Прамыя тэлефонныя лініі раённага выканаўчага камітэта праходзяць кожную суботу з дзевяці да дванаццаці гадзін

Прамыя тэлефонныя лініі раённага выканаўчага камітэта праходзяць кожную суботу з дзевяці да дванаццаці гадзін. У ходзе іх фіксуюцца праблемы, якія турбуюць жыхароў горада і раёна, даюцца даручэнні адказным выканаўцам па іх вывучэнні і практычным вырашэнні, калі, зразумела, для гэтага маюцца фінансавыя магчымасці.
23 красавіка 2016 года шчыры дыялог з людзьмі вёў старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў. Лепяльчанін Аляксей Касцючэнка жыве на вуліцы Савецкая. Аляксей Іванавіч пацікавіўся, ці мае ён права на атрыманне сацыяльнага жылля як інвалід другой групы. Заяўніку было патлумачана, што права на жылыя памяшканні сацыяльнага карыстання маюць непрацуючыя адзінокія пенсіянеры, якія з’яўляюцца інвалідамі першай або другой групы. Для канкрэтнага разгляду сітуацыі Аляксею Касцючэнку было прапанавана звярнуцца ў аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.
Жыхарка шматкватэрніка №34 па вуліцы Інтэрнацыянальнай Валянціна Стажок заклапочана неабходнасцю выканання рамонтных работ у жылым доме. Валянціне Уладзіміраўне было паведамлена, што дом уключаны ў перспектыўны план капітальнага рамонту жыллёвага фонду на 2017 год. Па выніках абследавання тэхнічнага стану “казыркі” знаходзяцца ў здавальняючым стане, а паколькі жыхары дома адмовіліся заключаць дагаворы з ЛКУВП ЖКГ “Лепель” на ўборку пад’ездаў, усе гэтыя работы яны павінны выконваць самі.
Лепяльчане з вуліцы Аршанская з нецярпеннем чакаюць пракладкі цэнтральнага водаправода. Як аказалася, у цяперашні час “Праектна-архітэктурным бюро горада Лепеля і Лепельскага раёна” распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя па пракладцы тут цэнтральнага водаправода. Работы будуць выконвацца пры наяўнасці фінансавання.
Жыхары дома №87 па вуліцы Барысаўскі тракт звярнуліся наконт рамонту асфальтаванага пакрыцця дваровай тэрыторыі. Адрэагаваць на гэта было даручана ЛКУВП ЖКГ “Лепель”, якое паведаміла, што такі рамонт будзе выконвацца пры наяўнасці фінансавання.
Лепяльчане звярталіся і з просьбай патлумачыць, чаму кошт наведвання гарадской лазні дасягнуў 75 тысяч рублёў. Гэта пытанне было пераадрасавана ЛКУВП ЖКГ “Лепель”. Падрабязна аб гэтым патлумачыў дырэктар прадпрыемства Віктар Мозаў у інтэрв’ю, якое змешчана ў раённай газеце “Лепельскі край” за 3 мая 2016 года. Акрамя таго, Віктар Міхайлавіч паведаміў райвыканкаму, што з 17 сакавіка 2016 года цана на паслугі душавых была ўстаноўлена ў суме 50 тысяч рублёў, агульнага аддзялення гарадской лазні з парам — 75 тысяч рублёў, у той час як аналагічнымі прадпрыемствамі Рэспублікі Беларусь цана на паслугі лазняў была зменена ўжо ў студзені-лютым 2016 года і была павялічана да ўзроўню сабекошту. У некаторых прадпрыемствах тады былі ўстаноўлены цэны ў межах 130 — 200 тысяч рублёў, але затым зніжаны ў сярэднім на 40 працэнтаў. Менавіта аб гэтым ішла размова ў сродках масавай інфармацыі. Аднак ЛКУВП ЖКГ “Лепель” пакуль няма неабходнасці зніжаць цану, таму што першапачаткова яна не ўздымалася да ўзроўню сабекошту.
Пры новай цане на паслугі і змене рэжыму работы гарадской лазні страты зменшацца значна, аднак выйсці на станоўчую рэнтабельнасць пакуль не магчыма. У далейшым у гэтым накірунку будуць працаваць спецыялісты, якія вывучаць сітуацыю з загружанасцю гарадской лазні і на падставе зробленых канкрэтных высноў будуць прымаць адпаведныя цэнавыя рашэнні.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>