Правду говорят: “Не спеши хвалиться сам, подожди, что о тебе скажут люди”

img_8769 Праўду кажуць: “Не спяшайся хваліцца сам, пачакай, што пра цябе скажуць людзі”. Вось сустрэліся мы з Арцёмам Красновым і грунтоўна так, доўга гутарылі. Так і не разгледзеў яго “стрыжня”, не зразумеў, чым жа ён своеасаблівы, чым адрозніваецца ад тых дзясяткаў, ды што там — соцень падлеткаў і маладых людзей, што бегаюць па паверхах нашага каледжа. Збоку зірнеш — цэлая лавіна моладзі, а трэба прыгледзецца пільней, каб здолець у кожным убачыць індывідуальнасць.
“Вось жа і ты, Арцём, мабыць, такі, як і ўсе”, — думаў я, слухаючы яго не надта каларытны расповед. Пра сябе хлопец расказваў сціпла. Вучыцца на другім курсе на механіка. Сам з Домжарыцаў. Там хадзіў у музычную школу, асвоіў баян, ігралі ў ансамблі, нават выступалі не толькі дома і ў Лепелі, але і ў Полацку, і ў Віцебску. Але ж гэта было даўно, можа, класе ў пятым-сёмым.
— Шэсць чалавек нас было.
— А што ігралі, хто вамі кіраваў?
— Кіравала дырэктар музычнай школы Марыя Несан. Ігралі класіку…
— Няўжо Баха, Бетховена, Моцарта?
— Ну не ведаю. Памятаю, Іў Мантан “Пад небам Парыжа”… Я ў той час нават марыў пайсці ў музычнае вучылішча і ездзіў на курсы…
Але пасля дзявятага Арцём раптам “збег” ад музыкі да тэхнікі. Перамог яго другі, тэхнічны, пачатак. Паступіў у каледж на механіка. Праўда, ад сябе не збяжыш — і ў каледжы ён сустрэўся з песняй…
— Як гэта здарылася?
— Як здарылася? — задуменна паўтарыў хлопец. Было бачна, што яму вельмі прыемны гэты ўспамін. — Аднойчы мы выступалі ў інтэрнаце. І сядзелі ў журы дзве экстравагантныя жанчыны Таццяна Гольдзіна і Ганна Шаркоўская. І калі я выступіў, яны ўсклікнулі: “Ты — наш! Малайчына!”
Так пачалося яго новае сцэнічнае жыццё — каледжаўскае. І ўжо без яго ўдзелу тут праходзіць мала якая сцэнічная імпрэза. Арцём спявае. Рэпертуар розны, голас выдатны.
— А што найбольш запомнілася?
— Ды, вядома ж, “Аграрная вясна”.
— Пра гэтую самую “вясну” расказвае ледзь не кожны каледжаўскі актывіст.
— Разумееце, гэта не проста фестываль — гэта сваё жыццё. Мора пазітыву. Здаровая канкурэнцыя. Але сэнс не толькі ў тым, што мы едзем перамагаць. Можа, і не столькі перамагаць, мы туды раскрывацца едзем, самаўдасканальвацца, станавіцца на ногі.
Так, сказаў то ён прыгожа, але я так і не зразумеў тады. Можа, таму што сам ніколі не быў на той “вясне”.
Дый нездарма кажуць: “Не спяшайся хваліцца сам, пачакай, пакуль пра цябе скажуць іншыя”.
Якраз іншыя мне і расказалі пра Арцёмаў “стрыжань”. Хлопец вясковы, але не з тых, пра каго скажуць грэбліва, маўляў, “плужок”. Арцёмава вясковасць праяўляецца ў яго шчодрасці і чалавечай прастаце, даступнасці. Нос не задзірае. Хаця мог бы, паглядвае ж часта на іншых з вышыні сцэны. Не, гэты вунь пры нагодзе і салам вясковым пачастуе. Спатрэбіўся на “Аграрнай вясне” маленькі веласіпед — Арцём тут жа звінціў яго з таго, што было пад рукамі. Залатыя рукі! Што яму звінціць веласіпед, ён ужо матацыкл сабраў і толькі чакае, калі нарэшце атрымае правы.
Дарма прыбядняўся…
— Дома, пэўна, і косіш, і арэш, і дровы сячэш?
— Навошта? Косіць карове і арэ бацька на трактары, ён сам і механічную сякеру зрабіў. Вось у каго рукі залатыя.
Бацька для Арцёма — прыклад. І сам ён расце дамавітым, да працы не лянівым — мужыком расце… Ну а ў астатнім, вядома ж, такі, як і ўсе. Звычайны падлетак. Шчыра скажам, і спатыкаўся ў жыцці. Ды ці мала хто спатыкаецца! У шаснаццаць гадоў цяжка прабегчы роўненька, без памылак, па жыццёвай сцежачцы, надта ж заносіць на паваротах. Галоўнае, на памылках вучыцца, каб потым не наступаць на тыя ж самыя аграблі. Паплечнікі па сцэне, па вучобе, аднадумцы, сябры паважаюць Арцёма за дабрыню і шчырасць. А гэта добры паказчык.

Уладзімір МІХНО.
На здымку: Арцём Красноў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>