіч Уладзіміра Бародзіча.
Звярнулася да памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь са сваім пытаннем і жыхарка аграгарадка Баброва Тамара Аўласенка:
— Я жыву ў доме, які непрыдатны для пражывання. З пытаннем прадастаўлення дома з належнымі ўмовамі пражывання я звярнулася ў службу “адно акно” райвыканкама, але вынік разгляду праблемы мне так і не вядомы.
Анатоль Ліневіч паабяцаў разгледзіць праблему ў бліжэйшы час.
Звярнуўся да прадстаўніка вышэйшай улады ў гэты дзень і жыхар г. Віцебска Уладзімір Філь:
— У свой час я быў дырэктарам таварыства з дадатковай адказнасцю “Вітспецмантаж”, якое ліквідавана ў 2016 годзе. У яго адносінах было ўзбуджана некалькі выканаўчых вытворчасцей, па адной з якіх спагнаннікам з’яўляецца “СтатусБанк”. Па патрабаванні гэтага банка за сакавік 2020 года былі ўтрыманы грашовыя сродкі з маёй працоўнай пенсіі ў памеры ста працэнтаў. Такім чынам, я не маю ніякіх сродкаў для пражывання.
Анатоль Ліневіч паабяцаў дэталёва разгледзіць узніклае пытанне.
— Мы з мужам ужо не першы год знаходзімся на пенсіі, — пачала свой зварот да памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валяніцна Барадзейка. — У СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” добрасумленна адпрацавалі не адзін год, толькі апошнім часам па прычыне хваробы муж працаваў у іншай арганізацыі. Калі ж мы звярнуліся да кіраўніцтва гаспадаркі для прадастаўлення транспарту для вывазу гною, камбайну для абмалоту збожжа, аказалася, што мы не маем права на зніжку пры аплаце паслуг. Як аказалася, зніжка ўстаноўлена калектыўным дагаворам гаспадаркі, і права на яе мы не маем, паколькі ні я, ні муж не з’яўляемся пенсіянерамі СВФ “Заазер’е”. Вельмі крыўдна за такія адносіны да людзей.
— Абяцаю, што мы падрабязна разгледзім гэта пытанне і пастараемся вам дапамагчы, — запэўніў жанчыну Анатоль Ліневіч.
Усяго за дапамогай да памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь звярнулася дзевяць грамадзян. Кожнае з пытанняў было дэталёва прааналізавана і ўзята на кантроль.
Святлана ВАЗНЯК.
Працяг матэрыялу чытайце, калі ласка, у наступным нумары раённай газеты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>